Выбрать главу

Містэр Кін падняўся, і падалося, што ён нашмат вышэйшы за астатніх. За яго спінай у каміне рэзка ўспыхнуў агонь. Ціхі голас госця заварожваў прысутных:

— Вы седзіце за абедам. Дэрэк Кейпл абвяшчае пра заручыны. У той момант вы думаеце, што гэта Марджары Дзілк. Цяпер вы ўжо не ўпэўненыя. Ён трымаецца неспакойна і ўзбуджана — бы чалавек, які паспяхова кінуў выклік лёсу, які, кажучы вашымі словамі, паставіў усё, што меў, — і выйграў, нягледзячы на неймаверныя перашкоды. Тут звоніць званок. Ён выходзіць, каб забраць запозненую пошту. Сваіх лістоў ён не адкрывае, але вы згадалі, што ён прагледзеў навіны ў газеце. Прайшло дзесяць гадоў, а таму мы не ведаем, што гэта былі за навіны — далёкі землятрус ці блізкі палітычны крызіс. Мы ведаем пра газету толькі адно: там была навіна пра тое, што тры дні таму Міністэрства ўнутраных справаў дало дазвол на эксгумацыю цела містэра Эплтана.

— Што?

— Дэрэк Кейпл падымаецца ў свой пакой, — працягваў містэр Кін, — і там бачыць нешта з акна. Сэр Рычард Конвэй сказаў нам, што яно не было завешанае шторамі і адтуль праглядалася пад’язная алея. Што ён убачыў? Што магло прымусіць яго скончыць жыццё самагубствам?

— Вы пра што? Што ён мог убачыць?

— Думаю, ён убачыў паліцэйскага, — сказаў містэр Кін. — Паліцэйскага, які прывёў сабаку. Але гэтага Дэрэк Кейпл не ведаў, ён проста ўбачыў паліцэйскага.

Павісла доўгая цішыня — усе нібыта спрабавалі прывесці думкі ў парадак.

— Божа мой! — прашаптаў урэшце Іўшэм. — Няўжо вы пра гэта? Эплтан? Але калі Эплтан памёр, яго там не было… Стары быў адзін са сваёй жонкай…

— Але ён мог быць там за тыдзень да таго. Стрыхнін, калі толькі ён не ў форме гідрахларыду, вельмі кепска распускаецца. Калі яго пакласці ў партвейн, ён апусціцца на дно і трапіць толькі ў апошнюю шклянку — магчыма, акурат праз тыдзень пасля ад’езду Кейпла.

Портал рвануўся наперад. Яго голас ахрып, а вочы наліліся крывёй.

— Тады навошта яна разбіла графін? — закрычаў ён. — Навошта яна разбіла графін?! Скажыце ж, навошта?!

Першы раз за ўвесь вечар містэр Кін звярнуўся да містэра Сатэртуэйта:

— У вас багаты жыццёвы досвед, містэр Сатэртуэйт. Можа, вы ведаеце, навошта?

Голас містэра Сатэртуэйта злёгку задрыжаў. Вось і час для ягонай рэплікі. Ён павінен сказаць некалькі самых важных у гэтай п’есе словаў. Цяпер ён быў не назіральнікам — акторам.

— Як я разумею, — сціпла прамармытаў ён, — яна хвалявалася за Дэрэка Кейпла. Думаю, яна была добрай жанчынай і папрасіла яго сысці. Калі яе муж памёр, яна нешта западозрыла і, каб уратаваць чалавека, якога кахала, паспрабавала знішчыць магчымы доказ яго віны. Пазней, відаць, ён упэўніў яе, што падазрэнні былі беспадстаўнымі, і яна пагадзілася выйсці за яго замуж. Але з вяселлем марудзіла: жанчыны, здаецца мне, маюць добрую інтуіцыю.

Містэр Сатэртуэйт выканаў сваю ролю. Раптам пачуўся доўгі трымтлівы ўздых.

— Божа мой! — усклікнуў Іўшэм, ускокваючы. — Што гэта?

Містэр Сатэртуэйт мог бы яму патлумачыць, што ў галерэі наверсе хаваецца Элеанор Портал, але ён быў занадта добрым акторам, каб сапсаваць такое моцнае ўражанне.

Містэр Кін усміхнуўся.

— Думаю, мая машына ўжо гатовая. Дзякуй за гасціннасць, містэр Іўшэм. Спадзяюся, я хоць штосьці зрабіў для свайго сябра.

Усе глядзелі на яго ў нямым здзіўленні.

— Вы не задумваліся пра гэты бок справы? Вы ж ведаеце, ён кахаў гэтую жанчыну. Кахаў настолькі, што пайшоў дзеля яе на злачынства. Калі настаў час, як ён памылкова падумаў, адплаты, ён застрэліўся. Але, насуперак яго жаданню, расплачвацца давялося ёй.

— Але яе апраўдалі, — прамармытаў Іўшэм.

— Бо яе віна не была даказаная. І мне здаецца — хаця, магчыма, тут я памыляюся, — што яна расплачваецца дагэтуль.

Портал адкінуўся ў крэсле, схаваўшы рукамі твар.

Кін павярнуўся да Сатэртуэйта.

— Да пабачэння, містэр Сатэртуэйт. Вы ж цікавіцеся драмамі?

Здзіўлены містэр Сатэртуэйт кіўнуў.

— Хачу звярнуць вашую ўвагу на арлекінаду*. Сёння гэты жанр памірае, але ён варты ўвагі, магу вас упэўніць. Яго сімвалічнасць цяжка ўхапіць, аднак вы ж ведаеце, што несмяротнае заўсёды застаецца несмяротным. Усім добрай ночы.

* Арлекінада — камедыя, у якой галоўную ролю грае Арлекін, персанаж італьянскай камедыі дэль артэ.

Яны ўбачылі, як госць выйшаў у цемру. І, як раней, вітражы ператварылі ягоны строй у касцюм камедыянта…

Містэр Сатэртуэйт падняўся наверх. У сваім пакоі ён падышоў да акна, каб завесіць яго, бо цягнула холадам. Сілуэт містэра Кіна набліжаўся да павароту, але тут з бакавых дзвярэй выслізнула жаночая фігура і кінулася за ім. Некалькі хвілінаў яны размаўлялі, потым яна вярнулася ў дом. Яна прайшла пад самым акном, і містэр Сатэртуэйт зноў быў уражаны жывасцю яе твару. Цяпер яна ішла як у шчаслівым сне.