I новыя думкі, і першая ноч у студэнцкім пакоі, ад якога Косця адвык, але па якім цэлыя два гады сумавала яго сэрца, не давалі заснуць. Не ляжалася і на старым збітым матрацы, муляла галаву злямцаваная падушка.
Усё гэта прыкрае адбылося ў адзін дзень. Пасля заняткаў Косцю Манцэвіча сустрэў выкладчык палітэканоміі. Гэты старэнькі, рахманы і заўсёды задуманы чалавек хадзіў па калідорах трушком і неяк бокам, чамусьці каля самай сцяны. Вылучаўся ён яшчэ двума асаблівасцямі: нікому і ніколі, як памятаюць студэнты, не паставіў двойкі і чамусьці выклікаў студэнтаў не проста па прозвішчу, а заўсёды зачытваў са свайго блакноціка імя і імя па бацьку. Вітаўся ён надзвычай далікатна, нізка схіляючы сваю бліскучую галаву, заўсёды першы, калі ведаў студэнта ў твар. У той дзень ён нават не адказаў на Косцева прывітанне, але раптам спыніўся. Падняў свае бяскрыўдныя шэрыя вочы і, счакаўшы, пачаў гаварыць, збіваючыся і чырванеючы:
— Што гэта з вамі? Як гэта? Вы ж, здаецца, Канстанцін Сымонавіч, добра вучыліся і паводзіць сябе ўмелі?
Але паглядзеў, што Косця стаіць пэўна болей здзіўлены, чым перапалоханы і, відаць, не здагадваецца, пра што гэта ў яго пытаюцца, і прагаварыўся адразу:
— У дэканаце я чуў, што вас выключылі з інстытута. Гэта ж нейкае непаразуменне, недарэчнасць нейкая?..
Спазмы моцна і балюча сціснулі Косцева горла, ён памкнуўся нешта сказаць, але адчуў, што не мае сілы. У грудзях, здаецца, было нешта пустое і халоднае. Ногі дрыжэлі, слабелі, рабіліся нейкія нежывыя, і ён баяўся, каб хаця не ўпасці.
Перад вачыма раптам паўстаў чырвоны гладкі твар намесніка дэкана Зарэкі... Здаецца, варушыліся яго мокрыя тлустыя губы: «Вы толькі ўмееце гаварыць там, дзе не трэба. Вы многа берыцё на сябе. А на экзаменах у вас, нябось...» I нейкія глыбокія, патаемныя Косцевы думкі яму адказвалі: «Значыць, дамогся свайго. Цябе, вядома, лепш паслухаюць, чым мяне. Няўжо цябе не распазнаюць? Няўжо ты так і будзеш сядзець у зацішку?»
У той дзень Манцэвічу пачало здавацца, што яго адгарадзілі ад усяго свету нейкай высокай сцяною, з-за якой яму нічога не відаць і не чуваць. Ён не ведаў, куды дзецца.
Апынуўшыся ля самага ганка Ленінскай бібліятэкі, Косця здзівіўся, што зайшоў гэтак далёка, і, успомніўшы, што дакляраваў Валі прыйсці на іх курсавы вечар, вярнуўся назад, думаючы ўбачыцца і абавязкова пра ўсё пагаварыць, параіцца із ёю.
Але ў той дзень Косця не пагаварыў з Валяй. Бачыўся аж два разы, але не пагаварыў. Дарэчы, першы раз ён бачыў толькі яе. Яна яго — не. Клуб быў набіты бітком. Косця ледзьве ўшыўся ў залу. I сцэну ён бачыў толькі тады, калі пахілілася нейчая вялікая кудлатая галава. Ён чуў толькі песню. Знаёмы, да болю мілы і любы дзявочы голас, здаецца, плыў недзе з высокай і невыраізнай гары, плыў сюды, у нізіну, да бясконца шырокага возера, пераліваўся дробнымі хвалямі па яго люстранай гладзі, аддаючыся рэхам у сініх густых лясах. Нейчая галава павярнулася зноў, і Косця зноў убачыў спявачку. На ёй была цёмна-сіняя сукенка, што гэтак прыставала да тонкага дзявочага стану; чорныя туфлі на высокім абцасіку рабілі яе рослай і яшчэ больш стройнай. Косця ніколі не бачыў Валю ў гэтай сукенцы, не ведаў, што яна гэтак хораша ўмее спяваць, і не ўяўляў, што яна так густа чырванее, і ад гэтага робіцца яшчэ прыгажэйшай.
— А дзяўчына яна нічога сабе...
— Грышку можна пазайздросціць... Слухай, як хораша спявае...
Загаварылі ў Косці за спіною, і ён здагадаўся, што гутарка ішла пра Валю.
Косця не ведае, адкуль у яго набралася столькі сіл. Ён падаўся назад і плячыма націснуў на некага так моцна, што той, не ўстояўшы на нагах, адваліўся да сцяны. А Косця, не памятаючы сябе, выскачыў з клуба і невядома куды пабег бы, каб не напаткаў у вестыбюлі Юзіка Сапегу.
— Косця, што з табою? Ды кінь ты, мы цэлым курсам сходзім заўтра да дырэктара. Быць не можа, каб цябе не аднавілі. Ідзем, пагаворым... Супакойся... — Юзік мо заўважыў, што Косця быў як сам не свой, што з ім нешта рабілася.
У аўдыторыі, куды яны зайшлі, было цёпла і сцішна. На дварэ ж расхадзілася завіруха. Сыпала сухім снегам у вокны і жаласна выла ў тэлеграфных правадах. Раз-пораз звінела неакітаваная шыба і, не перасціхаючы, недзе ў рамах акна, грала адклееная паперка. Ці ад гэтых дзівосных і непрывычных гукаў, ці ад таго, што адбылося за ўвесь дзень, у Косці шэрхла спіна, яго праймаў холад.
Сапега, каб развесяліць Косцю, стаў за кафедру, надзеў на нос аправу ад акуляраў і пачаў чытаць свой канспект, падрабляючыся пад выкладчыка нямецкай мовы. Чытаў ён, сапраўды, як той выкладчык, голасна і заікаючыся.