І.Мележ у Маскве. Шамякін сядзіць дома. Панчанка таксама нешта хітруе.
А погалас ідзе — хутка здаўся Сакратарыят. Не так, не так трэба было, трэба было не аддаваць абы-каму "Полымя". "Полымя" — гэта агеньчык надзеі ўсёй Беларусі. Затушыць яго — распаліць зноў будзе нялёгка...
Пташнікаў таксама калоціцца: нехта на навагоднім вечары сказаў — не бойся, усё ў цябе будзе добра. А ён чуе — ці будзе добра. Пагаворваюць, што трэба ўзяць чалавека на пераклады — гэта значыць узяць Я.Семяжона (яны з Танкам жанатыя на сёстрах, ці што?). Семяжон партыйны, і тады ён загадчык. Адамчык таксама хоча ў "Полымя". Быў у Брыля, Танка, Панчанкі, Мележа. (...) Я.Скрыган гаварыў — не магу я раіць І.Пташнікава ў рэдкалегію. Буду раіць цябе. (Мяне.) Зноў усё пачынаецца нанова — аднойчы, вясною, мяне ўжо ставілі загадчыкам. Я адмовіўся. Ніхто зразумець мяне не хацеў, што мне не трэба ўлада, што я ўлады ніякай не хачу. Я хачу пісаць, пісаць сваё, тое, што ў мяне на душы. У "Полымі" ж я таму, што мне трэба недзе зарабляць сабе на хлеб. Мая задача — як можна далей быць ад улады, каб улада не перашкаджала працы. Я паспеў пераканацца ўжо — улада, як і п’янства, загубіла не адзін талент! Талент павінен быць незалежны, ён павінен думаць пра свае творы, а не пра штосьці другое.
Злуюся, што барацьба вакол "Полымя" займае і мае думкі. Я павінен быў думаць пра ненапісаныя старонкі. Апраўдваю сябе толькі тым, што "Полымя" вельмі важнае для справы Беларусі. Кожны куточак у ім не павінен трапляць у абы-якія рукі. Згубленага не вернеш. Але ні да каго не хаджу, нікому ні пра што не гавару. Хопіць і таго, што думаю пра ўсё. Дый куды ісці? Дзе той чалавек, да якога я пайшоў бы і пагаварыў?.. Кожны думае пра сябе... Можа, хто думае і пра справу, ды баіцца адкрыцца, як другі раз баюся адкрыцца і я. (...)
26.1.67 г.
Чытаю Р.Гарадзі. Гэта пасля чытання твораў Кафкі, Камю, Іянэску. Пераконвае. А раней яшчэ лепей пераканалі мяне самі творы гэтых пісьменнікаў — гэта мастацтва. Вялікае мастацтва, можа, вышэйшая нават ступень мастацтва. Сапраўды, творчасць — гэта не што іншае, як стварэнне свайго свету мастаком. Міфатворчасць, ці стварэнне, засяленне кавалачка зямлі, як гэта, напрыклад, зрабіў Фолкнер — над гэтым трэба яшчэ падумаць. Але і Кафка, і Камю, і Іянэску — гэта куды вышэй за ілюстратараў, натуралістаў, розных капіістаў. Не адлюстроўваць свет, што ты бачыш, а ствараць. Дый сапраўды, чаму я павінен пісаць толькі тое, што бачу, а не тое, што я ведаю пра тое, што бачу. Баюся толькі — гэтае высокае мастацтва астанецца для нас на некаторы час недасяжным. Вельмі ж далёка мы адсталі ад свайго часу, патрэбы дня зацямняюць і падаўляюць у нас творцаў. Мы павінны памагаць грамадству, і ўся гэтая помач, лічыцца, у тым, каб пісаць подпісы, ілюстрацыі да таго, што робіцца. Глядзець жа глыбока на ўсё — нельга, цябе не зразумеюць нават самі пісьменнікі. I яшчэ адно — каб усяму гэтаму мастацтву больш пачуццёвасці, "суперажывання". Сухаватае, завельмі "умозрительное". Камю ў "Чуме" больш пачуццёвы. У яго два светы — адзін як бы рэальны, а за ім стаіць яшчэ адзін свет, які ёсць. Ёсць усюды, дзе жывуць людзі, гэта як бы каркас, які аднолькава лажыцца, упісваецца ў любую сістэму. Тое ж у Кафкі, але ён больш стрыманы, сушэйшы. Музыкі б! Каб як на пласцінцы пішацца музыка, так за словам было запісана пачуццё "суперажывання". Уключыў "пласцінку" — і ты жывеш гэтым, хвалюешся...
Адмаўляць Кафку, Камю, Іянэску могуць толькі адпетыя дурні. Здаецца мне, што мастацтва далей будзе развівацца па дарозе, якую праклалі яны. Дый, можа, не яны, а Гогаль са сваім "Носам".
Трэба і сабе больш эксперыментаваць менавіта ў гэтым напрамку. Рэалістычнае мастацтва, як я пераканаўся, стаіць вельмі блізка да натуралізму, ілюстратарства. Ратавалі раней яго глыбіня, вобразы, тайнікі чалавечых душ. Цяпер ратуе крытыка сацыяльнага. Філасофіі ж няма. А без яе — творы бяскрылыя, аднадзёнкі. Не ўсе гэта бачылі, а эксперыменты нейкія я рабіў. I ў "Англіцкай сталі", дзе за кожным канкрэтным чалавекам і яго дзеяннем стаіць народ — Расія, Польшча, Беларусь і іншаземцы (Форстэр). Ёсць гэта і ў "Апошніх і першых", у малых апавяданнях.
2.2.67 г.
Глядзеў дакументальныя фільмы "Чурлёніс" і "Сезан". I яшчэ больш пераканаўся: мастак — гэта свет, створаны яго фантазіяй. Няма свайго свету — няма і мастака. У мастака ўсё павінна быць сваё — і почырк, і манера пісьма, стыль, а галоўнае — свет, свет, свет. I пра гэта больш за ўсё трэба думаць мне цяпер. Баюся, што стварыць свой свет мне не ўдасца. Прычын на гэта многа — і тое, што ў нас разумение мастацтва зусім іншае, чым павінна было быць на самай справе, роля мастацтва зведзена да ролі газеты, надзённасці, "прываднога паса партыі". Ды па гэтым яшчэ можна было б жыць. Нельга жыць, не еўшы. А хлеб даюць нам толькі за тое, што лічаць патрэбным, што ў нас купляюць. I мы, ледзь толькі навучыўшыся вадзіць пяром, штампуючы, робім тое, што трэба нашым спажыўцам. Дзе там думаць аб вялікім, тым, што будзе хваляваць народ праз вякі!