Выбрать главу

Ці «красота спасет мир», ці дабрыня, якая так нам патрэбна?..

Дзевяноста дзевяты

У апошнім леташнім «Нёмане» Адамовічавы «Записные книжки разных лет. 1984-1986 гг.». Чытаецца даволі туга, настолькі яно для самога сябе, вакол «Последней пасторали» i Чарнобыля. Але вось i жывінка, цікавая мне па-свойму: «Погордиться малость, что ли? Я не только предсказал брылевские «Нижние Байдуны», но подтолкнул Брыля к ним — своей статьей «А что же там дальше?».

И то же самое с быковским «Знаком беды». Кожнаму ёсць чым паганарыцца, у гэтым выпадку яшчэ i мне,— тым, што ўсё ж такі, нягаедзячы на сяброўскае «прадказанне» ды «падштурхоўванне», я ішоў перш за ўсё ад самога сябе, па сваіх пазыўных.

* * *

Ёсць у нас меншасці польская, яўрэйская, татарская, будуць, чаго добрага, азербайджанская, армянская... Рускіх так нягожа называць, бо яны ў нас «подавляющее меньшинство». A беларусаў гэтых як быццам i зусім няма. Учора, прачытаўшы ў «Народнай

волі» пра тое, як рыхтуецца перашс i навошта ен задуманы, ажно ў душы пацямнела ад новага наступу інтэграцыйнай «хітрасці». Не дзіва часамі i слязе з'явіцца, калі слухаеш «Магутны Божа», як было ў мяне ўчора, на татарскім свяце ў Коласавым музеі.

* * *

Жыдліцкі коратка павіншаваў навагодняй паштоўкай, у паетскрыптуме дадаўшы: «Іду Тваім следам: пасля аперацыі перастаў бачыць на левае вока». Ад Няўважнага пакуль што нічога няма. У адказ на маё. A ўчора, на акадэмічнай сесіі, у даведніку «Персональный состав» прачытаў, што Навічэнка памёр... яшчэ ў лістападзе 1996-га. Жыва, сумна ўявілася наша апошняя сустрэча ў Кіеве, таксама ў лістападзе, але ж — у восемдзесят дзевятым.

Мой чэх, мой паляк, мой украінец. I такая раз'яднанасць!..

* * *

Думалася днямі i ўчора ўвечары зноў пра мае апошнія рускія кнігі «Сегодня и память», 1986 год, i «От сева до жатвы», 1988-ы. А сёння ўранні думаў пра... хочацца сказаць: багаты запас таго, што хутчэй за ўсё ў перакладзе кнігай мне не пабачыць. З чатырох зборнікаў гам i «Мундштук и папка», i апавяданні, i мініяцюры, i эсэ, i ўсё гэта перакладзена, прапушчана цераз «Нёман». Пішацца, будзе новае i яшчэ, i таксама ж на вылежку...

I гэта ў мяне не сум па савецкім мінулым, але ва ўсе часы законнае жаданне літаратара друкавацца не толькі на роднай мове, але i на мовах іншых, у тым ліку i на рускай, што было ў мяне i чаго ўжо даўно няма...

Пытаюцца часам на літаратурных сустрэчах, ці хацеў бы я пражыць сваё жыццё яшчэ раз, нанава.

А я за сябе не ручаюся, што пражыў бы яго лепш, чым гэтае.

* * *

Адчуванне меры Талстой, што я нядаўна перачытаў у запісах Макавіцкага, лічыў для літаратара першаступенным абавязкам.

Можна дадаць: ва ўспамінах — таксама.

Нават на юбілеях i паніхідах.

* * *

Зноў «польскія беларусы». Не паленаваўся зверыць з двухтомным даведнікам «Literatura polska», колькі ix, старанна сабраных Мархелем у «Расу нябёсаў...», успамінаецца ў тым двухтомніку. Дваццаць сем з сямідзесяці. А нам усё падыходзіць — па прынцыпе геаграфічным, з меншымі i да прыкрасці большымі нацяжкамі ў сэнсе мастацкай вартасці i нашага абагачэння тымі «здабыткамі», якія літаратура іншая, калі злосна сказаць, змятае са свайго стала.

Такое адчувалася i раней, пры іншых нашых вельмі старанных уліках.

* * *

Крутая гушчыня слова i выбуховая магутнасць вобраза. I сярод тых разнамоўных ваяроў, што штурмуюць сцены гэтай паэтычнай крэпасці, i наша светлая руплівіца Ірына Багдановіч.

Чытаючы яе пераклады «Крымскіх санетаў» Міцкевіча, зробленыя з розным поспехам.

* * *

Дзяжа — найсвяцейшае ў хаце. I нейкая няёмкасць адчуваецца, заўсёды мне адчувалася ў тым, што нявесту, дзеля праверкі нерушы, саджалі іменна на дзяжу. Хоць i прыкрыўшы кажухом, відаць, нават i паставіўшы дагары дном.

* * *

Прачытаўшы ў «Нашем наследии», як Ахматава падаравала Лукніцкаму спіс сваіх публічных выступленняў за 1923-1946 гады, падумаў пра свой такі спіс, пачаты з 1981-га, ад даведкі ў Саюз пісьменнікаў, хто колькі выступаў бясплатна, не цераз бюро прапаганды мастацкай літаратуры. Узяўся прывесці яго ў парадак. Здзіўляцца прыйшлося, перадрукоўваючы, колькі ўсё-такі выступаў а гэта ж i праца была, да якое i рыхтаваўся, i значнасць, патрэбнасць яе адчуваў.

* * *

Заходзіў у «Бярозку», дзе Валодзя Ягоўдзік даў мне нумар свайго «Лесавіка». Сёння зранку, знаёмячыся з ім, быў хораша блізкі да адчування роднай, назаўсёды таямнічай велічы свету прыроды, што чаравала з самага маленства, а цяпер шчымліва перагукваецца з тою зачараванасцю.