Выбрать главу

Я радуюся, што мне ніхто нічога не прапаноўвае. Асабліва Кавалёў. Быць яго доўбняй я не хачу. I нічыёй не хочу быць. Хачу быць самім сабою, ні пад каго не падрабляцца, хачу рабіць, пісаць сваё.

19.5.67 г.

Зусім неспадзявана я еду ў Маскву, на IV з'езд пісьменнікаў. Адмовіліся ехаць Гурскі і Вітка, і Сакратарыят дамогся, каб паслалі Стральцова і мяне. Пазваніла Таццяна Кузьмінічна, якраз ішла рэдкалегія, і я не ведаў, радавацца мне ці не. Якраз аповесць "пайшла", і трэба перапыняцца. А перапыняцца мне — гэта амаль усё адно што пакінуць незакончаны твор. 3 другога боку, пабыць на з'ездзе — хочацца. Пабачыць у твар Шолахава, Ляонава, Твардоўскага, Паўстоўскага, Казакова, Еўтушэнку, Нікіціна, паглядзець, як хто рэагуе, наогул паводзіць сябе, пачуць непасрэдна самому, што такое з'езд, — прываблівае ўсё гэта вельмі. З’езд, праўда, юбілейны, але, як кажуць, "чым чорт не жартуе..." (...)

Усю дэлегацыю сабралі ў Саюзе. Прыйшоў Пілатовіч — ён мерыўся ехаць у Балгарыю, але Дземічаў прыслаў тэлеграму, каб Пілатовіч быў на з'ездзе. Ад Беларусі едуць 21 дэлегат і 9 гасцей. Сказалі, з кім трэба сустракацца, парадак дня з’езда і г.д. Адчуванне такое — калі хочаш дабыць да канца на з’ездзе, калі хочаш, каб табе пасля давяралі, — вядзі сябе належна. Не пі, не гуляй з дзеўкамі, не гавары абы-чаго, не апладзіруй, дзе не трэ­ба. З’езда ўсё ж сёй-той баіцца, таму і суровасць, дысцыпліна. Ведаю: будзе сумна без работы, без добрых хлопцаў, без некаторых размоў. Суцяшаю: ёсць Стральцоў, Быкаў, Навуменка, Адамовіч, Мележ. 3 кім-небудзь я сыйдуся, буду гаварыць. Дый справы ў Маскве ёсць — кніга ж у "СП" выходзіць.

Кавалёва перасмыкнула, калі даведаўся, што я еду ў Маскву, — выходзіць, не толькі рэдактары едуць, а і літработнікі. Яму нялёгка было на рэдкалегіі — давялося паўтараць тое, што нядаўна зусім мы яму паўтаралі: якасць, якасць і яшчэ раз якасць.(...)

23.2.68 г.

Учора ў рэдакцыю зайшоў А.Куляшоў. Прынёс пераклад "Песні пра Гаявату". Сядзеў на рэдактарскім крэсле, гаварыў, што цяжка вельмі аставацца адзін на адзін з хваробай. Каб неяк скаратаць час, узяўся перакладаць. 28—30 радкоў у дзень. Паэту наогул, каб не траціць формы, трэба штодзень нешта рабіць. Калі няма сваіх задумак, трэба перакладаць. Я заўважыў, кажа А.Куляшоў, што некаторыя пісьменнікі, калі не пішацца, вядуць запіскі. Падазраю, што гэта робіць А.Твардоўскі.

Быў бледны, нейкі вельмі ветлівы, блізкі з усімі.

***

Вялюгін расказваў пра сустрэчу з Панамарэнкам. Панамарэнку паклікаў Сталін да сябе перад самым вызваленнем Заходняй Беларусі. Дамовіліся — Вільня адыдзе да Літвы.

"Палітычнае значэнне". Вярнуўся Панамарэнка ў Мінск, зноў кліча да сябе Сталін. Прыязджаем да Сталіна — у пакоі ў яго Хрушчоў. "Вось мы з вамі дамовіліся адносна межаў Беларусі". А Хрушчоў кажа: "Пінская і Брэсцкая вобласці павінны адысці пад Украшу". Панамарэнка пачаў даказваць — "па-першае, не Беларусь будзе, а нейкая кішка. Па-другое — што ж мы вызваляем, адну вобласць? Па-трэцяе — этнаграфічна і этнічна вобласці гэтыя беларускія". "Ну вось, таварыш Хрушчоў, таварыш Панамарэнка гаворыць правільна. Можаце ісці".

Калі выйшаў Хрушчоў, Сталін сказаў: "Вобласць не во­бласць, а раён можна аддаць Украіне". Аддалі палову Жлобінскага раёна...

29.3.68 г.

Учора слухаў "Слова пра Горкага" Ляонава. Ёсць усё ж у Расіі яшчэ сумленне. Ёсць. Сказаць проста ў вочы праўду не толькі ўраду, але і ўсяму народу, ды яшчэ ў такі час, калі адусюль лезуць "вусы",— трэба мець мужнасць. Як пасля ні стараліся звесці ўздзеянне прамовы Ляонава розныя Собалевы, Ціханавы, Сурковы і К, — нічога не выйшла. У вушах кожнага, хто слухаў Ляонава, гучалі ў той вечар словы Ляонава. Малайчына! Так адхвастаць усіх "власть имущих ", усю "камарыллю", усіх кукальнікаў, што круцяцца, жывуць каля літаратуры! 3 пісьменніка Горкага хацелі зрабіць чарговы палітычны бум, чарговую кампанію! Па-мойму, не ўдалося... Сарваў Ляонаў!

Літаратура — справа святая. Няма чаго да яе прымазвацца, лезці ў яе з бруднымі рукамі, у галёшах... I раўняць яе толькі да штыка. Літаратура — сумленне народа. Калі літаратура перастане быць сумленнем, яна будзе непатрэбнай народу. Цікава, ці надрукуюць прамову Ляонава сёння газеты? Калі б я быў на месцы Ляонава, я не дазволіў бы выкінуць ці скараціць ні слова — або ўсю прамову друкуйце, або зусім не друкуйце. А можа, зробяць выгляд, што нічога не адбылося? Як робяць выгляд ужо вось некалькі год...