I ўсё ж па меры сіл і здольнасцей трэба пра гэта думаць. Можа, прыклад Тырса дэ Маліна прыдасца: ён пісаў для царквы п’есу і п'есу для сябе, на хлеб і на вечнасць.
Не шкадую, што паглядзеў два фільмы. Можна было ісці на нараду — там нехта з тых, што кіруюць мастацтвам (сёння мастацтвам, а заўтра, можа быць, дворнікамі ці райпрамкамбінатам) — даваў нейкія ўказанні... (Ах, як падобна гэта на тыя ж дакументальныя фільмы, што я глядзеў у тым жа тэатры: у фільмах вядомыя дзеячы давалі такія ж, відаць, указанні італьянскім і нямецкім творцам... Там дзеячаў тых даўно няма, а ў нас жывуць, кіруюць... Кіруюць усім, чым можна кіраваць і чым нельга... Прыклад пакажа кіраўніцтва — артыкул у "Правде" пра "Новый мир" і "Октябрь".
I ўсё адно духам падаць не трэба. Трэба думаць, шукаць. А галоўнае — працаваць. Не думаць пра ўладу, прэміі, нават хлеб. Працаваць і працаваць. Толькі так нешта можна зрабіць...
4.2.67 г.
Учора пазваніла Сінельнікава. Адразу ж перайшла на "ты", хаця ні яна мяне, ні я яе не ведаў. Сказала: тут, у Мінску, знаходзіцца інструктар ЦК КПСС і хоча са мной пагаварыць. Я прыйшоў. Размова не выйшла такой, як я хацеў. Калі я пра нешта адмоўнае пачынаў гаварыць, перабівала Сінельнікава. Дый што гэта за мода новая — выклікаюць і ўчыняюць новы допыт. Не саромеюцца нават спытацца, хто твой лепшы сябра, чаму ты не ў партыі і г.д. Трымаўся я ўвогуле нядрэнна, стараўся "аджартоўвацца" ("смешачкамі"). Шчыра гаварыць — толку няма, — не ведаеш, дзеля чаго ў цябе гэта пытаюць, навошта гэта трэба. У такіх выпадках лепей за ўсё, каб была бачнасць шчырасці... Што я думаю пра Броўку, пра новых сакратароў? Як моладзь жыве? Над чым працую? Аўтабіяграфічны момант у творчасці? Вельмі цікавіў я іх як асоба...
Дзень прайшоў — не магу супакоіцца. Хто падказаў ім са мною пагаварыць? Чаму менавіта са мною? Што яны хацелі выведаць? Навошта... Усе на мяне падазрона глядзяць — чаму і Мазураў мяне клікаў, і гэтыя? I кватэру мне ад ЦК далі — чаму? Сапраўды — чаму?.. I ніхто, відаць, не паверыць, што я і сам не ведаю — чаму ўсё гэта?
Адзінага баюся: каб куды-небудзь не вылучылі. Адмаўляцца — ох, як нялёгка гэта рабіць. Ісці ж — гэта развітвацца з творчасцю. А я ўсё ж хачу разабрацца, што такое літаратура, хачу нешта напісаць. Для гэтага ж патрэбныя час, незалежнасць, свабода... Дый хто я такі, каб некаму дыктаваць, некім кіраваць... Ставілі рэдактарам аддзела, я рашуча адмовіўся. I цяпер бачу — правільна зрабіў. Хоць грошай меней, затое свабоды больш, клопату менш. Часу на свае творы і так не хапае.
Калі думаеш пісаць — старайся быць далей ад улады. (...) Творы, творы трэба пісаць — вось што трэба. Гэта я ведаю. Ведаю добра.
А ў "Полымі" — хаос. Здымаем трэцюю частку рамана М.Лобана. Галоўліт. Ужо знялі аповесць А.Васілевіч. Цяпер — гэта. Не рэдактары цяпер мы, а цэнзары. Юбілейны год многім хочацца зрабіць ялейным. I бачу — зробяць.
5.2.67 г.
Газеты надрукавалі даклад П.Машэрава на Пленуме ЦК Беларусі. "Высокую ацэнку грамадскасці атрымалі раманы "Людзі на балоце" І.Мележа, "Вецер веку" І.Гурскага, драматычныя творы і сцэнарыі К.Губарэвіча, грамадзянская паэзія П.Броўкі, М.Танка..." Вось так! Таленавітае побач з бяздарным. Колькі разоў ужо гаварылася, што кіраўнікам варта не гаварыць пра тое, чаго яны не ведаюць, калі яны толькі хочуць, каб іх паважалі. Упэўнены — калі б П.Машэраў чытаў І.Гурскага ці таго ж Губарэвіча, ён не назваў бы іх творы. А можа... Ліха ведае, усё можа быць. Далі ж прэміі Танку — разам з ім Панчанку і Няфёду. Падраўнялі... У такіх выпадках, відаць, варта сапраўдным пісьменнікам адмаўляцца ад прэмій. Пад рознымі прычынамі, калі нельга шчыра сказаць — такой прэміі я не магу браць, бо: 1) ёю ў свой час узнагароджваліся людзі, якіх я ніколі не лічыў і не магу лічыць за пісьменнікаў; 2) калі я прыняў гэтую прэмію, я зраўняўся і з тымі людзьмі, а я лічу сябе вышэй; 3) на мне і на другіх, падобных мне, Камітэт набівае сабе цану, каб даваць прэміі людзям, патрэбным дзяржаве, але недалёкім ад літаратуры і г.д. (...)
6.2.67 г.
Чутка прайшла: Казека рэдактарам у "Полымі" не будзе. Чавускі казаў, што бачыў у скверыку Танка. Ён быў сумны-сумны. Выйшаў толькі з ЦК. "Хто рэдактар?" — "Відаць, Кавалёў..."
Калі гэта так, літаратуры на бліжэйшую пяцігодку не будзе. I "Полымя" таксама — Кавалёў яго "патушыць". I так яно не надта гарэла, але хоць тлела. Я працаваў у Кавалёва ў "Вожыку". Чалавек ён нядрэнны, жыць з ім можна. Але гэта ніякі не літаратар, нават не разумее, што такое літаратура. Творы яго — ніжэй крытыкі. I таму, відаць, іх ніхто асабліва і не крытыкаваў. А шкада. І.Гурскага не крытыкавалі, П.Кавалёва не крытыкавалі, і на іх робяць стаўку. Трэба было даваць фельетоны на іх творы, ганьбаваць — тады б сорамна было і тым, хто над намі, ставіць такіх людзей. А лепей — не друкаваць зусім іх твораў. Праўда, заўсёды стаіць пытанне — я іх хіба адкрываў, што мне трэба іх закрываць? А закрыць, не даць ходу такім — ніколі не позна. Выступіў бы Мележ, выказаўся б шчыра пра Гурскага, Кавалёва — і нетрапілі б у даклад. Маўчанне, замоўчванне — не заўсёды лепшы сродак барацьбы...