Сёння, кажуць, Кавалёва зацвярджаюць. "Першакрасавіцкі жарт": Кавалёў — рэдактар "Полымя".
Учора быў вечар апавядання ў Саюзе. Прачытаў "Невядомы геній", "Каменні" і "Скарга". Некаторыя гаварылі, навошта чытаў такія творы. Не пагладзяць за іх... Ды ліха з імі, хай не гладзяць. Павышэння мне не трэба, я не хачу яго. Гэта, можа, мне дапаможа, каб не ставілі на мяне, не рабілі стаўкі... У вогуле на вечары апавяданні хвалілі, хоць і рабілі некаторыя заўвагі...
4.5.67 г.
Вось Кавалёў і рэдактар "Полымя". Якраз хавалі А.Рылько. Падышоў на могілках да мяне, пытаецца: "Дык што, сёння сустракаемся?" — "Дзе, што?" — "Ты не ведаеш?" — "Не". — "Няўжо вас ніхто не папярэджваў?" — "Не, не папярэджвалі". Пачырванеў. Не даў на могілках пабыць да канца пахавання, пасадзіў мяне ў машыну, паехалі. Дарогаю: "Хто ў рэдакцыі мой вораг? Як Бачыла? Хто не хацеў, каб мяне прызначалі?" Я змікіціў, што ён хоча мяне мець за даносчыка. "Эге, не за таго мяне трымаеце!" Сказаў, што будуць у яго і праціўнікі, можа, будуць і сябры. Але зважаць на гэта не трэба, літаратура ёсць такая справа, што ўсе аднолькава думаць, а тым болей пісаць не могуць. Рэдактарская справа — не даць загінуць лепшаму, даць яму дарогу, калі трэба — падтрымаць і матэрыяльна, і духоўна. "Каго ў аддзел прозы думаеце ўзяць?" — "Дамашэвіча альбо Адамчыка". — "А я за Арабей. Яна кандыдат навук, і калі што — па крытыцы магу з ёй раіцца". — "Але ж у рэдкалегіі нашай ёсць акадэмікі. Райцеся з імі. Нам трэба ў аддзел празаік, добры пісьменнік і работнік".
Змоўк. Хацеў, каб ля рэдакцыі мяне высадзіў. Не, давёз да Саюза, схадзіў паклікаў Танка, паехалі ў рэдакцыю.
Танк сур'ёзна не гаварыў. "Кавалёў вопытны рэдактар, умее працаваць з калектывам. Лічым, калектыў харошы. Вам весела будзе працаваць — рэдактар рэдагаваў гумарыстычны часопіс". Пасля гаварылі мы, дакладвалі, што маем у рэдакцыі і што б мы хацелі мець. Кавалёў быў стрыманы, больш слухаў.
Дзён два ў рэдакцыі было па-старому. Хварэў Скрыган, і я сказаў у рэдакцыі, што варта наведаць старога чалавека. Пайшлі Чыгрынаў і Кавалёў. Выпілі па добрай чарцы. Я.Скрыган: "Трэба друкаваць у часопісе нешта і для душы, а не толькі каб падабацца начальству". Я пахваліў апавяданні Я.Брыля. "Выдатныя творы напісаў Брыль".
Дарогаю Кавалёў сказаў: "Быў у мяне Алешка. Тры гадзіны ліў гразь на ўсіх вас. Што такое? Пташнікаў хваліць аповесць, а ты?" Я адказаў сумленна: аповесці няма, слабая як у ідэйных, так і ў мастацкіх адносінах. 'І наогул, не трэба слухаць усялякіх хадакоў. Сумленныя літаратары пішуць, працуюць, а не ходзяць абліваць гразёю другіх". (...)
У рэдакцыі П.Кавалёў зрабіў нараду. Аказваецца, усё тут ідзе не так, як трэба. "Не так здаюцца матэрыялы, ёсць скаргі, не ў час аўтары атрымліваюць адказы на свае творы, няма чаргі, хроніка не тая, рабочы дзень трэба змяніць, работнікаў рэдакцыі я буду ганяць па камандзіроўках, і г.д., і г.д.". Я не вытрымаў — разоў шэсць-сем агрызнуўся. Я.Скрыган: "Чаргі не можа быць. Ёсць творы добрыя, і іх трэба друкаваць. I ёсць слабыя — іх трэба бракаваць". А.Клышка: "Хроніка павінна быць культуры, а не палітычнага, эканамічнага жыцця. На гэта ёсць іншыя часопісы". Разбілі калектыўна ўсе кавалёўскія пачынанні. Сядзеў чырвоны. Калі нарада скончылася, сказаў мне: "Ты мне не падабаешся". — "Я не для таго, каб падабацца Вам. Я ў рэдакцыі для работы. I наогул, я, відаць, пайду з рэдакцыі". — "Куды?" — "Знайду месца".
Пазванілі ў Галоўліт. Аказваецца, затрымалі №5 "Полымя". Падпісала Ярашэўская, а Маркевіч сказаў затрымаць. Чыгрынаў дзяжурны. "Я казаў Вам, Павел Нікіфаравіч". Той задаволена ўсміхнуўся. Ад Скрыгана даведаўся: П.Кавалёў у апавяданнях Я.Брыля знайшоў палітычныя памылкі. Падкрэсліў усё, даў прачытаць Шкрабу, Вялюгіну і, відаць, занёс у ЦК. Па дарозе з выдавецтва выпілі са Скрыганом і Чыгрынавым бутэльку віна. Чыгрынаў паехаў на тралейбусе, а мы асталіся са Скрыганом. Кажу: "Вы павінны ўсіх падняць на ногі, а не даць Кавалёву зняць апавяданні. Перамога яго натхніць, плакала ўся беларуская літаратура!" Доўга гаварылі са Скрыганом пра ўсё. Ён: "Я вінават, што не заўсёды быў настойлівы. Многія слабыя творы не павінны былі друкавацца".
Апавяданні Я.Брыля пайшлі. Без аніводнай праўкі. У Галоўліце быў Бачыла. Але, адчуваю, усё зрабілі Танк і Брыль. У рэдакцыі — радасць. Я.Скрыган: "Усё адно як выйшаў я з турмы. Другая такая радасць сёння, стаўлю ўсім каньяк. Прыхавайце на вечар". Кавалёў спаслаўся на хваробу, сказаў, што ў рэдакцыю не прыйдзе, папрасіў, каб Скрыган падпісаў нумар. Я.Скрыган: "Бачыш, і цяпер баіцца".(...)