Выбрать главу

* * *

Пад рэдзенькім, асцярожным дожджыкам, які нібыта i перастаў, i яшчэ ўсё цэдзіцца, я, зранку, адразу стомлена выйшаў з нашай мокрай, някошанай на паляне травы на сырую, паўзораную трактарным следам дарогу, успомніў чутае, народнае ды старэчае, i ў думках сказаў сам сабе: «Што ж, паківаемся далей!»

Пачаўся новы дзень.

* * *

Дзе тое XVI стагоддзе, дзе той цэнтральнапольскі маёнтак Чарноляс, a ў пана Яна Каханоўскага ідуць у вершах такія словы: babić, kramny, pół rzeczy. Сустракаючы ix, адпаведна кожнаму ўспамінаю, як гэта чулася мною, беручы па адным чалавечым веку, вельмі ўжо даўно, ды сярод тых людзей, якія пра такога трывала таленавітага ды багата адукаванага пачынальніка нацыянальнай літаратуры братняга народа, па сваёй бяздольнасці з пакалення ў пакаленне, i чуць не чулі, i ведаць не ведалі.

A гаварылі: «Яна ў мяне ўсіх маіх дзетак бабіла». «I сваё ж мы тчом, i ў крамным па святах ходзім». «З марозу вярнуўшыся ды місу гарачай капусты высербаць — гэта зусім непаўрэчы!..»

Вось тут i падзяліся, што чыё.

...Днямі я, чамусьці ўпершыню, падумаў пра нашу агіду побач з польскай ohyda. Хоць ты скажы: куды ж падзецца ад гэтай блізкасці моў? Ды нікуды, будзьма самі сабой. Толькі без нейкай таксама ж моды — браць без патрэбы суседскае, маючы нягоршае сваё. A ў нас, услед за słynnym ужо ўжываецца i wybitny. Адзін «старацель» (не золата, а слова) у сваіх перакладах з англійскай мовы нясе ў нашу зноў жа польскае matołek, замест прыдурка, a другі, перакладаючы з нямецкай, цягне ад палякаў gałgan, замест нягодніка... I ўсё дарма!

* * *

Гістарычная забастоўка на расійскіх чыгунках увосені 1905 года дайшла да мяне ў маленстве з матчыным смехам па той прычыне, што наш чыгуначнік бацька тады, калі забастоўка закончылася, «прыехаў пастрыжаны нагала, як галамоўза». А прыехаў ён, трэба думаць, у Загора, бо мама тады ў Адэсе не жыла, дый прыехаў ён, як яна казала, чамусьці з Пецярбурга. Цяжка мне было разабрацца з усёй тою рэвалюцыяй. Дый галоўнае тут, што пастрыжаны «як галамоўза», значэння якога пакуль што ў слоўніках не знайшоў.

* * *

«Нуда горш за каросту». Чуў такое i ў сваёй вёсцы, i ў навакольных.

У этымалагічным слоўніку Праабражэнскага так: «Нуда, нужда, нечистота; нудзіць; нужа»,— гэта бр» (беларускае). «Интересно заметить,— піша ён,— что рус. нужа, можно сказать, совсем вытеснило цел. нужда». (Цел — церковнославянский.)

Са школы помніцца, у Багушэвіча:

...I жывець сабе на волі. Без бяды, без нужы.

* * *

Учора ўвесь дзень i сёння раніца з кнігай «Фальклор у запісах Яна Чачота i братоў Тышкевічаў». Чытаючы, не-не ды ўспамінаўся рослы, з падзюбаным воспай тварам маўклівы хлапчына з Сакольскага павета Беласточчыны — Саловіч, імя якога не запомнілася.

Дваццацёх нас, нядаўніх салдатаў польскай марской пяхоты, нямецкіх палоннікаў, у пераважнай большасці беларусаў, працавала ў вялікай памеранскай вёсцы на «арбайтскамандзе», па гаспадарах, a начавалі ў абгароджанай калючым дротам «штубе» з закратаванымі вокнамі i насланай на падлозе мятай саломе.

I вось аднойчы, калі ўжо ляжалі без агню, маўчун Саловіч раптам засмяяўся і, не сказаўшы чаго, заспяваў: «Баба Ксютка, дзед Тамаш, ой-ёй-ёй, паехалі на кірмаш, ой-ёй-ёй!..» Песня адразу прыйшлася да смаку, асабліва прыпеўнае ойканне на ўсе лады ды галасы, хто яе ведаў, а хто i не. Я, напрыклад, пачуў яе ўпершыню, нават уранні запісаў у блакноце, які захаваўся. I вось успомніў той далёкі час, тую дружную грамаду, той нечакана ды грубавата вясёлы голас сябра няволі, побач з якім я пражыў некалькі месяцаў, a запомніў так надоўга.

* * *

Апошнія дні месяца хочацца дажыць, перажыць як найхутчэй, каб спакойна, памалу пачаць новы месяц, зноў з першага дня. Як у школе калісьці, ад сшытка памятага, дзе-нідзе заплямленага, а то i з дрэннай адзнакай за нейкі ўрок ці за паводзіны, хацелася, не закончыўшы яго як след, да апошняй старонкі, перайсці да новага.

Параўнанне, можа, не зусім адпаведнае,— так мне думаецца не пра прыход любога месяца, a іменна пра мой жнівень, як быццам я сам выбраў яго для нараджэння. Калі я служыў — у рэдакцыях, у выдавецтве, у апараце Саюза пісьменнікаў,— для адпачынку найахвотней выбіраў яго. Бо i проста жнівень люблю, калі яшчэ ўсё лета, ды ўжо не толькі ў красе, але i ў багацці.

Вось пішу, а за акном, за дрэвамі, за Нёманам, недзе на лузе — дружны i доўгі клёкат адразу некалькіх буслоў, сёлета пачуты так, у харавым выкананні, упершыню. Таксама ж невыказна журботнапрыгожае сведчанне летне-перадасенняй красы.