* * *
Першы мой здымак — на самым пачатку трэцяга года жыцця — вьшітукаваны мінскім фатографам з адэскага сямейнага. Маці казала: «Не даваў панамку зняць, кавэнчыў, Каб у ёй. То бацька ляпнуў па срачцы ды ўзяў на калені». Другі здымак быў зроблены ажно праз сем гадоў, па просьбе старэйшых братоў, якія засталіся абодва ў Саветах. Тут ужо было, як для мяне, цэлых чатыры гады вясковага, не абы-якім падарожжам на возе ў Мір, за дзевяць кіламетраў, з мамай i двума большымі братамі, аднаму няпоўных шаснаццаць, другому дванаццаты. Фатограф, немалады, увішны жыдок, палажыў маю правую руку на маміна плячо, a ў левую даў мне нейкую таўставатую кнігу,— як быццам я i маму люблю больш, чым усе, i самы граматны ў нашай сям'і, асірацелай пасля бацькавай смерці. Па здымку паслалі замежным братам, i дома засталося тры. Сусед наш, вясёлы дзядзька Паўлюк, паглядзеў на здымак i сказаў: «Во, i Іван свае вушы наставіў!..»
Яны ў мяне на ўсё жыццё вялікія, але ў маленстве былі яшчэ большыя, бо ці не да шостага класа трэба было стрыгчыся «пад бручку», нагала.
I вось я неяк заглянуў перад галеннем у люстэрка i да болю выразна ўявіў сябе, партызана, у паліцэйска-нямецкім палоне, у нашым мястэчку Турэц. Рукі ўжо звязаны перад павешаннем. У давяршэнне ўсіх катаванняў у пастарунку местачковы пустальга, паліцай Лісік, з якім мы ведаліся са школьнага маленства, абрэзаў мае вушы i тыцкаў імі ў заціснуты рот: «Жуй, бандзюга сталінскі, жуй!..»
Такое ідыятычна ўявілася...
I прыгадалася, як у слякотным казахстанскім Сямірэччы, у семдзесят чацвёртым годзе, нам, групе пісьменнікаў з розных савецкіх рэспублікаў, i не такое па жаху расказвалі. Яшчэ з дзён грамадзянскай вайны. Як белыя казакі атамана Аненскага накрылі ў сябе чырвонага партызана, што забег да сям'i, вынялі з яго разрэзаных грудзей не зусім мёртвае сэрца («яшчэ трапяталася») i прымусілі жонку гэтага чалавека — на вуліцы, пры яго дзецях i пры суседзях — сэрца тое кусаць, жаваць i глытаць...
* * *
...Праследаваць сям'ю — за вінаватасць бацькі i дарослага сына, якія добраахвотна ў гітлераўскай паліцыі i днямі крывава «праславіліся» на сабачай службе. Нарэшце дагнадь тую сям'ю — жанчынумаці, дзвюх маладзенькіх дачок i найменшага, зусім яшчэ хлапчанё.
Ён мне цяпер найлепей бачыцца. Нібы ён тут адзін.
Знясіленыя ўцёкамі, ушчэнт патомленыя маці i дочкі асуджана разгаласіліся перад немінучай смерцю.
Толькі хлопчык чамусьці маўчаў.
Уся «святая» злосць адпала. Самому хоць заплач. А тут жа i суровы, да расстрэлу, за невыкананне, загад, i таварышы, якія супраць тваёй слабасці. Што рабіць?! Каб быў адзін — проста вярнуўся б, а то i сказаў бы гэтым людзям штосьці, а так...
Гэта мне толькі старому прымроілася. Лес пазбавіў мяне ад такіх ды падобных сітуацыяў. А мог бы i не пазбавіць. I гаворкі пра гэта цяпер не было б.
...На адвячорку той хлопчык вярнуўся да мяне. Яшчэ ўсё моўчкі. Ярка, выразна нагадаўшы ўнучка ў такім самым узросце. З яго дапытліва-нястомным пазнаваннем свету, з яго наіўна-святой прагай жыць i жыць...
...Позні вечар. Не спіцца. I тэлевізар з пустой, нібы вясёлай перадачай.
Той хлопчык — нарэшце — горка заплакаў ад жаху канца...
Зноў разбалелася сэрца.
A толькі ж ад уяўлення.
* * *
З тэлеэкрана днямі было сказана, што ў сорак чацвёртым годзе, калі праводзілася дэпартацыя чачэнцаў, тыя аулы, што «супраціўляліся», былі знішчаны разам з людзьмі...
Словы гэтыя — так адкрыта — як быццам выскачылі ўпершыню. Як гістарычна безэмацыйны факт.
* * *
Пачуў i часткова ўбачыў па тэлевізары тое, што адбывалася ва ўсходнім Берліне ў чэрвені пяцьдзесят трэцяга. Немцаў загінула сотня. Каля пяцідзесяці (больш ці менш — не ўлавіў) афіцэраў i салдатаў Савецкай Арміі асуджана трыбуналам на смерць — за адмову страляць у мірных дэманстрантаў. Восем гадоў пасля заканчэння вайны, ды такое,— нельга не задумацца, улічваючы яшчэ не астылы напал нянавісці да гітлераўцаў. Тут, у тых, што адмовіліся страляць, гераізму, бадай, больш, чым яшчэ праз дзевяць гадоў было ў Новачаркаску, калі страляць некаторыя адмаўляліся не ў нядаўніх ворагаў, a ў людзей сваіх. I ў адным, i ў другім выпадку героі не толькі асуджаны на смерць, але i зганьбаваны, як здавалася суддзям i катам, навечна.
Сумны, жахлівы гераізм!.. Як ад яго далека да зразумення неабходнасці шукаць i знаходзіць спосабы, шляхі мірнага суіснавання. Пра новачаркаскіх адказнікаў у нас ужо гадоў колькі гаворыцца i пішацца. Таямніца берлінскіх — вось ужо раскрываецца таксама. Немцы ўшанавалі ix, як герояў. A ў нас? А каб было наадварот?..