Выбрать главу

...Хораша, весела i сардэчна, мудра піша ён пра абедзве крайнасці чалавечага веку — маленства i старасць, хоць сам яшчэ ў тым узросце, пра які рускія гавораць: «Уже умен и еще молод», сталасць пасля саракоўкі. Хоць ужо i ён прымяркоўваецца да старэчых адзнакаў. «У Міхаіла Іванавіча была досыць пачэсная лысіна,— расказвае ён i ў дужках дадае: (з некаторага часу я пачаў гаварыць аб лысінах з пэўнай павагаю)», i ўсмешка яго, яшчэ й з пагладжваннем сваёй галавы, перадаецца мне, чытачу.

Дзед Баўтрук за два тыдні змайстраваў хутаранцу Даўнару свіронак i паветку. А тым часам рэвалюцыйныя грошы так упалі ў цане, што хоць плач,— ці не ў дзесяць разоў, параўноўваючы з тым днём, калі прастадушны цясляр дамаўляўся з хітраватым умельцам жыць (такія былі i тады, не толькі сёння), аднак падарунак унучку на кірмашы ён купіў. I тут ужо варта не паскупіцца на цытату большую:

«Прысеў адпачыць у дарозе. Даўнаровага тытуну закурыў, пакупкі свае агледзеў яшчэ раз. З кішэні казельчыка выняў — зграбны, падла: ножкі — па каленцы, пад чэраўцам — рыжавата, хвосцік угару задзёрты, a ў хвосціку дзірачка, пад хвосцікам дзірачка i па баках па дзірачцы. Паднёс дзед хвосцік у рот, падзьмуў — свіснуў казельчык, аж рэха па лесе пайшло. Усміхнуўся дзед Баўтрук: вось будзе рад унучак Андрэй!»

Колькі ўсяго ў гэтай канцоўцы апавядання пад назвай «Называецца зарабіў»!

...Нібыта й радасць, што слабых, як не ягоных, апавяданняў з канца двадцатых i да палавіны пяцідзесятых Колас напісаў, можна сказаць: вымучыў толькі паўтара дзесятка. Куды што падзелася — i разважліва, грунтоўна жыццёвы тэкст, i шчырасць пачуццяў, i натуральны гумар... Памятаецца, як здавалася будучай з'явай яго вялікае, як аказалася, апошняе ў жыцці апавяданне «Між дзвюх рэчак», як мы, маладыя, чакалі яго i як яно расчаравала,— тая самая слабізна, што i ваенныя прымітыўна-бездапаможныя замалёўкі, з той толькі розніцай, што павярхоўна «публіцыстычнай», панылай расцягнутасці намнога больш...

Малодшы брат дзядзькі Якуба, эмігрант Міхась, здалёк, адкрыта даводзіў, што «Колас цяпер гаворыць не сваім голасам». Малады Максім Танк пісаў яшчэ маладзейшаму Пімену Панчанку ў лютым 1945-га, са зруйнаванага Мінска ў легендарны Іран: «Новых твораў за гэты час, вартых увагі, не з'явілася. Праўда, напісаў Колас паэму «Адплата». Урыўкі мне чытаў Лужанін. Рэч, здаецца, слабая. Стары не хоча зразумець, што ў вершах атупела яго пяро. Пісаў бы ён прозай. Праўда, сам я паэмы не чытаў, але як прачытаю, напішу табе падробную рэцэнзію, якую, можа, калі-небудзь надрукуюць патомкі, пад загалоўкам «Перапіска з другам Піменам», бо зараз, сам ведаеш, праўды пра творы класікаў ніхто не асмеліцца надрукаваць».

«Пісаў бы ён прозай»... Штосьці тут ад маладой паэтычнай наіўнасці. Пісаў ж а Колас i прозай, амаль да самага канца: трэцяя, найслабейшая, частка «На ростанях», тое самае «Між дзвюх рэчак»...

Аляксандр Твардоўскі слушна гаварыў, ведаючы гэта па ўласным горкім вопыце, што дакараць пісьменніка за маўчанне несправядліва жорстка, таму што сам ён найперш i найбольш пакутуе ад свайго маўчання. A хіба ж лягчэй, разумней за маўчанне бездапаможнае плявузганне абы-чаго ды абы-як у цяжкай, затхлай самотнасці раздзьмутай славы, калі ніхто табе не скажа праўды?..

...Чытаю новае — раман «Скажи смерти «нет» аўстралійкі Дамфны К'юсак. Пачаў з асцярогай, а пайшло добра. Праўдзівая, шматфарбная палатніна іншага (не хочацца сказаць: чужога), далёкага геаграфічна, але па-чалавечы блізкага жыцця людзей.

Падумалася, чытаючы, пра папярэдняе: пра два тамы Коласавых апавяданняў. Законы сапраўднай літаратуры абавязковыя для ўсіх, усюды.

* * *

«Народная воля» перадрукавала з кнігі «Шчыра, як на духу...» мой раздзельчык пад назвай «Адусюль добра вяртацца ў Беларусь». У чытацкай анкеце, на пытанне: «Чым (якімі падзеямі, здарэннямі) засталося ў памяці дзяцінства?» я адказаў у свой час пробліскам успаміну, які прыйшоў першым, ды па пісьмовай просьбе выдавецтва найкарацей: «Калі ішлося з мамай за ручку». Ды вось жа ізноў, i неаднойчы, i пасля выхаду кнігі, i да таго, успамінаецца недагаворанае ў гэтым, заказана скупым адказе.

А з мамай за ручку, як выразна ўспомнілася, я ішоў у Адэсе на вячэрню, ці то ў Андрэеўскую царкву, ці ў Панцялееўскі сабор, якія ад нашага дома на Старасянной плошчы амаль аднолькава недалёка. Гэта ўжо меркаванне пазнейшае, i з 1949 года, i з іншых, калі я бываў у горадзе майго нараджэння. А тое, што ярка ўспомнілася, было на шырокай панелі, пад буйна зорачным небам, на якое я раз-поразу азіраўся, задзіраючы твар, з ручкай у мамінай руцэ, што маме, такое мае «круцельства» ды адставанне, не падабалася. Бо ішлі мы ў асноўным моўчкі. Маме было пра што маўчаць. Цяпер я магу гадаць, пра што,— пра зацяжную хваробу мужа, пра арышт старэйшага сына, пра неадчэпнае жаданне дачакацца нейкай палёгкі i вярнуцца ў сваю далёкую вёску, да роднай зямелькі... Маўчанне нялёгкае, можа, i беспрасветнае, з гэтым цяжарам яна i ішла памаліцца...