Выбрать главу

Тапелец, як кажуць, хапаецца і за саломінку. Так вось і я ўхапіўся за сваю апошнюю надзею: пачаў клікаць Казбека.

Па майму голасу сабака адчуў небяспеку: кінуў вартаваць даручаныя яму стрэльбу і вопратку і з разгону скочыў у ваду. У момант ён апынуўся каля мяне. Я ўхапіўся за нашыйнік, і Казбек паплыў да берага. Што меў сілы, я сам памагаў яму.

На беразе я доўга расціраў ногі, а Казбек бегаў навокал мяне і вішчаў ад радасці... Вы паглядзіце, колькі ў яго вачах шчырай адданасці, – падняў Казбекаву галаву Трахімчык. – Усё разумее, толькі гаварыць не можа.

Пасля гэтага здарэння мы яшчэ больш здружыліся. Гаспадар убачыў, што Казбек любіць мяне мацней, чым яго, і, калі я ад'язджаў, аддаў мне сабаку ў падарунак. З тае пары мы не расстаёмся. Паеду куды – дачакацца не можа. Так нудзіцца, што есці не бярэ... Малайчына, Казбек, малайчына, – пагладзіў яго па лбе Трахімчык.

Сабака працяжна ўздыхнуў і прытуліў галаву да гаспадаровай нагі.

– Была і з маім Жулікам адна гісторыя, але сёння няма калі ўжо распачынаць, – сказаў Шусцік. – Давайце пройдзем яшчэ тым куточкам лесу, ды і на цягнік пара падавацца.

Праз хвіліну, загасіўшы вогнішча, паляўнічыя прабіраліся зараснікамі да станцыі.