I пры дачцэ-дзесяцікласніцы яшчэ ўсё маладая, толькі з прыемнай ды не лішняй паўнатой паўдзённага жаноцтва, яна была вельмі рада, што мая сустрэча з выкладчыкамі, дакладней — у большасці выкладчыцамі роднай мовы i літаратуры,— падзвіжнікамі ў наш час! —у школах сталічнай вобласці, за што яна адказвала, у чым была шчыра зацікаўлена,— удалася. Рады былі i настаўнікі, рад быў i я, а сама гаспадыня сустрэчы, развітваючыся ca мною перад усімі, пачала: «Я хачу вам нізка-нізка пакланіцца за...» Прысаромлены, я перапыніў яе: «Ну што вы, кланяцца?» I яна падхапіла іншае: «I праўда, я ўжо лепш так...» Пацалавала мяне духмяна ды горача, пад ухвальныя воплескі i смех, i пацалунак гэты чуваць на шчацэ вось ужо ці не пяты год.
* * *
Паміж снежна-беленькай марлевай — зверху i ўнізе — павязкай глядзяць вялікія, карыя, чыстыя вочы маладой медсястры. Хоць на плакат ix тут, у вочным аддзяленні клінікі, з загадным надпісам: «Такія павінны быць ва ўсіх!»
Сказаў ёй пра гэта назаўтра пасля аперацыі. Ужо з вольным, адслоненым тварам i з тымі — не тымі вачыма. Усміхнулася.
* * *
Працавітая, вечна занятая ўдава на пеней, у якое дзве каровы, пяцёра свіней, нямала курэй ды гусак, малая, з горада прывезеная ўнучка, вялікі агарод i соткі бульбы ў полі, кожнай раніцы, прывычна, спраўна падхадзіўшыся, глядзіць па каляровым тэлевізары бразільскі, як для каго, дык i бясконцы мыльны серыял з не хітрым, але ж i займальным плецівам інтрыгаў з каханнямі i здрадамі, сяброўствамі i варажнечай. Нібы малітва, багаслужба ранняя ў яе, а то часамі,— смяецца,— «і ўвечары тое самае пагляджу яшчэ раз». I паўтор не здаецца лішнім.
Бо хочацца казкі, чагосьці здалёку прыгожага, кожны дзень небудзённага.
* * *
Пазваніла з далёкай вёскі знаёмая настаўніцабеларуска. Я не адразу пазнаў яе па голасе, што яна адчула i спыталася: «Ой, вы, відаць, не пазналі, хто звоніць?!» На што я з ходу, нечакана адказаў: «Няўжо ж вы думаеце, што я не ведаю, каго люблю?..» Жаночы смех — узнагарода. Потым i жонцы сказаў пра гэты мой пераспелы флірт. Хоць тут у мяне i не ён, а шчырая павага i сімпатыя.
* * *
Вядучы маскоўскай тэлеперадачы «Человек в маске» культурна, спакойна, словам — па-сённяшняму кажучы — высокапрафесійна даводзіў сабраным у студыі некалькім сотням людзей i некалькім мільёнам тых, што бачылі гэта на сваіх экранах,— даводзіў, што прастытутка нікому не робіць зла, яна сама сабе выбрала такі лес, так зарабляе на жыццё, мае на гэта поўнае права і... гэтак далей.
А чалавек у масцы, які спрачаўся з вядучым на маральныя тэмы, ветліва папрасіў прабачэння, што перабівае, i спытаўся:
— Скажыце, а вы хацелі б, каб ваша дачка была прастытуткай?
Знячэўку ўдараны інтэлігент, з заходнім i ўсходнім ухілам, з выдатнай рускай мовай і, трэба думаць, з таксама выдатнай — у запасе — другой сусветнай мовай, англійскай, пачаў штосьці мямліць пра свабоду выбару i пра іншыя свабоды, a закончыў тым, што ён усё роўна i тады яе любіў бы... Ой, не ўсё роўна, паважаны, не!..
* * *
У дачным доме, у пакойчыку на гарышчы — на сцяне над тапчаном вясковая дзяружка, зялёныя ўзоры на белым.
У вёсцы над Шчарай, у гасцявым застоллі, спяваў калісьці на пару з галасістай настаўніцай. Паслаў ёй пасля сваю кнігу з аўтографам — «За песні». А яна прыслала гэтую саматканую «перабіранку», напісаўшы на паштоўцы — «За кнігу».
Даўні ўжо, мілы ўспамін.
* * *
— А дзякуй вам, а дзякуй!—малёкае жабрачка, прымаючы шчодрую міласціну мукою.
— Богу святому! — адказвае гаспадыня. Сціпласць правільных чалавечых паводзінаў. Народнае гэта. I маміна.
* * *
«Колькі ўжо, Богу дзякаваць, пражылося. А якое мора людзей адхлынула!..»
З гэтым я сёння прачнуўся. Калі яно ў мяне зноў жа матчына, чутае ад яе, дык яна ж мора бачыла,— як яно i на бераг ішло, як i назад адхлынала.
* * *
Вясельнаму свату, чараўніку народнага слова, якім трэба было ці нарадзіцца, ці вырабіцца такім энцыклапедыстам, часцей за ўсё ў даўнія часы непісьменным, якую трэба было мець багатую фантазію, якое ўяўленне, каб належна спраўляцца з такою процьмай прыкметаў, павер'яў, жартаў, анекдотаў, чаго працоўная вёска за свае бяспраўныя стагоддзі назапасіла!
А яшчэ ж i такая чарадзейка слова, як бабуляпавітуха,— тут ужо на адведках ды на хрысцінах.
Ды ўсё ж аднаго такога носьбіта ці адну такую носьбітку народнага багацця цяжка ўявіць праяўленага ці праяўленую поўнасцю ў адной асобе. Кожны патроху, кожнаму свая слава ў родным кутку.
* * *
Чытаць некаторых нашых філосафаў немагчыма без слоўніка,— такая процьма мудрагелістых тэрмінаў... Не памятаю, з кім я пра гэта гаварыў не вельмі даўно i хто гэта засмяяўся, што яны, тыя філосафы, i пішуць таксама па слоўніках.