Выбрать главу

Аўтар «Живых мощей» пісаў, што называецца, ад паўнаты душы, у свабодзе выбару ды ў безнагляднасці. Другі аўтар, «Матрениного двора», адваяваўшы, выпакутаваўшы трохі свабоды сілай душы. А трэці, што напісаў, між іншым, i «Паруню» «по веленью божьему» ды з мужным пераборам выкарыстваючы час «галоснасці», «перабудовы» i «дэмакратычнай» смуты, ужо без двукосся.

Можна яшчэ сюды i Цютчава дадаць, эпіграф да «Живых мощей»:

Край родной долготерпенья —

Край ты русского народа!

I можна перайсці да самога сябе, задумацца над тым, а як жа ў цябе з вобразам жанчыны-маці, пакутніцы ў працы, у горы ды ў бедах, сваіх i народных?..

* * *

Не памятаю, ці дзе запісана ў мяне, хоць бы намёкам на тое, што мама расказвала пра сябемаладзіцу. Хутчэй за ўсё — не. Як яны з нашым, з маім бацькам згодна жылі, як толькі аднойчы было, што яна да сваіх, у суседнія Маласельцы схадзіла, дык за тое, што без дазволу або ўзгаднення, ды яшчэ i пераначавала там, бацька наш, цяжка ўявіма малады з яшчэ на тры гады маладзейшай мамай, у якой нават Ганны, нашай найпершай, не было яшчэ, упершыню, як яна казала, «першы i апошні раз», ці ад бацькоў наказ які пачуўшы, пакуль яе не было, ці свой характар захацеўшы паказаць, калі яны селі сям'ёю за стол i яна з лыжкай прысела каля яго, ён — во ажно як! — выхапіў у яе тую лыжку i бразнуў яе, хоць i не звонка, драўляную, аб падлогу. А яна сабе ўстала, лыжку падняла ды, не абцёршы яе,— тыц у крупнік. I сёрбае, як усе, бо гарачае. Таксама ж характар! На ўсё жыццё, бо яшчэ ж i найменшаму з дзяцей, мне, па ліку дзесятаму, ужо ўдавою стаўшы, расказала за прасніцай.

Успомнілася гэта цяпер над старонкаю «Матрениного двора», дзе старая пакутніца ўспамінае: «Меня сам ни разику не бил». Не кніжнасць тут у мяне, а наша «общность», агульнасць літаратараў i людзей. А яшчэ i сямейная гордасць — тым, што ў маіх тая першая i апошняя сутычка была не такая, як у Матроны са сваімі, з мужыком пры ягоных бацьках i залвіцы, бо там: «То есть был-таки раз — я с золовкой поссорилась, он ложку мне об лоб расшибил. Вскочила я от стола: «Захлебнуться бы вам, подавитесь, трутни!» И в лес ушла. Больше не трогал». А наша мама нашаму тату, дзеду з бабай нават i слова злоснага не сказала.

Запісваю, i думаецца з сумнаватай усмешкай, як бы гэта Валодзю Калесніку спадабалася ды прыдалося ў кнізе пра мяне...

* * *

Калі памёр Уладзімір Высоцкі, Эльдар Разанаў параўноўваў яго... з Гётэ.

А на пахаванні генерала Лебедзя артыст Аляксей Пятрэнка, зноў жа па тэлебачанні, параўноўваў «этого самородка»... з Ламаносавым i Шаўчэнкам...

Таксама з жалю.

* * *

Акружэнец, не партызан, а прымак у багатым хутары, былым фальварку, амужычаны журналіст, працавіты круцель, прысуседзіўся на мірскім кірмашы да ларка з «чарнілам», прывезшы з дому, за дванаццаць кіламетраў на выпрашаным у брыгадзіра калгасным гора-кані бочачку салёных агуркоў. Хвацкая закусь, жывая капейка!.. I раз, i другі раз, i трэці...

Расказваючы мне пра гэта, колішні зямляк, жыдок з Турца, цяпер ажно маскоўскі бухгалтар на пенсіі, расчулена смакаваў гэтую «смекалку», ажно вочы заплюшчыўшы:

— Огурчик — рубль! Огурчик — рубль!.. I рубель жа не сённяшні, a сталінскі ці хрушчоўскі.

* * *

Вярнуўся з ЗША з нейкай вялікай удачай у сваім бізнесе, а дома, ледзь не з ходу — шырокі інфаркт i некралoг з памінальнай нацяжкай.

Прыгадаўся пачатак ягонай кар'еры, кніга рускіх народных казак, поўная адкрыта-агіднага брыдкаслоўя, але для гандлёвай прыманкі маляўніча аформленая пад кнігу для дзяцей. На паседжанні праўлення Саюза пісьменнікаў, у «розных», яна разглядалася як шкодная парнаграфія. А ён, выдавец-пачатковец, моўчкі адседжваў сваё за доўгім сталом i толькі прытоена ўсміхаўся, трэба думаць, з таго, якія мы ўсе прастакі ca сваёю адсталай маральнасцю.

* * *

Наша Крынічнае.

Да ўсяго прывыкаеш. Салаўёў яшчэ застаў, але запісваць не пацягнула. A жураўліны пераклік за Нёманам, дзе лугі тым часам дружна пайшлі ў зеляніну ад начных i дзённых дажджоў, чую кожную раніцу з дарогі ў пасёлак, як быццам без хвалявання, як штосьці звычайнае, неад'емнае. Што ж, на дваццатай тут вясне.