Выбрать главу

Косця крыху збочыў, каб мінуць хлопцаў, але нехта ў шэрым касцюме высунуўся з купкі і заступіў яму дарогу. Косця, не падымаючы галавы, адступіў у бок.

— Ваш пропуск! — пачуў Косця як бы знаёмы голас, але памкнуўся яшчэ абысці чалавека. I тут нечыя рукі схапілі яго за плечы. — Задумаўся, цаліннік!

Косця Манцэвіч падняў вочы. «Пецька Жвір, дзіўна! I змяніўся як!»

Жвір, як і раней, быў прыгожы, толькі з чыстага твару, з вачэй знікла яго колішняя весялосць. Над хлопцам брала верх паўната і нейкая сталая мужчынская лянота.

— Не пазнаеш? — цяжкія рукі Жвіра слізганулі з Косцевых плячэй ніжэй і сціснулі за локці.

— Змяніўся, цяжка і пазнаць, — нехаця ўсміхнуўся Косця і аслабаніў рукі.— «Ты ў Мінску ці што?» — памкнуўся спытаць, але яго апярэдзіў Жвір:

— Даўно тут? — і, абярнуўшыся, гукнуў да купы хлапцоў: — Вы ідзіце. Я зараз.

— Вось сёння прыехаў.

— Можа давучвацца думаеш?

— Думаю.

— Прыйшла коза да воза, — Жвір выцягнуў шыю, абедзвюма рукамі тужэй зашморгваючы вузел гальштука. — Не ўмеў жыць на свеце. Не ўмеў... Упусціў шчасце з рук. Вучыўся добра, ды на ражон лез...— Ён перадыхнуў, прыжмурыўся і сказаў: — Я ж у аспірантуры.

Жвір гаварыў нешта яшчэ, але Косця не слухаў, нейкая злосная думка заглушала ўсё: «Дзіўна, як толькі ён трапіў у аспірантуру? Хіба, як і некалі,— на шпаргалках»...

— Слухай! — Жвір адставіў нагу і затупаў наском туфля па падлозе. — Маё ж недзе адзенне ў гардэробе. Крыку будзе... А ты што? Ты гэтак?

— Ага.

— То я падбягу, — Жвір махнуў рукою, даючы Косцю знак ісці за ім, і заспяшаўся ў цёмны калідор. Але яго ўжо напаткала нізенькая, туга падпяразаная, падобная на мурашку, гардэробшчыца. Паўшчувала крыху і аддала Жвіру адзенне, якое, пэўна, хацела пакінуць вахцёру.

— А ты, брат, зблажэў, — разгладжваючы, відаць, прымяты ў гардэробе макінтош, гаварыў Жвір.— Зблажэў... I валасы высыпаліся, а некалі такую шавялюру меў, га? Старэеш, брат.

Косця адчуваў, як недзе на душы пачынае ажываць даўнішняя нялюбасць, злосць і непавага да Жвіра.

— А сам вінаваты,— апранаючы макінтош і не трапляючы ў рукаво, не перасціхаў Жвір.

Косця бачыў: Жвір адчувае над ім нейкую перавагу, выдае сябе за разумнейшага, за чалавека, які займеў невядома якое становішча. I Косцю раптам узяла ахвота сказаць Жвіру нешта вострае, зняважлівае, проста ў вочы, але ён змоўчаў, хоць ведаў, што калі той будзе гэтакае гаварыць далей,— не сцерпіць.

На дварэ церушыў рэдкі, халодны дождж. Недзе з завулка парывіста дыхаў густы, моцны вецер. Прамоклыя наскрозь дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце. Яно валялася скрозь па вуліцы.

— Халадэча,— першым, калі яны перайшлі вулачку, азваўся Косця Манцэвіч і наставіў каўнер.

— То як жывеш, расказвай,— Жвір ступаў па вадзе, не разбіраючы лужын. Вецер раскудлачыў яго доўгія валасы, і яны рэдкімі пасмамі лезлі яму ў вочы, ён зграбаў іх абедзвюма рукамі, прыгладжваў на патыліцы і гаварыў: — А я, браце, навукай заняўся.

Выйшлі на вуліцу. Легкавое таксі, распырскваючы лужыны, спешна і шумна паплыло ў бок прывакзальнай плошчы, пацягнуўшы за сабою па мокрым асфальце дзве чырвоныя стужкі — агні ад стопсігналаў. Следам за ім праехаў амаль пусты аўтобус, высушыўшы плыткую ля самага тратуара лужыну і загнаўшы Пецьку Жвіра аж пад самы плот.

— То пачакай, куды пойдзем? От злыдзень...— Жвір абіваў запырсканы макінтош. — Ты не на Свердлава часам? Калі туды, дык правяду,— і, пачуўшы Косцеву згоду, пачаў прыгадваць, пра што гэта ён гаварыў.

— Ды пра тое, што навукай заняўся, — падказаў Манцэвіч.

— Так, так...— цмокнуў губамі Жвір.— Цяпер, браце, не тое, што было. Ты ж ведаеш, газеты нашу кафедру тады ўшчэнт равнеслі. Зарэка зволены. А цяпер...

Косцю здалося, што памякчэў пад нагамі асфальт, пасвяжэла на вуліцы.

— Я табе скажу... Ён за нашага чалавека мог пастаяць. А астатнія...— загаварыўся Жвір і наткнуўся на сустрэчнага чалавека.— Усё чэпяцца да мяне. Не ведаю, чым скончыцца... От свет настаў...

На прывакзальнай плошчы зачыняліся магазіны, але пад дзвярыма стаялі запозненыя і настырныя пакупнікі і прасіліся нешта купіць. Ля рэстарана Жвір спыніўся і ўзяў Косцю пад руку:

— Можа зойдзем разам? Хоць на цябе хлопцы і не заказвалі, але нічога, уладзім. Грошы ў мяне ёсць.

— Не, дзякуй, дзякуй...— адмовіўся Косця.— Сам ведаеш — не п’ю. Стары прынцып — і гэта ведаеш.

— От чалавек! — Жвір паківаў галавою.— Ну, ладна, бывай! — і падаў Косцю сваю мяккую, пухлую руку.

...На сцяне перастаў трашчаць не выключаны, відаць, да канца рэпрадуктар. На ложку, што стаяў упрытык да шафы, з нейкім тонкім і працяжным свістам ужо граў нечы нос. А Косцю не браў сон. Не спала яшчэ ўсыпаная рэдкім электрычным святлом вуліца: час ад часу гулі запозненыя машыны, ішлі людзі, здаецца, знарок моцна гаварылі пад вокнамі. На пасажырскім вакзале, чуваць было, гукаў паравоз.