Выбрать главу

Хутка пасля таго як Міхася прывялі з карцэра і нічога ад яго не дабіліся, у кабінет следчага нібы выпадкова зайшоў начальнік корпуса.

— Ну, як ён — прызнаўся? — спытаў, паказваючы на Міхася.

— Не, таварыш палкоўнік,— панура адказаў следчы,— нічога не дабіліся, усё яшчэ стаіць на сваім.

— Ну, і хрэн з ім! Пішыце тое, што будзе гаварыць. Мы ўсё яму далі, што належыць у гэтай турме. Я ў сваіх руках многа ператрымаў падобных падонкаў, але на такога гада не нарываўся. Я сам пайду на «тройку», і ўлепім яму восем гадоў!

  Паміж вар’ятаў

У той жа дзень Міхась падпісаў аўтабіяграфічны расказ, які напісаў уласнай рукой, пасля чаго ён зноў апынуўся ў адзіночцы, дзе суткі правёў перад карцэрам. Можна было лічыць, што следства ўжо закончана. Стала трошкі лягчэй, але невядомасць лёсу не пераставала мучыць яго.

Зайшоўшы ў камеру, Міхась не знайшоў сваіх рэчаў. Ён адразу ж звярнуўся да калідорнага дзяжурнага:

— Вы не ведаеце, дзе падзеліся мае рэчы?

— Якія рэчы? — як быццам не разумеючы пытання, здзівіўся турэмшчык.

— Ручнік, мыла, зубная шчотка і зубны парашок,— растлумачыў Міхась.

— На маім дзяжурстве нікога тут не было, а наконт іншых нічога не магу сказаць.

— Тады я папрашу паклікаць дзяжурнага па корпусе.

— Калі ласка, гэта я зраблю.

У той жа дзень у камеру ўляцеў той дзяжурны, які насіў мянушку «крыкуна». Ён яшчэ з парога закрычаў, абзываючы Міхася брыдкімі нецэнзурнымі словамі:

— Што, і тут контррэвалюцыю разводзіш?! Наводзіш цень на белы дзень?! Абражаеш добрасумленных работніках турмы?

— Пры чым тут паклёп ці абраза? Я хачу толькі высветліць, куды падзеліся мае рэчы. Бо ў маю адсутнасць тут хтосьці быў.

— Адкуль ты ведаеш? — спытаў «крыкун».

— Адкуль, пытаецеся? Бо ён пакінуў два недакуркі і пусты пачак ад запалак. А вам, канечне, вядома, хто тут гаспадарыў, пакуль я знаходзіўся «ў камандзіроўцы»,— спакойна гаварыў Міхась.

— Я не збіраюся шукаць прыдуманага табою злодзея. А калі ты не пакінеш правакаваць, згнаю ў карцэры! — зароў «крыкун».

— Што ж, карыстайцеся маёй бяспраўнасцю,— сказаў Міхась.

Так і не знайшоў ён сваіх рэчаў — хоць бедных, ды патрэбных.

Набліжаўся канец лістапада. Ужо стукалася ў вокны суровая зіма. Але ў камеры значна пацяплела, хоць цеплыня была падманлівай: проста на дварэ стаяла адліга. Адзіночная камера, дзе ён часова размяшчаўся, вельмі слаба абагравалася, таму што яна, як і карцэры, была разлічана на «ўпартых», «непакорлівых» арыштантаў-«злачынцаў». У ёй таксама доўга цяжка было вытрымаць. Колькі яму тут давядзецца прабыць. Міхась не ведаў. Усё было пад пытаннем. А таму ён бясконца радаваўся часовай адлізе, якая прынесла пацяпленне. Спаць жа, наколькі ведаў Міхась, ніхто не забараняў, нават калідорныя дзяжурныя — спі, колькі хочаш. Не жыццё, а маліна. Толькі цеплыні малавата, але ў параўнанні з папярэднімі днямі дык жыць яшчэ можна.

Адно тут засмучала Міхася і нават больш таго — раніла ў сэрца — гэта яго суседзі. З абодвух бакоў яго камеры — справа і злева — змяшчаліся людзі, якія мо ад катаванняў страцілі розум. Справа быў ціхі вар’ят, злева — буйны. Той, ціхі, не вельмі турбаваў свайго суседа. Ён дні і ночы без перапынку маліўся — маліўся і сам сабе, і ўголас. І калі б пра яго не сказаў Міхасю калідорны дзяжурны, той, што колькі дзён таму назад дазволіў яму спаць, то Міхась і не ведаў бы пра яго вар’яцтва. А што датычыць буйнага, што злева, дык тут ужо адразу было зразумела нават недасведчанаму чалавеку, што ён «буйны»: круглыя суткі не даваў спакою сваім суседзям. Ён і маліўся, і лаяўся на ўсю моц адборным рускім матам, умольваў, упрошваў, папракаў, абражаў, заклінаў кагосьці. Камусьці пагражаў, перад кімсьці каяўся, плакаў. Потым зноў крычаў і, відаць па ўсім, станавіўся на калені — прасіў літасці ці то ў госпада бога, ці то ў сваіх крыўдзіцеляў:

— Я не вінаваты, я не вінаваты, я не вінаваты! За што вы мяне мучыце? Што я дрэннага зрабіў вам? Пусціце мяне, ірады праклятыя! Дзякуй вам, браточкі, дзякуй вам, браточкі, дзякуй вам, браточкі! Эй вы, інквізітары, што вы са мной робіце? А вы ведаеце, хто я? Я — галоўнакамандуючы войска Беларуска-Літоўскай дзяржавы! Са мной сам пан Ягайла лічыцца! Гніды вы няшчасныя, клапы крыважэрныя! Гіены вы! — крычаў ён дзікім голасам, пагражаючы нейкім супастатам-гвалтаўнікам. А праз колькі хвілін яго грозныя прамовы змяняліся ласкавымі словамі: