Выбрать главу

А сонца пячэ.

З-за кустоў, у белых портках і кашулі, з вудамі ў руках выходзіць тутэйшы засцянковы рыбак Берасневіч. На твары відзен камячок вусоў ды барада, а рэшта — чырванаватая пляма з аблушчанай скурай. Моргае ён дробненька, палажыўшы вуды, доўга прыглядаецца, хто там плешчацца ў вадзе і, пазнаўшы, вітаецца.

— Берасневіч, добрае здароўе! — адазваўся Ютка.

— Што гэта робіш? — запытаў Берасневіч тоненькім галаском, пазіраючы на Ютку.

— А от жа бачыш.

— Я то бачу — анучы мыеш?

— Не дабачваць стаў, трэба акуляры.

— Яно то гэтак.

Берасневіч тут жа пахваліўся тым, што ў яго ёсць акуляры і вельмі добрыя, але адно шклечка вывалілася, калі на седале лавіў курыцы, і ніяк ён не можа знайсці майстра, які б падручыўся наладзіць іх. Панюхаў тоўчанае самасадкі, два разы чхнуў, прыгнуўшыся к траве, і паглядзеў на сядзеўшага падпаска.

— Можа сын?

— Ды не,— расцілаючы на траве сарочку, адказаў Ютка.

— Ага. Ну, але сына маеш?

— Ды яго дома няма.

— А дзе ён?

— Быў на Данбасе,— адкасваючы калошы, расказваў Ютка.— А цяперака, надоечы прыслаў ліст, то ўжо пераехаў на завод. Лінградскі... не, не Лінградскі. Як ён завецца... от забыў. Як зваць намесніка Леніна? — звярнуўся да падпаска.— Ты павінен ведаць.

— Сталін.

— Во — Сталін. Сталінградскі завод празываецца. Там, піша, трахтары будуць рабіць скора, во. Збегай, Міця, завярні, а то палезла рыць,— паказаў ён на свінню.— Ніяк не можа паляжаць.

— От як яно.

— Але. Ажаніўся, пажыў год і паехаў у зарабаткі, а жонка мне цяпер быту не дае.

— Ну але...

Берасневіч узяў вуды і дробненька падрабязіў паўз рэчку на дарогу.

Апошняе, што сказаў Сапрон пра Алесю, моцна ўзварушыла Ютку. „Папрашу, каб напісаў аб усім падробна яму. Хай што хоча, тое робіць з ёю; няма чаго сарамаціць мяне перад людзм!"— думаў Ютка, пазіраючы на падпаска, што мачыў ў рэчцы пугу.

— Міця-а!

— Чаго?

— Сюды хадзі.

Ютка сеў пад куст. Думаў, што напісаць у лісце да сына.

***

Рыхтаваліся сеяць жыта. Дзве паркі канчалі траіць папарышча. Мужчыны парашылі, што пакуль прыдзе Пуцін, прыараць к гэтаму кавалку канюшынішча некалькі загонаў і на агульным куску сеяць.

Зямля цвёрдая. Пераплялося карэнне канюшыны з пырнікам, хоць зубамі дзяры. Ступае мерна за плугам Васіль. Пройдзе паўзагона, спыніцца аддыхаць. За ім аддыхае парка Алеся. Выцягнуўшы плуг з баразны, Васіль шаруе каменем адвальніцу, ачышчае ад прыстаўшае зямлі. Алесь сядзіць на дышлі плуга, разважае, пазіраючы на палетак.

— Ужо Пуцін мусіць зайшоў. Ты як думаеш?

— Але,— шаруючы, адказвае Васіль.

— Няўжо ў рыку нічога не памогуць? — пытаецца ён у самога сябе, падвязваючы калошу нагавіц.

Памахвае паўднёвы вецер. Растрасае пасмы спацелых валасоў на галаве Васіля, які, стаўшы каленкамі ў раллю, вышароўвае разак.

— Цяпер лягчэй пойдзе,— гаворыць ён, паставіўшы плуг у баразну.— Калі прыаром гэта, колькі будзе? 3 сем будзе...

— Дзіва што будзе. Глядзі, што і больш...

Ютка падышоў з пугаю да хлопцаў, хацеў, мусіць, і сваё слова ўставіць. Але тым не было часу на гаворку. Васіль зайшоў коням наперад, па-гаспадарску выбраў грывы з-пад хамутоў і, вярнуўшыся, у баразну, узяўся за ручкі плуга.

— Но-о! — махае ён пугаю і паволі ставіць ногі ў сырую зямлю баразны. За Васілёвай, выгінаючы спіны, кранулася і Алесева парка.

Ютка глядзіць хлопцам услед і думкі яго круцяцца ўсё вакол таго самага, што ў апошнія дні не дае яму спакою. Хоць бы гэты і Васіль. Ніколі ж каня свайго не меў. А цяпер глядзі ты, як з паркаю ўвіхаецца. Не горш за Бенся. Вунь скіба адвярнулася,— спыніўся, засунуў пальцы ў чорную раллю, перавярнуў уніз травою і нагою яшчэ прытаптаў. Нібы і на сваім шнурку. Мусіць жа чалавек лічыць, што сабе стараецца, а не каму. А Ютку чаго страх бярэ? Лічаныя ж гаспадаркі засталіся не ў калгасе. Праўду такі, мусіць, сын піша... Не разумее Ютка свае карысці. Яго на дабро вядуць, а ён упіраецца, як тая жывёліна неразумная.

Сонца паволі садзілася за грудок. На далёкім небасхіле ўсходу ніклі хмары. Шэрань змроку садзілася на паплавы і на палеткі.

Паволі ехалі дарогаю, сеўшы на адзін воз, Алесь і Васіль.

Каля млына стрэлі Пуціна.

— Ну, як, Мікола? — саскочыўшы з воза, нецярпліва запытаўся Васіль.

— Усё добра, дапамога ёсць.

Пуцін падсеў на аглобіне, і падводы з грудка паехалі весялей.

***

Памяшканне школы паўнюсенька людзей. 3 дзвярэй тарчаць казыркі і вушы шапак, высоўваюцца галовы, стараюцца не прапусціць ніводнага слова.

На твары ў Юткі каплі пота, як гарошыны. Ён аж шапку скінуў і, выцягнуўшы шыю, прыслухоўваецца да роўнага голаса старшыні калгаса Пуціна. За людскімі галавамі часта глухнуць словы і нічога не чуваць. На цыпачкі падымаецца Ютка, прагна ловячы словы.