Выбрать главу

— Дальбог, вы маеце рацыю! Помню, я яшчэ чытаў у газеце навіну, што дазвол на эксгумацыю атрыманы. Акурат у тыя дні яна і мусіла адбыцца, але я не надта ўчытваўся, бо галава была занятая думкамі пра беднага Дэрэка, які ляжаў наверсе мёртвы.

— Звычайная, але вельмі цікавая з’ява, — заўважыў містэр Кін. — У моманты вялікага напружання наш розум засяроджваецца на нейкіх зусім нязначных рэчах, якія помняцца потым доўга і надзвычай дакладна, нібы неаддзяляльныя ад самога душэўнага напружання. Гэта могуць быць вельмі недарэчныя дэталі, напрыклад, узор на шпалерах, але забыць іх немагчыма.

— Цікава, што вы загаварылі пра гэта, містэр Кін, — прамовіў Конвэй. — Калі вы гэта казалі, мне раптам падалося, што я вярнуўся ў пакой Дэрэка Кейпла ў той момант, калі ён ляжаў там мёртвы. І я з усёй выразнасцю ўбачыў за акном вялікае дрэва і цень, які яно адкідвала на снег. Вось так яно і стаіць перад вачыма: месяцовае святло, снег і цень дрэва. Божа мой, я магу гэта, здаецца, намаляваць, але ніколі раней я не ўсведамляў, што мог тады штосьці заўважыць.

— Гэта быў вялікі пакой над вітальняй? — спытаў містэр Кін.

— Той самы, а дрэва — гэта вялікі бук ля павароту пад’язной алеі.

Містэр Кін задаволена кіўнуў. Містэр Сатэртуэйт ледзь не дрыжаў ад цікаўнасці. Ён не сумняваўся, што кожнае слова, кожная інтанацыя містэра Кіна мела свой сэнс. Ён іх упэўнена кудысьці вёў, і хаця містэр Сатэртуэйт не ведаў, куды дакладна, ён не сумняваўся, хто кіруе сённяшнім спектаклем.

На хвіліну павісла цішыня, але тут Іўшэм вярнуўся да нядаўняй тэмы.

— Я добра запомніў тую справу Эплтанаў. Ну і шуму яна нарабіла! Але яе ж не пасадзілі, праўда? Прыемная жанчына, з такімі прыгожымі светлымі валасамі...

Вочы містэра Сатэртуэйта амаль супраць яго волі скіраваліся да фігуры, што кленчыла ўверсе. Яму падалося ці ён сапраўды ўбачыў, як яна сціснулася, нібы ад удару? І яшчэ — ці праўда ён бачыў руку, што пацягнулася да абруса, але спынілася ля краю стала?

Пачуўся грукат разбітага шкла. Алекс Портал, наліваючы сабе віскі, упусціў графін.

— Ой, сэр, вельмі выбачаюся… Не разумею, як гэта я так…

Іўшэм перарваў яго:

— Нічога страшнага, сябра, нічога страшнага. Цікава… Разбітае шкло нагадала мне… Яна ж тады таксама разбіла графін, місіс Эплтан. Ну той, з-пад партвейну.

— І праўда. Стары Эплтан кожны вечар выпіваў шклянку партвейну — толькі адну, не больш. А на наступны дзень пасля яго смерці хтосьці са слуг бачыў, як яна вынесла графін з дому і разбіла яго. Безумоўна, пайшлі чуткі. Бо ўсе ж ведалі, як ёй кепска з ім жылося. Плёткі распаўзаліся ўсё далей і далей, і ўрэшце праз некалькі месяцаў нехта з яго сваякоў падаў хадайніцтва аб эксгумацыі. І небеспадстаўна — выявілася, што старога атруцілі. Мыш’як, здаецца.

— Ды не, мусіць, стрыхнін. Але розніцы ніякай. Такія справы. І зрабіць гэта мог толькі адзін чалавек. Місіс Эплтан паўстала перад судом. Апраўдалі яе хутчэй праз недахоп доказаў, чым дзякуючы важкім аргументам на карысць невінаватасці. Іншымі словамі, ёй пашанцавала. Але я б не стаў моцна сумнявацца ў тым, што гэта яна. Што там з ёй потым здарылася?

— Думаю, вярнулася ў Канаду. Ці ў Аўстралію? Там у яе быў дзядзька ці хтосьці яшчэ, хто прапанаваў ёй прытулак. Лепшага ў такіх абставінах і не прыдумаеш.

Містэр Сатэртуэйт як зачараваны сачыў за правай рукой Алекса Портала, што сціскала бакал. Хватка была напраўду мёртвай.

“Калі не будзе асцярожны — праз хвіліну ці дзве разаб’е і бакал, — падумаў містэр Сатэртуэйт. — Божа мой, як цікава ўсё павярнулася”.

Іўшэм падняўся і наліў сабе віскі.

— Але мы зусім не наблізіліся да разумення прычынаў, з якіх бедны Дэрэк Кейпл застрэліўся, — зазначыў ён. — Расследаванне не мела асаблівага поспеху, праўда, містэр Кін?

Містэр Кін рассмяяўся. Дзіўны гэта быў смех: кплівы — і адначасна сумны. Ён прымусіў усіх скалануцца.

— Выбачаюся, — сказаў містэр Кін. — Вы ўсё яшчэ жывяце ў мінулым, містэр Іўшэм. Вас звязвае вашае перадузятае меркаванне. Але я, старонні чалавек, выпадковы мінак, бачу толькі факты!

— Факты?

— Так, факты.

— Што вы маеце на ўвазе? — спытаў Іўшэм.

— Я бачу чыстую паслядоўнасць згаданых вамі фактаў, на значнасць якіх вы не звяртаеце ўвагі. Давайце вернемся на дзесяць гадоў назад і зірнем на падзеі неперадузята і без эмоцыяў.