Выбрать главу

Ужо на лесвіцы, калі гэтыя дзяржыморды працягвалі абзываць яго рознымі брыдкімі словамі, Міхасю здалося, што ён гэтых тыпаў недзе бачыў. Ён падумаў, што яны — даўнія яго знаёмыя. Маўляў, пазналі яго і, шуткуючы, вырашылі разыграць, а потым паздароўкаюцца, пагутараць па-сяброўску і пусцяць дадому. Асабліва старэйшы, што быў апрануты ў чорны касцюм і называў сябе пракурорам. Міхась думаў, што пракурор — гэта святы чалавек, ён лаяцца матам не будзе. А гэты тып — самазванец. Значыць, пазнаў яго і разыгрывае сцэну. А таму на лаянку Міхась пачаў адказваць лаянкай, каб не паказацца хлюпікам і баязліўцам, не ўпасці перад ім, як кажуць, тварам у гразь. Нават і тады, калі ўжо сышлі на першы паверх і ўвайшлі ў кабінет, дзе гэтыя «пракуроры» пачалі пагражаць яму кулакамі, Міхасю яшчэ не верылася, што гэта сапраўдныя каты. Ён узяўся за спінку крэсла і сказаў:

— Ну, што ж, давайце будзем біцца! — думаючы, што яны вось-вось адкрыюцца, хто яны такія і чаго тут апынуліся.

Але не на тых натрапіў. Людзі, якіх ён прыняў за знаёмых, і не думалі гуляць з ім у жмуркі — яны паказвалі сваю натуру ва ўсім бляску.

— Ты, г..., хрэн маржовы, пастаў крэсла на месца, а то мы з цябе адбіўную зробім! — гаркнуў старэйшы, што быў у чорным касцюме.— Лепш паслухай адказ на сваё пытанне. Цябе будуць судзіць за тваю контррэвалюцыйную агітацыю і дзейнасць. Абвінавачваешся ты па артыкуле 58, пункт 10 Крымінальнага кодэкса РСФСР. Зразумела ці не?

— Зразумела, але ж гэта паклёп, цень на белы дзень! Скажыце, чыя гэта работа? Хто прыдумаў, сачыніў гэтую ліпу? — пытаўся Міхась.

— Падрабязна аб усім даведаешся ў следчага. А наш абавязак — сказаць табе тое, чаго ты хацеў. У заключэнне адно табе параю: у гэтай установе ніколі не хапайся за крэсла, калі хочаш жыць і застацца цэлым-непашкоджаным. Тут ты адзін, а нас шмат, і ўсе як адзін атлеты, не тое што ты — цывільны фіціль. На сёння мы табе даруем, а ў далейшым — прабач. А цяпер ідзі ў свае апартаменты і еж усё, што даюць. Ведай, што будзе яшчэ горш... Адвядзіце зняволенага ў 889 камеру,— звярнуўся ён да канваіра, які ўжо чакаў ля адчыненых дзвярэй.

На гэтым і скончылася трохдзённая галадоўка Міхася Асцёрскага. Яна не прайшла дарэмна. Сяму-таму навучыла яго. Ён цяпер ведае, у чым яго абвінавачваюць — у нейкай контррэвалюцыйнай змове, аб якой і ў сне не сніў. Ён цяпер лічыцца «ворагам народа», як Бухарын, Рыкаў, Томскі, як Чарвякоў, Галадзед, Гікала, Чубар, Скрыпнік; як Якір, Убарэвіч, Ягораў, Гамарнік; Цішка Гартны, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Уладзіслаў Галубок, Астап Вішня і іншыя, пра якіх у апошні час так многа пісалі ў газетах. Значыць, і іх вось так жа змялі, скруцілі, прышылі ярлыкі і... бывайце здаровы?.. Каму і навошта гэта патрэбна?

Так цяпер пачаў разважаць і гутарыць сам з сабою Міхась. А калісьці ён чытаў газеты з разгромнымі прамовамі Кагановіча, Варашылава, Малянкова, Молатава, Вышынскага, асабліва Вышынскага, і верыў усяму, што было напісана. Вось, можа, праз нейкі час у якой-небудзь газеце мільгне і яго прозвішча як «заклятага ворага народа». Толькі не, гэтага не можа быць! Разбяруцца і выпусцяць. «Эх, каб можна было напісаць таварышу Сталіну! Ён бы спытаў у гэтых нягоднікаў, за што яны абражаюць і мучаць сумленных савецкіх людзей. А можа, хто з сяброў і здагадаецца напісаць? — разважаў Міхась.— Як шкада, што жонка засталася ў такім становішчы. Яна дабралася б і да самога Сталіна ці Калініна,— працягваў ён гутарыць сам з сабою.— Бедная Таіска, як яны там? Што з ёю? Дзе яна зараз?»

А з Таісай усё адбывалася так. Пасля таго як Міхася пад канвоем павялі невядома куды, яна страціла прытомнасць і ўпала на падлогу проста ў калідоры камунальнай кватэры, супраць дзвярэй свайго пакоя. Суседзі выклікалі «хуткую дапамогу», якая тут жа адвезла яе ў бальніцу. Толькі праз дзень яе перавялі з тэрапеўтычнага ў радзільнае аддзяленне. У сваю кватэру яна вярнулася ажно ў канцы жніўня 1937 года — і не адна, а на руках з малым дзіцем.

У першыя дні, пакуль яна звыкалася са сваім становішчам, жанчыны-суседкі дапамагалі ёй у гаспадарчых і мацярынскіх клопатах. Ды і пасля яны не забывалі пра яе. І так вось, дзякуючы добрым людзям, яна паступова ўваходзіла ў нармальную жыццёвую каляіну. Не давала ёй супакою толькі адно: дзе Міхась, што з ім і ці хутка ён вернецца дамоў? Яна верыла ў невінаватасць, чалавечую чысціню і добрасумленнасць свайго мужа. «Няўжо з ім будзе тое, што з тымі, пра якіх у апошні час так часта пачалі пісаць у газетах і гаварыць па радыё? Няўжо і яму наклеяць гэты страшны ярлык, які боязна называць услых? Няўжо сапсуюць, апаганяць яго добрае імя і разаб’юць наша шчасце? Не, не можа гэтага быць! Я добра ведаю свайго мужа, яго чалавечую чысціню і шчырасць. Гэта зайздроснікі, нягоднікі, тупіцы сталі папярок яго дарогі. Камусьці гэта выгадна. Гэта ж подласць, падробка! Не, так гэтага я не пакіну! Вось толькі аддыхаюся як след, адразу ж напішу і Жданаву, і самому Сталіну. Эх, каб Сталін ведаў, што робяць гэтыя паўзучыя гады! Ён бы скруціў іх усіх у бараноў рог! А пакуль што я паспрабую трапіць на прыём да пракурора вобласці Пазэрна ці нават да начальніка Ленінградскага аддзялення энкавэдэ Закоўскага. Я схадзіла б да старшыні Ленсавета Кадацкага ці старшыні аблвыканкома Струпэ, але, кажуць, і іх саміх узялі туды, куды і Міхася. Аб’явілі «ворагам народа» і яшчэ аднаго добрага і надзейнага чалавека, які заўсёды дапамагаў людзям,— другога сакратара абкома таварыша Чудава. Дык што ж гэта такое робіцца? — разважала сам-насам са сваім сумленнем Таіса.— Эх, каб як-небудзь паведаміць пра ўсё гэта Іосіфу Вісарыёнавічу, ён бы паказаў гэтым нашым энкавэдыстам, дзе ракі зімуюць! Нічога, Сталін усё роўна даведаецца пра іх самавольствы. Так ім гэта не пройдзе. Адальюцца ваўку авечыя слёзы!» — суцяшала сябе Таіса...