Выбрать главу

Дзеля гэтых самых прычынаў і ў разьвіцьці новай беларускай літаратурнай мовы Карскі адыграў практычна значна сьціплейшую ролю, як можна было-б спадзявацца. Хоць дысэртацыяй «Обзор звуков и форм белорусской речи» яшчэ ў 1885 годзе ён склаў навуковую граматыку сучаснае беларускае мовы, аднак-жа першыя практычныя граматыкі, адпаведную тэрміналёгію дый правапіс распрацавалі, апіраючыся на ягоных-жа ирацах, для новай літаратурнай мовы Тарашкевіч дый Лёсік.

Ведаючы «обшчэрускія» тэндэнцыі Карскага, ня прызналі яго аўтарытэту дый не паслухалі ягоных радаў у справе нэалягізмаў, правінцыялізмаў, аканьня, правапісу й беларускія пісьменьнікі. Эвалюцыя разьвіцьця беларускае літаратурнае мовы ішла на шляху, наканаваным ей гісторыяй беларускага нацыянальнага адраджэньня, а не ў кірунку жаданьняў, інструкцыяў дый прадбачваньняў Карскага.

Гэтак беларуская мова тысячаю сваіх самабытных зьяваў, зарэгістраваных і склясыфікаваных Карскім, дый ходам далейшага свайго натуральнага разьвіцьця, сама запярэчыла дый адкінула ўсе важнейшыя тэзы Карскага, зь якімі да яе вывучэньня ён прыступаў, а, гэтым самым, разбурыла тыя штучныя ўзводжаныя дыялектныя дый «обшчэрускія» загарадкі, у якія Карскі намагаўся яе замкнуць. Hi Карскі, ні іншыя падобнага настаўленьня моваведы, улучыць, ані ўтрымаць беларускую мову ў межы «нарэчча» расейскае ня здолелі. У моваведзе мае яна сяньня сваё бясспрэчнае месца, месца самастойнае, месца раўнапраўнае іншым славянам мовам.

Дык у гістарычнай канфрантацыі «обшчэрускіх» канцэпцыяў Карскага аб беларускай мове з масаю сабраных ім-жа моўных фактаў, перамога засталася на баку фактаў. Пераможцаю аказаўся сам аб'ект дасьледаваньня, беларуская мова, а ня выдатны, найбольш на сяньня, яе дасьледнік. У выніку, і трывалую навуковую вартасьць моваведнай спадчыне Яўхіма Карскага надалі зафіксаваныя й усыстэматызаваныя ім факты беларускае мовы, а не гіпатэзы й канцэпцыі, да якіх ён намагаўся гэтыя факты падтасоўваць.

Гэткі вынік тэарэтычна прадбачыў, хоць і думаў пры тым, пэўне-ж, не аб сабе, і сам Карскі, калі ў прадмове да 2-ое кнігі II тому «Беларусаў» пісаў:

Гіпатэзы, пабудаваныя тэарэтычна… з часам могуць аказацца без гістарычнае над сабою базы, і дзеля гэтага бязвартаснымі, тады як факты мовы ніколі ня згубяць свайго значэньня.

Вось у гэтых словах маем ключ ня толькі да ацэны сучаснае вартасьці навуковае спадчыны Карскага, але й да зразуменьня істоты, і слабасьці і велічы Карскага як вучонага.

Дый заслужены гонар і славу трэба аддаць ня толькі пераможцы, беларускай мове, але й яе вялікаму дасьледніку, бо Карскі агромнаю рупліваю працаю ўсяго свайго жыцьця над зборам і сыстэматызацыяй гістарычнага й сучаснага беларускага моваведнага матар'ялу да гэтае яе перамогі — хацеў ён гэтага ці не — але істотна спрычыніўся. Карскі першы — і шырака, як ніхто — апісаў і раскрыў сваяродную сыстэму нутраных фанэтычных, марфалягічных дый сынтаксычных законаў, якім падпарадкуецца беларуская мова ў працэсе свайго гістарычнага разьвіцьця дый у багацьці сваіх сучасных дыялектных адхіленьняў. Карскі навукова й усебакова абгрунтаваў беларускую існасьць старое беларускае літаратурнае мовы, дзяржаўнае мовы Вялікага Княства Літоўскага. Карскі сваімі «Беларусамі» беларускую моваведу яшчэ на пачатку гэтага стагодзьдзя высунуў на адно зь першых месцаў сярод іншых славянскіх.

Дзеля гэтага беларусаведная навуковая спадчына Карскага, нягледзячы на ўсе яе заганы, дый нават насуперак намерам яе тварца, стала й сама паважным стымулюючым у працэсе фактарам і культурнага, і палітычна-нацыянальнага адраджэньня беларускага народу. Вось таму, у 100-я ўгодкі нараджэньня й 30-я сьмерці Яўхіма Карскага, заслужаная пашана й памяць яму належыцца і ад сучаснага пакаленьня таго народу, навуковаму пазнаньню якога ён усе свае сілы аддаў, хоць гістарычных імкненьняў яго так і не зразумеў, за свае іх ня прызнаў.

Разглядаючы асобу Карскага як вучонага на фоне яго гістарычнае пары, трэба ў канцы адцеміць і яшчэ адзін, і, найбольшы парадокс: тое вартаснае, што ён у беларусаведзе пакінуў, даў ён у вялікай меры дзякуючы акурат таму, што быў беларусом тыпу «обшчэрускага», а не беларускім незалежнікам. Калі-б ён далучыўся да паўгалоднае ахвярнае жменькі патрыятычных пісьменьнікаў-публіцыстых «Нашае Нівы», такіх шырокіх умоваў да сыстэматычнае навуковае працы, якую даваў яму расейскі афіцыяльны імпэрыяльны навуковы апарат, напэўна ён-бы ня меў. Напісаў-бы тады, хіба, нямала патрыятычных артыкулаў, а мо на'т і вершаў, якія тады былі ў асаблівай модзе, але ў галіне мовы праўдападобна ня здолеў-бы даць і столькі, колькі далі Тарашкевіч ці Лёсік, бо ў папярэдніках яму не ставала-б моваведа фармату й аўтарытэту Карскага. Пісаць «Беларусаў», у кажным выпадку, ня было-б тады каму.