...У тыя чэрвеньскія дні ці не з самога Берліна дэзерціраваў i ціха звар'яцеў сын нашага вясковага суседа, здаравенны, ціхманы Відзік, Венядыкт. Гадоў з дзесятак, а то i больш, пакутаваў у адпаведным абласным шпіталі, потым быў дома, пры бацьках. З маўклівага рабіўся часам буйным, дзіка крычаў пра штосьці, стаўшы нават богведама як гугнявым, i тады яго ў хаце вельмі баяліся.
* * *
Слаўныя, бедныя нашы заходнебеларускія хлопцы — Уладзімір Жылка, Ігнат Дварчанін — пасля Златай Прагі, пасля культурнай Еўропы — адзін у ссылку на суровую Поўнач, на смерць ад сухотаў, што спыняць гарачае сэрца, другі ў ГУЛАГ i пад наганную кулю ў разумную галаву. Толькі здагадвацца можна, як яны адчувалі гэта, якія пакуты цела i душы перанеслі ў сутыкненні з бальшавіцкім варварствам, каб самім на сябе пісаць тое, што было патрэбна для іхняга знішчэння. Як бедны, мужны Дварчанін (цытую з пратакола «дазнання»):
«Печатал свои к-р стихотворения... издал вредную к-р нацдемовскую «Хрестоматию белорусской литературы»... читал лекции, вкладывая в них к-р содержание...»
Гэтае «к-р», як злавеснае карканне, на жаргоне катаў азначае контррэвалюцыю.
* * *
Нізкая душа, вырваўшыся з-пад прыгнёту, прыгнягае сама.
Паўтараю Дастаеўскага без двукосся, бо з памяці. А вось i другое, не ягонае:
Нізкая душа, дарваўшыся да ўлады, рада помсціць кожнаму, хто перад ёю ў нечым «вінаваты».
Асабістае так i ўплывае на грамадскае, на гісторыю.
* * *
Прачнуўся апоўначы ад жахлівага сну. Хораша ціхаму, разумна сціпламу хлопцу, ужо шчасліва сямейнаму, пагражала ў гэтым сне сучаснае майстэрства збіваць-забіваць чалавека бясследна...
Барані нас, Божа, хоць Ты i не надта беражэш незлічонае мноства тых, каго гробяць выбарачна або забіваюць масава — i ў нас, у СНД, i на ўсёй Зямлі. Ужо i не здзіўляючы гэтай будзённай звычайнасцю.
* * *
Выдадзеная пятнаццаць гадоў таму назад, вялікафарматная, з каляровымі ілюстрацыямі, буйным шрифтам, разлічаным на пачынаючага чытача, a вельмі адпаведным i для чытача старога, добра-такі зачытаная ўнукамі за многія месяцы ix дачнага падрастання, кніга Максіма Танка «Ехаў казачнік Бай».
Унукі, сваім натуральным ходам, павырасталі, усё радзей знаходзяць час для дачнай раскошы, а дзеду, што з бабуляй, міжнародна-казачным ладам, у адзіноце чакаюць, употай лічаць дні, калі ў ix зялёную цішыню завітае былая найраднейшая шумеча,— дзеду захацелася гэтую кнігу пагартаць.
Можа, не так унукаў успамінаючы, пачаўшы яшчэ з таго часу, калі не самі яны, а ён ім чытаў, як успамінаючы сваё юнацтва, у якое — Бот мой, больш за шэсцьдзесят гадоў прайшло!—можна сказаць i так: уварвалася новае паэтычнае слова:
Гэта, вядома, з «Казкі пра мядзведзя». А вось i з «Казкі пра Музыку»:
Адчуванне сапраўднай паэзіі пры перачытванні буйным дзіцяча-старэчым пірыфтам, можа, не так востра-радасна ўсхвалявала, бо яно ж, відаць, ёсць усяму свая непаўторнасць. Аднак жа i ў хваляванні старэчым, як наўздагон, ёсць свая перавага — такая, як рэха вялікай душэўнай красы, успамінальна-развітальная, журботна-радасная асалода.
* * *
Джэральд Дарэл, «Мае птушкі, жывёлінкі i радия». Выпісваю, перакладаю з польскага перакладу:
«Мне заўсёды здавалася, што мурашы ціхенька напяваюць самі сабе, шчыруючы ў працы».
Гэта мне будзе помніцца. З далёкага грэчаскага вострава Корфу — на Беларусь, так хораша — ад любові няўрымслівага англійскага хлопчыка да прыроды,— як ён ляжаў у траве, прыглядаўся...
* * *
Па тэлевізары — страшныя вынікі афганскага землятрусу,— што засталося ад вёскі ў горах. А найстрашнейшае, рэзка балючае — дзяўчынка гадоў дзесяці на фоне ўшчэнт разбуранага паселішча, якая на ўвесь дзіцячы рот выбухнула плачам якраз у той момант, як з'явілася ў кадры, пасля чаго пайшлі словы карэспандэнта пра тое, што яна засталася з усёй сям'і, на цэлым свецс — адна...