Выбрать главу

Ну вось, яшчэ i Кант сюды міжволі дадаўся, так да яго падышлося...

* * *

Чытаю лежачы, з-за ног, якія зноў пагрозліва прыпухлі. Кніга цікавая, але i дрэмлецца, хоць i выспаў сёння сваю шасцігадзінную норму. Можа, таму хіліць на сон, што пасля ранішняй яснасці зноў дажджыцца за акном, кроплі рэдка падзёўбваюць па блясе знадворнага падваконня. Павёў далонню па лобе, што садзяе ад зацяжной камарынай дакукі, адчуў-пачуў, як пад прычолкам чэрапа не сціхае цісіканне-шумок, i раптам падумалася:

Здаровіцца — нездаровіцца, ведаем, улічваем, неяк абараняемся, а вось жа здаецца, што ўсё гэта — твой стан, стан твайго арганізма — як быццам не ты сам, a штосьці другое, дадатковае, пабочнае, дзе цябе, самога цябе пасялілі...

* * *

Толькі што прачнуўся, зноў без пары, зарана, а ўжо ў душы балюча паскавытвае туга, нібы яна чакала i дачакалася твайго абуджэння. Без дай прычыны? Толькі таму, што мне апошнім часам зусім не працуецца? З гэтым жыць дзень за днём?..

Святло, вузкі прамень толькі твайго ліхтарыка ў патайной сцішнаце вышуквае i знаходзіць, хоць i даўно ўжо знаёмыя, вядомыя табе твае грахі, спыняецца на тым ці іншым з ix, каб ты зноў пакусаў, пажаваў сам сябе, хоць i не ўпершыню, але са свежым болем бездапаможнасці ў адчаі самапрызнання віны, можа, не так каб нізка баючыся, горка саромеючыся прызнання перад некім другім, як іменна ад безвыходнасці ў тузе беззваротнай адсутнасці таго калісьці блізкага, хто мог бы зразумець цябе як след, дапамагчы, даць палёгку, падказаць выхад да пэўнага, няхай сабе i не поўнага ачышчэння душы.

...И нет отрады мне!..

Развага збаўчым холадам, нібы асвяжальна сцюдзёнай вадой, нагадвае, што так ужо неаднойчы яна, твая туга, адыходзіла i вярталася, ды вось зноў прыйшла, але ж i адыдзе, каб зноў калі-небудзь вярнуцца. I так — да канца...

Ці, можа, гэта я ўжо такі танкаскуры?..

* * *

Не будзем, крый Бог, параўноўвацца, аднак, дзеля патрэбнага часам супакаення ад залішняга самаедства, успомнім чалавечую складанасць i вялікіх, у каго мы вучымся.

* * *

Неяк зімой, у Мінску, вельмі доўга седзячы ў паліклініцы ў чарзе, падумаў дый сказаў тым, з кім сумаваў:

— Многа ўсялякіх навыдумлялі ордэнаў ды медалёў, а трэба яшчэ адзін — «За цярплівасць». Першай, другой i трэцяй ступені...

* * *

А чаму гэта нам, калі ў адзіноце, абавязкова трэба падмацоўвацца то з прэсы, то з эфіру?

A калі больш падумаць, спакайней засяродзіцца, зарчэй зірнуць навокал?

* * *

Перачытваў Танкаву кніжыцу «Errata», яго апошнюю, выхадам пасмяротную, першую без аўтографа...

«Ребята! Фронтовики! Нельзя же так ставить вопрос— надо и подавать!» Зусім бязногі інвалід — пад нагамі прахожых, голас якога пачуўся мне з лета сорак пятага года. Яму, ім — такім — трэба было яшчэ i прасіць, упрошваць!..

Успомнілася гэта над Максімавымі радкамі з «Падземнага пераходу»:

Сляпому скрыпачу У пустую шапку Кладу не як падачку, A доўг свой неаплатны За франтавую песню «Эх, дарогі...».

* * *

У чарговым томе «Беларускага кнігазбору» — «Магілёўская хроніка Трафіма Сурты i Юрыя Трубніцкага». Пасля перачьітвання «Хронікі Быхаўца» i «Баркулабаўскай хронікі» гэта ўпершыню чыталася з цікавасцю ды са смакам. А яшчэ i з сумным водгуллем класічных слоў: «Где оскорбленному есть чувству уголок?!» Дзе там было ў хаосе бясконцага кровапраліцця, подлага гваптавання ўсяго святога, у знішчальным полымі-дыме пякельных пажараў знайсці сваё месца таму чалавеку, які гэтага не хацеў, які гэта бачыў варварскім злачынствам?.. Бо былі ж, трэба думаць, i такія, месца якім у гісторыі не адведзена.

* * *

«Я не сонца, я ўсіх не нагрэю...» Як апраўданне бездапаможнасці, шчырае ці толькі каб за яе схавацца.

А каб усім паспачуваць, ахапіўшы сэрцам тое, што чуеш пра людскія беды i трагедыі,— сэрца патрэбна хіба такое ж, як сонца.