* * *
Адчуванне ціхай удзячнасці кнізе, якая па-матчынаму верна, цярпліва чакала, калі я вярнуся да яе зноў.
Так я сёння гартаў двухтомнік Уладзіміра Дубоўкі, выдадзены неўзабаве пасля заканчэння ягоных... ой, доўгіх сібірскіх пакутаў.
На гэты раз захацелася перакладаў, у другім томе. I я з прыемнасцю чытаў Славацкага i Сыракомлю ў таленавітым перастварэнні старога, надзейнага майстра.
* * *
Уладзімір Содаль, «Сцежкамі Мацея Бурачка». Яна ўжо тут, гэтая кніга, даўнавата стаіць на дачнай кніжнай паліцы, але чыталася не цалкам, ад пачатку да канца, a прыхваткамі ці выхваткамі цікавейшых мясцін. Ды вось я вярнуўся да яе, чытаю ад пачатку.
Ва ўдзячным спакоі ды разбуджанай цікаўнасці думаецца пра шчырасць у працы гэтага работніка роднай справы. Ён, Содаль, спасылаецца сям-там на другога рупліўца, Генадзя Кісялёва. I таму, відаць, што Генадзь Васільевіч рускі, а з нежынскага перыяду Багушэвіча адзін фотаздымак, адно прозвішча — Насэнка — светла гаворыць пра сябраванне беларуса з украінцам, у памяці маёй ажыў фотаздымак з вясны трыццаць дзевятага года,— украінец Нагірный i паляк Каўчыньскі, вобразы гэтых сяброў у салдацкай масе, дзе мне таксама пашанцавала. На валынскага парубка Сэмэна, пачынаючага паэта, i лодзінскага ткача Уладка, проста добрага, шчырага хлопца, на два аўтографы пра дружбу, на дзвюх мовах.
Успомнім тое, што я ўжо неаднойчы згадваў у запісах, вычытанае ў Кузьмы Чорнага: тая кніга добрая, што наводзіць на добрыя думкі, i будзем чытаць далей.
* * *
Шанцуе на неспадзяванкі. От сабе, так сабе купіў у кіёску «Звязду», а там, гляджу,— разумны i сардэчны артыкул Таццяны Падаляк да дня нараджэння Якуба Коласа. А далей — Ніл Гілевіч захоплена i талкова піша пра сапраўды выдатнае апавяданне Івана Пташнікава «Тры пуды жыта».
Такое нам патрэбна, i заўсёды было, а сёння асабліва,— быць вышэй за драбнату ў адносінах, падтрымліваць адзін аднаго ў галоўным.
* * *
A калі ж ужо, як не ў старасці, гаварыць добрым людзям добрыя словы, якія ім заслужана належацца?
* * *
Заглянуў у змест свайго зборніка «Пішу як жыву», яшчэ раз спыніўся на кароценькай, але змястоўнай анатацыі, напісанай рэдактарам, светлай памяці Валянцінам Рабкевічам, i журботна падумалася:
«А ці падзякаваў жа я яму як след i за гэта, i за добрае рэдагаванне кнігі?..»
* * *
У адной з запісак, на якія адказваў, выступаючы перад студэнтамі філалогіі педуніверсітэта, такое пытанне: «Каго з сучасных пісьменнікаў вы лічыце найбольш значным?»
Знячэўку адказаў успамінам пра тое, як унук, ліцэіст-матэматык, гаварыў мне ўлетку, што апошнім часам яму вельмі ўпадабаўся Алесь Гарун, якога ён ставіць для сябе «адразу пасля Максіма Багдановіча».
Гэтым ён, наш Гарун, i сучасны, як i ўсе тыя, што чытаюцца ды перачытваюцца сучаснікамі розных пакаленняў
* * *
Адзін том напісаны, а яшчэ тры дапісаныя.
Такое можна сказаць ці хоць падумаць пра «некаторых» нашых эпапейшчыкаў.
* * *
Уладзімір Конан у сваім артыкуле ў ліпеньскім «Полымі» шкадуе, што Уладзімір Сядура-Глыбінны не пакаяўся за свае маладыя крытычныя выпады супраць літаратараў, так сказаць, недастаткова савецкіх. A пляменнік Валерыя Маракова ў сваім «лімаўскім» інтэрв'ю дадае сюды, да Сядуры, i іншых, якім трэба было б пакаяцца,— Антона Адамовіча i Юрку Віцьбіча. Яны таксама ж практыкаваліся ў казённа-пралетарскай аглабельшчыне...
Не скажу, што такое ў друку я сустрэў з якойнебудзь злараднасцю. Проста згадалася, што ў нас на ўсіх эмігрантаў — часам ды некаторымі — глядзіцца ледзь не як на святых пакутнікаў. I толькі.
* * *
У Купалу трэба ўчытвацца. Тады ў ягоных радках будзе спыняць увагу такая, для прыкладу, вобразнасць, як тут, у вершы «Мая навука», дзе душа паэта «купалася ў сонцы вясёлкай распетай», што я падкрэсліваю сваім захапленнем, убачыўшы яе, вясёлку, яшчэ раз інакш.
* * *
Ад невычэрпна свежай вечнасці на душу дыхнула тое проста прыродна-вяскова-жыццёвае ў «Ганне Карэнінай», дзе i выхад на паляванне, i касавіца,— што так блізка, родна хвалявала мяне, вясковага юнака, пры першым чытанні рамана.
* * *
Чаму не люблю даваць інтэрв'ю?
Каб не выказваць загадзя таго, што лепш у добры час самому напісаць.
* * *
Запісы, зацемкі, споведзі...
Ратуй нас, натуральны сэнс, ад старэча-недалужнага стрыптызу, а тым больш — ад бяззуба чорнай зласлівасці.