* * *
Столькі чытаць, цікавіцца, удакладняць, запісваць, перадрукоўваць, вычытваць — навошта гэта пасля васьмідзесяці?..
А гэта ж не толькі мае, пісьменніцкае. I дзед вясковы таксама ж варушыцца, робіць у гаспадарцы што-колечы, прымаючы ў ёй удзел. I менш, відаць, задумваецца: а навошта?..
* * *
Пазаўчора, нібы зусім абстрактна, нават весела, як ствараючы афарызм, падумалася, a ўчора i запісаў у блакноце для далейшага ўжытку: «Трохі пагрэцца графаманіяй».
А сёння вось i прымяніў гэта на практыцы, перапісаўшы дзве мініяцюры. I пагрэўся, i яшчэ раз пераканаўся, што калі ёсць адчуванне незакончанасці, недасказанасці, дык перапісванне — гэта не графаманія. Ну, а пацяпленне ад таго, што зрабілася, патрэбна.
* * *
Дыстанцыя ў часе дае пэўную аб'ектыўнасць у стаўленні да зробленага самім табою. Аднак ёсць тут i доля асабістай прыхільнасці, можа, нават i нейкая міжвольная ільгота, спагада самому сабе.
Але ж ёсць яшчэ ў нас, дзякуй Богу, i здаровая прыхільнасць да другога майстра, якая па-чалавечы не перашкодзіць тваёй аб'ектыўнасці ў ацэнцы зробленага ім.
* * *
Добра, калі творчыя прастоі, гнілое ныццё беспрацоўя робяць станоўчы ўплыў на далейшую працу, на якасць яе.
A калі не, калі яны, прастоі ды ныццё, толыгі так сабе?
Мала таго што пакутліва ды агідна, дык яшчэ i непатрэбна?..
* * *
Заложнае чытанне беларускай савецкай прэсы двадцатых — трыццатых гадоў, яшчэ без спецфондаўскай абмежаванасці, у бёзладзе першых пасляваенных гадоў, разам з Валянцінам Таўлаем, нават можна сказаць: пад яго кіраўніцтвам, у Ленінскай бібліятэцы.
А пазней, у пяцьдзесят першым i пяцьдзесят другім гадах, ужо з Уладзімірам Калеснікам, чытанне заходнебеларускай i адпаведна польскай прэсы міжваеннага часу ў Вільні, у бібліятэцы Урублеўскіх літоўскай Акадэміі навук і, карацей па часе, ва універсітэце, карысна дапаўняючыся з Валодзем пэўным веданнем заходнебеларускага жыцця пры Польшчы.
Гэта была для мяне сапраўдная вучоба, як быццам на еўрапейскі універсітэцкі лад — слуханне лекцыяў, чытанне адпаведных крыніцаў, дый яшчэ ў большай свабодзе ўспрымання, бо без экзаменаў.
Калеснік пісаў пра тую маю заложнасць. Дадам яшчэ i пра натуральную прагнасць да ведання.
* * *
У кожнага з нас свая мелодыя стылш. Чаму ж ты хіліш, каб я спяваў абавязкова так, як ты?
Бывала, такое хацелася сказаць нават такому рэдактару, як Янка Скрыган, такому стылісту i чалавеку, з якім мы ўзаемна шчыра шанаваліся.
* * *
На старасць людзі дзяцінеюць, а я, так сказаць, юначаю. Можа, i менш хваляваўся нядаўна, чым ад надрукавання першага верша або выхаду першай кнігі, аднак i хваляваўся, i хвалююся, амаль па-юначы, ад новай публікацыі, потым яшчэ i перачытваючы...
* * *
Пішу алоўкам у блакноце, i ўспамінаецца, як у гады маёй вясковай творчай працавітасці ў акупаванай глухамані пісаў абы-чым i абы на чым, то ў школьных сшытках, то ў самаробных «гросбухах» з упаковачнай паперы, сшытых мамінымі «сўканымі» ніткамі.
Адзін з ix, з дробнымі запісамі, першым «зборам» мініяцюр, застаўся ў хаце з усім іншым дабром, на суседскі прагны расцяг ды на здзек паліцаям.
A другі, з якога я ў партызанскай зямлянцы дыктаваў штабной машыністцы Гіце свае аповесці для адсылкі ў Маскву, Максіму Танку, на хаду рэдагуючыся, той свабодна поўны тэкст на ўсякі выпадак спаліў у нашай печы з вялікай жалезнай бочкі. Бо i вясёлая ды вельмі не дурная Гіта ў паасобных наіўнасмелых мясцінах дыктанту прыязна, прыцішана пыталася: «Ваня, ты что — сумасшедший?»
Сёе-тое з майго вясковага архіва засталося, напісанае то пяром, то алоўкам, хімічным ці простым, i я з гэтымі папкамі не расстануся да канца.
* * *
З народнай мудрасці, даўно пачутае: «Лепш хай маё пяройдзе».
У «Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі» падаецца яно так: «Перайсці на карысць другому. Хай маё пярэйдзе».
Тут недзе блізка i кітайскае: «Пераконвай дурня маўчаннем».
Замест таго каб перад ім апраўдвацца.
* * *
Прыцемкам вяртаючыся дахаты, я не разгледзеў да канца ступенькі спуску ў падземны пераход i паляцеў на бетон, ажно звалілася шапка. Пачаў цяжка ўставаць, а з прахожых не хтосьці з мужчын, а жанчына з маладым голасам спынілася i спытала: «Вам памагчы?» Спачатку памкнуўся аднеквацца, а потым адчуў у сваёй старой лапе яе цёплую далоньку i не ад сілы яе, але ад пяшчотнай дабрыні даволі ўдала ўстаў, падзякаваў, нагнуўся падняць шапку... А жанчына тым часам знікла ў рэдкім, мітуслівым натоўпе, таксама ж сгіяшаючыся. Аднекуль i некуды — упершыню i назаўсёды...