Выбрать главу

Так што трэба не здавацца, думаць, шукаць... Калі не змагу знайсці — значыць, я ніхто. I Пастэрнак, і Паўстоўскі, і Ляонаў, і Чорны, і Прышвін — знайшлі дзірку, асталіся ў літаратуры.

Гаварыў пра гэта з Адамчыкам. Ён на ўсё глядзіць намнога за мяне глыбей. Малайчына! Ёсць усё ж і ў нашай літаратуры ўжо хлопцы, якія пра нешта думаюць. Наўроцкі, Адамчык, Капыловіч. Хлопцы! А каб зрушыць камень з мёртвага месца, трэба дзецюкі.

Вялікія людзі капаліся ў сабе, адкрывалі нешта, не вядомае нікому, менавіта там. Мы ж пакуль думаем больш пра акружэнне сваё, там хочам штосьці цікавае знайсці. У тым, мабыць, і памылка наша.

***

Добра было Ісусу Хрысту паміраць, хай нават і на крыжы, калі ён сказаў свету сваё слова, пакінуў філасофію, якая жыве вось ужо колькі вякоў. Страшна паміраць, не пакінуўшы свету нічога. I каб жа не мог пакінуць. А калі здаецца табе, што можаш?..

Відаць, трэба, сціснуўшы зубы, маўчаць, пакуль можна маўчаць, і хоць употайкі нешта рабіць.

***

Камю піша: жывём у свеце, дзе трэба выбіраць, ці быць ахвярай, ці катам — і толькі гэта. Гэты выбар не ёсць лепшы. Заўсёды мне здавалася, што наогул няма катаў, ёсць толькі ахвяры...

11.4.68 г.

Некалькі дзён чытаю новыя, нікому яшчэ не вядомыя творы М.Гарэцкага. Не нарадуюся! Здаецца, усе творы пісаны сёння. Стыль, мова, мысленне — зусім сучасныя. Вось што значыць талент! I які беларус! Што ён толькі ні рабіў для Беларусі! I слоўнік выдаў, і зборнік песень сабраў, і першую хрэстаматыю напісаў, і ездзіў нават у Сібір, каб паглядзець, як там жывуць перасяленцы-беларусы. А самае галоўнае — ён быў пісьменнік і вельмі шчыры чалавек. Hi радка не напісаў, каб дагадзіць некаму. Усё шчыра, так шчыра, што жахаешся...

Некалі зусім невядомы пісьменнік становіцца пасля сваёй смерці другім празаікам пасля Чорнага. Адкопваем усё новыя і новыя яго творы, і кожны твор — камень у падмурак помніка. 3 такой цяжкасцю ўдалося надрукаваць раман "Віленскія камунары". Жывыя ж яшчэ тыя, хто садзіў, знішчаў Гарэцкага. Потым — "Камароўская хроніка". Цяпер — Гарэцкі-апавядальнік. Як паставіцца Кавалёў, ці надрукуе тое, што я выбраў?.. Калі надрукуе — адразу ж пачнуць гаварыць пра дарэвалюцыйную прозу па-другому. Не толькі адзін Колас, але і Гарэцкі. Прычым Гарэцкі куды вышэй у прозе, куды смялей. Гарэцкі — стыліст, Гарэцкі — даследчык жыцця. Гарэцкі... Што і казаць, Гарэцкі — пісьменнік! А там жа яшчэ ёсць і Ядвігін Ш. Коласу-празаіку давядзецца дзяліцца славаю.

Хачу артыкул напісаць пра Гарэцкага. Калі ўдасца — напішу.

16.4.68 г.

Зайшоў учора ў рэдакцыю Я.Брыль. Не да Кавалёва, а да нас у аддзел. Прасядзеў больш 3-х гадзін. Сабраліся амаль усе, гаварылі пра літаратуру. Я ўспомніў тыя часы, калі Брыль быў намеснікам. Сказаў яму: тады для мяне рэдакцыя была новым універсітэтам.

"Чаму ж ты тады гэтага не казаў, а толькі цяпер?" Кавалёў хадзіў, як вош на падкове. Заела яго, што Брыль не да яго ў кабінет зайшоў, а да нас. Сядзеў у кабінеце адзін... Наогул, у кабінет да яго цяпер ніхто і не заходзіць. Хіба толькі пакліча каго ці па справе.

Потым хадзілі з Адамчыкам, сустрэлі Юрэвіча. Кажа — працаваць больш у "Маладосці" немагчыма.(...)

Зноў Брыля спаткалі. Зноў доўга размаўлялі. "Мару напісаць аповесць для дзяцей". 3 Адамчыкам пасля гаварылі — ці не штучна створана ў нас дзіцячая літаратура, ці трэба яна наогул? Літаратура не для малалетак, а для падлеткаў. Падлеткі хай лепей чытаюць тое, што ёсць лепшага ў літаратуры. Брыль робіць даклад на пленуме. Кажа, не думае пра даклад. А відаць — думае: як зрабіць? Сумленна, як Ляонаў? Ці па-іншаму?.. Расказваў пра пісьмы Фадзеева ў ЦК, пра кнігу Гор­кага, якая ў нас не друкуецца, пра дзённік і пісьмы Горкага... Аказваецца, многага мы проста не ведаем.

Цэнзура забракавала маю аповесць "Ноч няволі". Выкідаў-выкідаў, чысціў-чысціў — і ўсё адно нешта знайшлі. Узяўся чытаць А.Бажко. Калі ж званок да яго быў не з ЦК, а з Галоўліта, — усё будзе ад Бажко залежаць: мае на мяне зуб ці на М.Вышынскага (рэдактара) — я прапаў. Не мае — можа, хоць з папраўкамі аповесць пойдзе...

Амаль не хвалююся, хоць пісаць і не магу. Прывык ужо да ўсяго. Не магу толькі прывыкнуць працаваць у любых умовах. Каб працаваць — трэба сабрацца, усю энергію душы накіраваць на нешта адно. А гэта нялёгка, калі на цябе штодзень звальваецца не адно, дык другое. Мару пра той час, калі кіну працу, паеду куды-небудзь далёка ад горада, ад розных дроб­ных клопатаў, і сяду пісаць. Спакойна, абдумана, глыбока... Ці будзе хоць калі гэта?..

Напісаў прамову пра свабоду творчасці пісьменніка, пра тое, што нельга абы-каму ўмешвацца ў яго работу, навязваць сваю волю. Пісьменнік мае права памыляцца, і памылкі пісьменніка трэба паважаць. Пра выхаваўчае значэнне літаратуры, пра тое, як яго разумеюць у нас і як яго трэба разумець наогул. Пра тое, што не можа быць у літаратуры аднаго нейкага напрамку, павінна быць столькі напрамкаў, колькі талентаў, пісьменнікаў... Можа, калі і скажу гэтую прамову. Не на бліжэйшым пленуме, то на з’ездзе.