Выбрать главу

— Я такога глупства не зрабіў, а вы зробіце.

— Чаму вы так думаеце?

— Не ведаю чаму, але думаю і, пэўна, беспамылкова.

— Давайце закончым нікому не патрэбныя спрэчкі,— не стрымаўся Міхась.— Васіль Іванавіч, я бачу, што вы чалавек з багатым жыццёвым вопытам. Раскажыце нам што-небудзь пра сябе.

— Пра сябе расказваць нецікава. Але калі ўжо вы так просіце, некалькі слоў скажу. Нарадзіўся я ў сям’і паштовага служачага. Скончыў рэальнае вучылішча. Служыў спачатку ў царскай, а потым у Чырвонай Арміі. Удзельнік першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Да 1927 года хадзіў у шынялі — камандаваў ротай і рыхтаваў дапрызыўнікаў. А пасля дэмабілізацыі дзесяць год працаваў ваенруком у розных тэхнікумах Ленінграда, адкуль і трапіў за краты — спачатку ваеннай турмы, а потым і «Крыжоў». Вось і ўсё. А цяпер вы расказвайце пра сябе, часу ў нас хопіць.

— Мне расказваць пра сябе няма чаго,— сказаў Міхась,— таму што пражыў на свеце вельмі мала ў параўнанні з вамі. Нарадзіўся на Магілёўшчыне, у вёсцы, у сям’і сялян. Скончыў школу, пасля чаго некаторы час працаваў на Данбасе, потым на новабудоўлях Беларусі, грузчыкам на чыгуначнай станцыі ў Мінску. Нарэшце — супрацоўнік беларускіх газет і радыё. У гэтым годзе скончыў факультэт мовы і літаратуры Ленінградскага педінстытута імя Бубнава. Рыхтаваўся быць настаўнікам, ужо і прызначэнне меў на руках, але... апынуўся вось тут, у гэтым «гатэлі». Плюс да ўсяго — малады беларускі паэт. Маю кніжку вершаў на беларускай мове «Мазалёвыя рукі», але пакуль адзіную і, пэўна, апошнюю...

— Кароткая, але цікавая біяграфія. Дарэмна вы прыбядняецеся,— заўважыў Красноў.— Толькі, калі ласка, імя Бубнава больш не ўспамінайце, яго таксама пасадзілі і, кажуць, абвінавачваюць у шпіянажы, і судзіць яго будзе ваенны трыбунал. Пра гэта я пачуў у ваеннай турме,— зазначыў Васіль Іванавіч.— А вы, Іван Пятровіч, што раскажаце нам пра сябе? — звярнуўся ён да Карчова.

— Мая біяграфія нецікавая. Я — патомны піцерскі рабочы. Бацька ўсё жыццё працаваў на тытунёвай фабрыцы, што на Васілеўскім востраве, а я — на піўзаводзе «Сценька Разін». Спачатку — памочнікам качагара, а потым, да самага арышту,— качагарам. Як і ўсе, ваяваў, абараняў савецкую радзіму. Удзельнічаў у штурме Зімняга і ў падаўленні Кранштацкага мяцяжу. Перажыў голад 1921 года. Але ўсё гэта даўно забылася. Больш пра сябе расказваць няма чаго.

— Дзякуй і за гэта,— сказаў Красноў.— Вось мы і пазнаёміліся. Я вельмі задаволены такой кампаніяй.

Васіль Іванавіч быў надзвычай тактоўны і эрудзіраваны чалавек. З ім можна было гаварыць на любую тэму.

Хутка высветлілася, што ён вельмі любіў жывую прыроду, асабліва птушак.

— Птушкі — гэта мая радасць,— гаварыў ён.— Я заўсёды любаваўся імі, пакуль не трапіў у гэтую пастку. Праўда, клетак ні з канарэйкамі, ні з папугайчыкамі я не заводзіў, бо не прызнаю такую «любоў» да птушак. Наогул я супраць усякай няволі. Птушцы, як і чалавеку, патрэбна сапраўдная свабода.

Птушкі нібы сапраўды чулі яго здалёк, бо не паспеў Красноў абжыцца ў іх у камеры, як да маленькага, з кратамі, акенца зачасцілі розныя пярнатыя, асабліва галубкі і верабейкі: ён дзяліўся з імі сваёй сціплай пайкай. Праз фортку акенца кідаў на падаконнік крошкі хлеба і аўсянай кашы. І калі гэта ўсё трапляла да яго сяброў — птушак, ён радаваўся, як дзіця. Так што яны не былі адзінокімі: ля нашага акенца заўсёды табуніліся птушкі.

  Няўдзячны пастух

Праз дзень камера 889 папоўнілася яшчэ адным вязнем. Ім быў прадстаўнік калгасных палёў — пастух з Тосненскага раёна, фін па нацыянальнасці.

Гэты чалавек, як і нядаўна Карчоў, парог камеры пераступіў нясмела, насцярожана. Нават і тады, калі з громам зачыніліся акаваныя жалезам дзверы, ён з хвіліну пастаяў ля парога, абвёў поглядам камеру і яе насельнікаў, адкашляўся і ціха прамовіў:

— Здрасці!

— Здароў,— адказаў за ўсіх Карчоў,— праходзь, чаго стаіш? Размяшчайся, як табе зручней. Тут усе свае людзі. Ніхто цябе не пакрыўдзіць. Не кусаюцца.

— Дзякую, добры чалавек,— сказаў навічок і скіраваў да сцяны, ля якой ляжаў голы шчыток замест ложка і тапчана. Ён сеў на край шчытка і паклаў паміж ног саматканую торбачку.

— Ну, расказвайце, як і за што сюды трапілі? — спытаў Міхась.

— Дайце ж чалавеку агледзецца,— не стрымаўся Красноў,— паспееце са сваімі роспытамі.

— Ды не, нічога, я ўжо аглядзеўся,— пасмялеў навічок.

— Калі так, то назавіцеся, хто вы і адкуль...

— Я — калгасны пастух з Тосненскага раёна, з вёскі Дзябуны, а калгас носіць імя таварыша Сталіна. Зваць мяне Эрві, а прозвішча Калелайнен,— гаварыў ён на ломанай рускай мове.