Той ноччу Косця не прыйшоў у інтэрнат. Да раніцы праседзеў у зале пасажырскага вакзала, думаючы, што рабіць: заставацца ў Мінску, схадзіць яшчэ да намесніка дырэктара, а калі адмовяць, шукаць работу ці можа ехаць куды вочы глядзяць? А калі пачало ўжо добра займацца на дзень і на вуліцах патухлі ліхтары, не выцерпеўшы цяжкіх думак і бяссонніцы, Косця, як пабіты, пацягнуўся ў інтэрнат. Пастаяў на калідоры, не асмельваючыся будзіць хлопцаў. Прыхіліўся да акна, паглядзеў, што можа заснуць стоячы, і пастукаў у пакой да Сапегі. Падхапіўся чуткі ў сне Юзік. Пазяхаючы, ён буркнуў сабе пад нос, што вось гэтак хлопцаў са свету і зводзяць дзяўчаты, і, дастаючы з-пад ложка гантэлі, дадаў:
— Лажыся, чаго марнееш!
Борзда раздзеўшыся, Косця бухнуўся, як нежывы, у пасцель, але заснуць не мог. Прыгадалася гутарка з дырэктарам, прыйшоў на ўспамін учарашні вечар. Яны прынеслі неспакой, раздражнёнасць, злосць і крыўду. Косця яшчэ доўга варочаўся з боку на бок, пакуль заснуў.
I бадай што не прачнуўся б да самага вечара, каб не растармашыў Юзік. Юзік доўга, відаць, цягаў яго за нос, бо Косця, пакуль раскатур- хаўся, паспеў прысніць вялікі і дзіўны сон.
Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў, што на бліжэйшым ложку ляжыць Юзік і заходзіцца ад смеху.
— Ну, дружа, ты і спіш!
Косця схапіўся з ложка і пабег мыцца.
«Цікава, што скажа намеснік дырэктара?» — задумаўся ён, падстаўляючы прыгаршчы пад тугі і халаднаваты струмень вады. — Трэба папрасіцца, раскаяцца, можа, гэта паможа».
Намеснік дырэктара, малады, далікатна апрануты чалавек, доўга расхаджваў па кабінеце, доўга гаварыў нейкім густым, грудным голасам, што сігналы аб паводзінах і вучобе Манцэвіча паступалі да яго даўно, што такіх студэнтаў ён караў і будзе сурова караць далей. А потым спыніўся, прыгладзіў на бок пяцярнёй сухія, коратка падстрыжаныя валасы і спытаў:
— Няўжо вы думаеце, што мы выключылі вас з інстытута, каб прыняць зноў?
— За гэтыя дні я зведаў усё, я зразумеў, якія дарагія для мяне інстытут, сябры... — і Косця раптам успомніў Валю. — Я не хачу маніць, шчыра вам гавару, што пераздам экзамены толькі на выдатна...
Намеснік дырэктара, здаецца, памякчэў:
— Тут да мяне прыходзілі вашы студэнты, і я ўлічыў іх просьбу. Я прыму вас, але праз два гады, калі вы будзеце мець на руках даведку з месца работы і станоўчую характарыстыку. — Намеснік дырэктара дастаў з кішэні партсігар, выцягнуў з-пад гумкі апошнюю папяросу і, ужо сеўшы за стол, закурыў. — Вось так... Вы вось адразу са школы прыйшлі ў інстытуцкую аўдыторыю і не цэніце яе. А для рабочага чалавека інстытут дарагі...
«Усё, рухнула апошняя надзея»... — Манцэвіч зрабіў колькі крокаў да стала і адчуў, што пад нагамі гойдаецца падлога.
— А на завочнае аддзяленне? — спытаў перапалохана і жаласна.
— Я абсалютна не бачу ў гэтым розніцы, — намеснік дырэктара прыжмурыўся: едкі тытунёвы дым зайшоў яму ў вочы. — Паўтараю, мы адновім вас у правах студэнта толькі тады, калі вы будзеце мець станоўчую характарыстыку з месца работы.
Косця, хістаючыся, выйшаў з інстытута, пастаяў на ганку, доўга прыгадваючы, куды ён меўся ісці. Потым успомніў, што збіраўся схадзіць у рэдакцыю, узяць камандзіроўку, і пабег на прывакзальную плошчу. Трамвай дамчаў яго аж да Дома друку. Не даходзячы да ганка, Косця заўважыў Жвіра. Той сядзеў у цяньку на лавачцы і пісаў на пяску нешта наском туфля. Манцэвіч думаў неўпрыцям прашмыгнуць у будынак, але Жвір падняў галаву:
— Здароў! Куды бяжыш? — і паляпаў рукой па лавачцы, запрашаючы сесці.
«Ну, зараз пачне выпытваць, што ў мяне з інстытутам», — нехаця спыніўся Косця. Але Жвір, усміхаючыся аднымі вачыма, спытаў пра другое:
— Можа за ганарарам, часам?
Косця паціснуў плячыма:
— Ніколі не пісаў.
Жвір, крывячы рот, засунуў руку за пазуху, дастаў газеты, раскруціў:
— Не чытаў? — яго палец тыцнуў у вялікі тлусты загаловак, пад якім значылася: «Нарыс». — Меней не будзе, як семсот рублёў. Трэба ўмець. Бяру, браце, у газеце камандзіровачку ў свой калгас і еду... у інтэрнат. — Жвір выстукаў пальцамі па лаўцы нейкі спорны і дробны марш. — Саджуся за стол і пішу. Хіба я не ведаю сваёй вёскі? А камандзіровачка поштай... Сакратар сельсавета — хлопец свой, — дзела знае...
— А білеты?
— Святая наіўнасць. Білеты? Схадзіў да аўтобуса і папрасіў, а на дарогу туды —раскашэліўся. Трэба ўмець. — Жвір прыжмурыў вока і, заўважыўшы, што Манцэвіч збіраецца ісці, памахаў круглаю, як у жанчыны, загарэлай рукою. — Ну, бывай! Свету — мір, студэнтам — грошы.
«Ну і прайдзісвет», — не мог доўга супакоіцца Косця.
...Прабыўшы цэлых пяць дзён у камандзіроўцы, Манцэвіч вярнуўся ў Мінск абветраны і загарэлы і ў той жа дзень пайшоў у чытальную залу пісаць матэрыял. Знайшоў свабодны столік ля адчыненага акна і сеў.