Выбрать главу

...Каб не лічыць Міцкевіча беларусам, лепш, зручней лічыць тую Беларусь Польшчай. Нават гэтак падумалася амаль з самага пачатку зацікаўленага перачытвання багатага каментара да акадэмічнага вы-

дання «Пана Тадэвуша». Як толькі гэты выдатны даследчык, Станіслаў Пігань, не стараўся абыходзіць беларушчыну! Перакладу ягонае: «У Літве», «на Віленшчыне», «у родных мясцінах паэта»... Ёсць, праўда, i так: «Тамашняя польская мова», «відаць, пад уплывам беларускай», «гучанне беларускае»...

Ды ўсё гэта адзнакі i выдаткі нашай гістарычнай долі, што i сёння не надта палепшала...

...Ва ўсіх філаматаў, у іхніх успамінах пра Міцкевіча,— ані намёку на яўрэйскае паходжанне ягонай маці, што, зрэшты, цяпер у палякаў стала адкрытым.

Няма i намёкаў пра нейкую цьмяную нібыта сувязь генія з царскім III Аддзяленнем. Вось Алесь Ходзька піша Эдварду Адзінцу:

«Непараўнальны Адам! Ніхто з нас не прайшоў школу няшчасцяў з такой карысцю для сябе, як ён».

Ніякага падазрэння ў пана Алеся (Алесем ён сам сябе называў) няма, як i ў іншых ды яшчэ большых пакутнікаў. Яны любілі свайго непараўнальнага, ведалі яму цану, яго патрэбнасць, неабходнасць у іхняй найсвяцейшай справе, яны — да таго ж, не былі заражаны нашай, нашчадкаў, эпахальнай бядой — падазронасцю, недаверам...

...«Дзяды», частка III, паэма, раздзел «Дарога ў Расію».

Славутая жандарская аднаконная (?) кібітка на аснежаных прасторах. Сціхотны i панылы, калі не зусім адчайны, сум выгнання, невядомасці.

A ў Гогаля, у таксама чамусьці паэме, не драматычнай, а з празаічных раздзелаў,— тройка. Звышпафасна-патрыятычная. З «прадпрымальнікам» Чычыкавым у брычцы «господина средней руки».

...Нашы юныя ў пасляваенны час трагічныя патрыёты, героі кнігі «Гарт», якія хацелі быць падобнымі на Міцкевіча, Зана, Чачота i іншых «Прамяністых». А ix білі кастровым паленам, што ляжала каля запаленай грубы, каб таварышу следчаму было цяплей,— білі па юнай, светлай галаве. Чужынцы-«суддзі», якія не толькі пра тых філаматаў ды філарэтаў, але i пра Міцкевіча наўрад ці чулі...

...Перакладаю з цікавай, грунтоўнай кнігі Збігнева Вуйціка пра Ігната Дамэйку:

«Балоцісты грунт, непраходныя зараснікі ліянаў i трыснягу напамінаюць часам нетры нашых палескіх пушчаў — адвечную хованку ласёў ды мядзведзяў. Толькі тут — ані следу ніякага звера. Лес пусты».

«Тут» — гэта ў Чылі. Сумесь ведання i захаплення. I скрозь у яго паралельнае бачанне Беларусі, яе пушчаў, напэўна ж, i з адчуваннем Міцкевіча, з яго словам i вобразам.

Ён жа, Дамэйка, праходзіў i тую пушчу, тыя нетры сябравага чарнавіка наваградскай эпапеі, якую рыхтаваў да набору. А перад гэтым слухаў фрагменты адтуль у Адамавым чытанні, нават у нечым служыў яму дапамогай, падказкай.

...Зноў чытаючы пра Дамэйку.

Колькі нам, беларусам, трэба яшчэ папрацаваць, каб было на каго апірацца, кім ганарыцца ды казыраць, не адчуваючы, як сёння, пэўнай няёмкасці ад гаворкі пра славутых землякоў, беларусаў «геаграфічных», якія служылі культуры іншых народаў, лічачы сябе хто палякам, а хто рускім.

...Вялізны юбілейны том — «Пан Тадэвуш» у арыгінале, у беларускім перакладзе П. Бітэля i ў рускім С. Map.

Мне казалі, што ёсць i такое меркаванне — выдаць у адной кнізе ўсе нашы пераклады эпапеі,— Дуніна-Марцінкевіча i Ельскага, як спробы прасігналіць свету, што i мы таксама можам; Тарашкевіча, зроблены ў пілсудчыцкай турме, i Бітэлеў — у бальшавіцкім канцлагеры, як красамоўнае гістарычнае сведчанне; i Семяжонаў, пакуль што найлепшы, але ж, на жаль, разоў ці не на паўтара даўжэйшы за арыгінал.

А каб жа i нам,— успомнім украінцаў з перакладам Максіма Рыльскага,— займець нарэшце адзін дасканалы, які ў нас, напэўна ж, будзе.

* * *

Якое б гора ні было, як ні плакалася б, расказваючы пра яго, а бульбы трэба наабіраць.

I яна абірае яе, нейчая ціха-цярплячая матуля.

* * *

Перад ушанаваннем Данусі Бічэль у Купалавым музеі, уранні, я на звычаі, пераглядаў два яе зборнікі, асабліва «Даўняе сонца», выбраную лірыку, што перачытваючы, што ўспамінаючы. Дзіўна неяк адчулася, што іншамоўнай, іншанароднай паэткай яна аніяк не маша б з'явіцца, быць, бо родная мова яе не па выбару, з ёю яна выйшла ў свет i ўвайшла ў паэзію па-сямейнаму, па-спадчыннаму арганічна i неадменна. I расказала пра сваё —малую дзяўчынку, пасля пра гатовую да кахання i мацярынства дзяўчыну, шчаслівую маму, а вось ужо i бабулю. У гэтую канву жаночай долі, вядома ж, уплятаецца i ценявое, i грамадскае, аднак мне найлепей бачыцца вобраз жанчыны-паэткі ў таленавітым развіцці яе галоўнай значнасці.

* * *