Чытаю. Прачытаў Агнона, Камю, кніжку Бурсава. Крытычныя кнігі наогул рэдка чытаю, а Бурсава прачытаў з вялікай карысцю для сябе. Філасофія Талстога — удасканальваць сябе — у наш час ці правільная? Пакуль ты будзеш удасканальваць сябе, тыя, што акружаюць цябе, цябе ж заплююць, каменнем закідаюць.
Яшчэ раз пераконваюся — пакуль што нельга ніяк брацца пісаць раман. У савецкай літаратуры, апрача "Ціхага Дона", няма ніводнага рамана. Але "Ціхі Дон" напісаны ў трыццатыя гады, да таго ж ён аб’яўлены спачатку быу як антысавецкі. Калі што і можна рабіць, то пісаць апавяданні, невялікія аповесці, дзе можна быць шчырым. Страшна — напісаць няпраўду... Большага граху няма ў пісьменніка, як пісаць няпраўду. 3 брахнёй пройдзеш свет, але назад не вернешся. I таму яшчэ і яшчэ раз узважваю, што я маю сёння пісаць, каб і друкавацца можна было, і быць праўдзівым. Хіба не чапаць сацыяльнага? Але ж, здаецца, і не чапаеш яго, яно само лезе ў твор... Вечнага няма без сённяшняга, у сённяшнім заўсёды праламляецца вечнае. (...)
27.6.68 г.
Прачытаў "Чужога" А.Камю. Некалькі дзён знаходзіўся пад уражаннем. Не дзіва, што ў нас не друкуюць ніводнай кнігі гэтага пісьменніка. Мы хочам пабудаваць грамадства на разумных асновах, а Камю сцвярджае, што ўсё ў жыцці — абсурд, нават само жыццё, чалавек — таксама абсурд. Жыць, нешта рабіць — і ведаць, што ты памрэш. I нельга нічога зрабіць, каб не памерці. I тую невялікую радасць, што можа мець чалавек ад жыцця, ад яго забіраюць, атручваюць тыя, хто над ім. А.Камю — праціўнік любой улады, праціўнік усяго, што над чалавекам, што не дае чалавеку жыць так, як ён таго хоча. У пазнейшым творы — "Чума" — ён больш рэальны, больш аптымістычны. Чалавеку, як бы цяжка яму ні было, трэба жыць, трэба рабіць усё, каб аблегчыць жыццё другіх, трэба ў любых умовах аставацца чалавекам. Не грамадства зменіць чалавека, а чалавек павінен мяняць сам сябе. Вось да чаго кніга Камю.
Сустракаўся з В.Быкавым, калі ён ехаў у Горкі. Пасля зноў бачыў Быкава на кватэры ў Вярцінскага. Знерваваны ён, баіцца, каб не пачаўся новы трыццаць сёмы. Ва ўсякім разе, у Маскве нешта падобнае адчуваецца. Антысемітызм, нічым не прыкрыты шавінізм, хамства і дзікая, дрымучая азіятчына. Усё накіравана на тое, каб расчляніць людзей, з сяброў зрабіць ворагаў. "Раздзяляй і ўладар". Праводзілі Быкава я, Вярцінскі, Бураўкін з жонкай. Бураўкін сказау, што на Пленуме крытыкавалі Свіцязянскі семінар (Жабіцкі) і ў тым ліку мяне, праўда, не называючы прозвішчаў...
А ўчора — артыкул пра Салжаніцына ў "Литгазете". Ілжывы ад пачатку да канца, факты "передернуты", нават не сказана, што Салжаніцын беспадстаўна быў рэпрэсіраваны... Усялякая барацьба з яўрэямі канчаецца тым, што пачынаюць біць рускіх, украінцаў і беларусаў. Праўда, у нас, у Беларусі, пакуль што быццам бы ціха... Ці надоўга? Галоўліт загадвае, каб не пісалі нічога ў газетах добрага пра Быкава. I блытае — Быкава з Сачанкам. А можа, і не блытае?..
Так, трэба будзе перажыць яшчэ адну кампанію. Колькі іх ужо было нават на маім вяку?.. А колькі іх яшчэ будзе! Баюся, што будзеш вось так спадзявацца, чакаць, што нешта зменіцца, і памрэш, а змен ніякіх так і не будзе. Трэба навучыцца працаваць у любых умовах, як бы цяжка ні было. I пісаць, пісаць. Пісаць тое, што надумана. Адкладаць на заўтра не варта, бо заўтра можа і не быць...
Брыль вярнуўся з Польшчы і ходзіць змрочны. I там — разгул рэакцыі. Ці доўга так будзе?..
Думаю ўсё пра адно і тое ж: як, пра што пісаць, каб творы мае не памерлі раней за мяне. Прачытаў амаль усяго Платонава, Андрыча. Пра чалавека, чалавека трэба пісаць. I толькі. Чалавек не як прыдатак да чагось, а чалавек — Бог, тварэц ці пакутнік. Яго думкі, перажыванні. Як можна агаляць чалавека, капацца ў яго душы. I думаць, думаць, думаць. Не толькі пра тое, што зроблена чалавекам за 50 год, a і пра тое, што зрабіў чалавек за ўсё сваё існаванне. Хто ён, чалавек? Чаму ён прыйшоў на зямлю, што ён тут павінен рабіць? Чалавек — вечнасць жыцця... Чалавек і Сусвет. Сам чалавек — таксама Сусвет.
3.7.68 г.
Даўно нічога не пішу, і гэта мяне нервуе. Розныя дробязі зусім замучылі. Як бы гэта зноў адысці ад розных умоўнасцей, быць самім сабою! Хочацца, як ніколі, адзіноты, спакою. Каб можна было думаць, не баючыся, што нехта цябе вось-вось некуды пакліча, нешта спытае ці нечага ў цябе запатрабуе...