Выбрать главу

Учора прыходзім на работу, чуем: Скрыган прыслаў праз Бачылу заяву, каб яго вызвалілі ад пасады намесніка. П.Кавалёў: "Чаму са мною ён не параіўся?" Ніхто нічога не сказаў — Кавалёў жа са Скрыганом не раіўся, калі некуды насіў апавяданні Брыля. Кавалёў дзень перабыў як мыла з’еўшы, потым некуды пайшоў — ці не ў ЦК. У рэдакцыі — перапалох. Без Танка ды Скрыгана — ці варта аставацца ў "Полымі"? Увечары пазваніў Я.Скрыгану: "Што Вы надумалі? Hi ў якім разе цяпер не пакідайце рэдакцыю. Не давайце Кавалёву волі". — "Ён выказаў мне палітычны недавер. Я не магу працаваць, калі мне не вераць. Прыедзе Танк, хай пры ім разбяруць нашу спра­ву". Калі ўсё добра выйдзе, Кавалёва адвучаць лезці, куды не трэба. I адразу, на першых кроках. Хай адчувае, хто ён. А калі Я.Скрыган пойдзе з работы?.. Усё можа быць.

Ага, Кавалёў забараніў гаварыць, расказваць каму б то ні было пра ўсё, што робіцца ў рэдакцыі. Як усё адно ў лагеры, у заключэнні. Толькі з розніцай той, што падпіскі не ўзяў. Трэба на наступнай нарадзе прапанаваць, каб падпіску з кожнага ўзяў...

5.5.67 г.

Сумна, нецікава зрабілася ў "Полымі". Раней былі Танк, Брыль. Колькі чаго цікавага пачуеш, даведаешся! А якія спрэчкі былі — усе падзеі жыцця, літаратуры абмяркоўваліся, і на якім узроўні! Новы універсітэт! Цяпер жа — цішыня, зрэдку — размова пра футбол. I ўсё. Гаварыць пра літаратуру можам толькі мы, старыя работнікі. Але што кожны з нас думае, мы і так ведаем.(...) Відаць, трэба ўцякаць. Маральнай асалоды ад працы няма ўсё адно. Праўда, пакінуць месца ў любы час не позна. На гэтае месца возьмуць таго, хто ім трэба. А так — усё ж хоць нешта, ды рабіць для справы можна. Увогуле — пачакаем, паглядзім.

10.5.67 г.

(...) Дні і ночы сяджу над рэдакцыйнымі матэрыяламі. Часопіс павялічылі, а людзей не даюць. Да таго ж, новы рэдак­тар, і ўсе кінуліся ў бой — за галоўны напрамак кожны хоча мець пасрэднасць. Тады лягчэй жыць, лягчэй друкавацца. Учора — аж тры аўтары. (...) Грамовічу мы з Пташнікавым далі зразумець, што другая частка, "Яны далі слова", у некалькі разоў горшая за першую. Далі, а не сказалі. I дарэмна — твор, які наогул нельга правіць, а трэба выкінуць на сметнік, ён праз тры дні паправіў. (...) Калі яму сказалі, што галоўная гераіня — фальшывая, ён нам палітыку пачаў прышываць. Не, нас не возьмеш гэтым! Мы далі дружны адпор. Дый што гэта — права аднаго прышываць другому палітычную блізарукасць, непаўнацэннасць

Калі не адаб’ёмся — прападзём.

Скрыган паехаў у водпуск. Што з яго заявай — невядома...

Узнікла жаданне — на падставе Пяткевічавых кніг і таго, што сам ведаю пра Палессе, напісаць нешта — ні то дзённік, ні то запіскі, ні то ўспаміны. Нешта вольнае, незвычайнае па форме. Вось як закончу "Аксану", адразу ж і вазьмуся. Натхняе на гэта і А.Чарнышэвіч — чытаў яго незакончаныя рэчы і зноў шкадаваў: які харошы пісьменнік, не адгаварыўся, адышоў раней часу.

Сёння зноў секцыя. Абрыдла. Трэба гаварыць пра Мялу. Шамякін і Макаёнак чамусьці цягнуць яго ў літаратуру, у Саюз. Адбіваемся, як толькі можам. Харошыя беларускія хлопцы забытыя, а толькі з’явіцца нехта рускі — цягнуць яго за вушы бягом у Саюз. Друкуюць, рэкамендуюць, прабіваюць...

Стварылі часопіс "Нёман", а цяпер вакол яго ствараюць беларускую літаратуру на рускай мове. (...) Патрэбны Літфонд ды невялікія групоўкі, накшталт дарэвалюцыйных (кружкі) ці паслярэвалюцыйных. А то сабралі разам графаманаў, журналістаў і чортведама каго з пісьменнікамі і ні пагаварыць пра літаратуру, ні паспрачацца. Няма "потолка", няма на каго раўняцца. Асабліва адсталая так званая "руская" секта. (...) Злосны я нейкі зрабіўся. Трэба пляваць на ўсё і пісаць сваё. За мяне майго ніхто не напіша. Трэба штодзень пяром вадзіць і вадзіць, паку ль тахкае ў грудзях сэрца, паку ль родзяцца ў галаве думкі, пакуль не анямела рука...

13.5.67 г.

Знайшоў сабе я добрага сябра — гэты дзённік. Ёсць з кім цяпер і параіцца, ёсць каму выліць сваю крыўду.(...)

Два вечары пілі каньяк. Адзін — з Наўроцкім, другі — з Вярцінскім. Добрыя хлопцы. Асабліва Алесь. Гаварылі, што ў кожнага на душы. Памром і ведаць не будзем, хто нас акружае. Рэдка бачымся, рэдка гаворым шчыра адзін з адным. Рэдка давяраем.(...)

17.5.67 г.

Патрошку пішу, і гэта мяне радуе, супакойвае. У літаратуры астаюцца творы, а не тыя пасады, чыны, што меў пры жыцці пісьменнік. Няма твораў, няма і пісьменніка. Шкада, што душэўнай раўнавагі, заглыбленасці ніяк нельга дасягнуць, працуючы ў рэдакцыі. Учора — абмеркаванне часопіса "Бела­русь" у Саюзе, сёння — рэдкалегія "Полымя", заўтра — пасяджэнне Літфонду. I ўсюды — нейкія спрэчкі, яны так ці інакш кранаюць цябе. Учора я прамоўчаў, хаця гаварыць хацелася. Калачынскі дабіў да ручкі "Беларусь", часопіс зрабіўся горшы, чым быў пры Гурскім. Няма ў часопісе апавядання, няма краязнаўства, няма гісторыі... А сёння адмоўчацца не ўдасца. Кавалёў хоча ўзяць у аддзел прозы Арабей. Скрыгана няма, у адпачынку. Трэба зноў усё пачынаць спачатку. Ідучы са сходу, бачыў Пташнікава. Сказаў — ён за Дамашэвіча. Я — таксама. Паспрабуем пастаяць за сябе. Вечар цэлы хадзіў з Клышкам. Яму Кавалёў прапанаваў узяць аддзел навукі. "Так, — кажа, — Танк раіць".