* * *
«Дзед здырдзіўся». Лазіў па слоўніках, шукаючы гэтаму слову, вядомаму здаўна, навуковага вытлумачэння. Толькі ў этымалагічным ёсць, а потым, весялей, у старога Насовіча: «Здырдзіцца — выцягнуць ногі».
А «стаць дырда»? Вертыкальна. Таксама ж наша, загорскае.
* * *
Пераглядаю трэці, чацвёрты i пяты тамы новага Збору твораў Купалы.
Ох, гэты цяжкі ды змрочны пяты том!.. З «паэзіяй» трыццатага — сорак другога гадоў, вельмі далёкай ад Яго таленту.
Ніякага асуджэння, a толькі жаль i позірк на падобнае i ў самога сябе.
* * *
...Чытаючы, як ён, Рэмезаў, у маленстве «прикладывался к мощам», выразна ўбачылася, як я, малы, з маміных рук, узяты пад пашкі, прыкладваюся да плашчаніцы, як быццам верачы ў яе сапраўдную незвычайнасць. А потым, само сабою, ведаючы цяпер, што мы з мамай i туды, у царкву, i адтуль ідучы па чатыры кіламетры, а назад яшчэ i прыцемкам, пра нешта ж i гаварылі ў дарозе. I так жа цікава стала: як, пра што гаварылі? Прыдумаць, неяк дагадацца можна, але ж яно будзе прыдумана!..
* * *
У «Полымі» з цікавасцю прачытаў «Маё мястэчка» Васіля Стомы-Сініцы. Цікавасць маю можна апраўдаць i тым, што гадаваўся я ў падобным часе i асяродцзі, але ж таксама i тым, што далёкі, заакіянскі аўтар сваё расказвае каларытна, як добры байдун. Дарэчы, чытаючы, я памятаў сваіх «ніжніх байдуноў». I думалася таксама, што калецтва, як i ў майго Рафалка, дапамагала гэтаму вясёламу назіральніку ў яго таленавітым апавяданні.
Толькі ў пасляслоўі ён палітычна вякнуў: «...у праклятай памяці 17 верасня 1939 году...» З якіх гэта пазіцый?..
* * *
А чаму мне трэба чытаць усё падрад, якая ў гэтым добрасумленнасць, перад чым ды перад кім? Асабліва калі ведаеш літаратурныя магчымасці таго ці іншага маэстра, які вось зноў надрукаваўся, тоўста ці крыху танчэй. Няўжо так многа вольнага часу, a ў перспектыве — дзён, гадоў жыцця?..
Сёння, пачаўшы дзень з Розанава (успаміны яго дачкі ў «Литературной газете») i Дзюрэнмата («Аварыя» ў «Крыніцы», у выдатнай Сёмухавай падачы), падумалася так, згадаўшы часопісную прозу тых з нашых, каго легіш не называць.
* * *
Днямі, як толькі прачнуўся, так i выскачыла ў памяці маміна: «На пахілае дрэва i козы скачуць». Як у народным мудрасць спалучаецца з вобразнасцю.
А сёння вось, у «Народнай волі», адна вясковая інтэлігенгная патрыётка ўспамінае свайго настаўніка роднай мовы, які любіў паўтараць невядома чыё:
Аднак захапленне спыняецца на тым «адным воку».
* * *
Нібы жартуючы, крыху паблажліва, аднак калі на розум узяць, са справядлівай удзячнасцю думаем дый кажам: а хто нас чытаў бы, каб не графаманы?..
А тут вось, далей пераглядаючы добрую кнігу Ніны Гаўрош «Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы», думаецца i пра мовазнаўцаў, з яшчэ больш сур'ёзнай удзячнасцю, Вось хто чытае нас, так многа i так уважліва.
I пра шчырасць ix трэба сказаць, бо гэта ж з ёю яны накіраваліся ў такую дарогу жыцця, дзе болей працы, чым наедку ды пашаны.
* * *
Во, i яшчэ адзін пнецца быць вельмі сучасным, усё ў яго «аповедзе» на адных намёках, на глыбакадумным недагаворванні... А я, прачытаўшы цярпліва, амаль пазяхнуў: не хапала яшчэ здагадвацца, што тут у цябе да чаго!..
* * *
...сказала, што ў Куляшова лермантаўскі радок «и звезда с звездою говорит» гучыць значна лепш: «зорка зорцы голас падае». Мне было прыемна пачуць гэта, бо i самому той радок Міхаіла Юр'евіча заўсёды адчуваўся ад збегу зычных цяжкаватым.
У «Немане» разумны артыкул Бугаёва пра Куляшова, ад чаго мне цьмяна прыгадалася нядаўна прачытанае ў «Навінах» молада-цынічнае, што Куляшоў маўляў, аўтар верша «Камсамольскі білет» i яшчэ чагосьці іншага. Няўжо гэты верш, якім савецкая педагогіка доўга ды бязлітасна барабаніла па мазгах нялетніх чытачоў трэба абавязкова згадваць так, нібы ён закрэслівае ўсё іншае ў таленавітага, высокакультурнага паэта?.. Нікуды ўжо не падзецца ад тага, што i ў Купалы, i ў Коласа, i ў маладзейшых, шануючы ў ix па-сапраўднаму іхняе, галоўнае, нямала вольнай-нявольнай палітычнай рыторыкі трэба адшалушваць ды па магчымасці забываць. * * *