Выбрать главу

Я чуў ад многіх людзей, што ў П.Глебкі — выдатная бібліятэка. Якраз тады я вельмі дбаў пра сваю бібліятэку і быў нястрымны, калі размова ішла пра кнігі, — хацеў бачьщь, якія кнігі і якіх аўтараў трымаюць людзі ў сваіх хатах. Пасля аднаго Пленума (ён праходзіў у клубе ЦК камсамола), калі апранаўся, я ўбачыў побач П.Глебку. Ён неяк занадта, як здалося мне, вяла апранаў сваё паліто. Я загаварыў з П. Глебкам, сказаў яму:

— Я чуў, што ў Вас выдатная бібліятэка. Ці можна было 6 хоць адным вокам глянуць на яе?

— Калі ласка, калі ласка, — заўсміхаўся Пятро Фёдаравіч. I неяк ажыў увесь, засвяціўся. — Я люблю тых людзей, хто любіць кнігу.

Адкладваць тое, што мне хацелася, я не прывык, таму спытаў у П.Глебкі, калі можна зайсці да яго.

— А хутка. Вось толькі ў Маскву я з'езджу, падлячуся трохі, а то адчуваю сябе ў апошні час няважна. Прыеду, то званіце...

Дзён праз колькі пасля той размовы П.Глебка ў Маскве памёр.

Я аглядаў Глебкаву бібліятэку ужо без яе гаспадара. Паказвала кнігі жонка П.Глебкі, разам са мною быў Я.Сіпакоў. Бібліятэка была неблагая, хоць і не такая ўжо выдатная, як гаварылі ўсе. Я бачыў бібліятэкі і большыя, і лепшыя. Праўда, беларускія кнігі захапілі мяне. Выдатны падбор кніг 20 —30-х гадоў. Многія з аўтографамі. А яшчэ кнігі нашай эміграцыі, выдадзеныя ў Амерыцы, ФРГ... Купала, Багдановіч, Гарун, Калюга, Арсеннева, Сяднёў... Газеты "Бацькаўшчына", "Беларус", часопіс "Конадні" і інш. Жонка сказала, што П.Глебка ўсё гэта прывёз з Амерыкі.

Большн трох гадзін правялі мы з Я.Сіпаковым у бібліятэцы П.Глебкі. I, ідучы праз парк, гаварылі, як любяць беларускае слова тыя, што па волі лёсу апынуліся за межамі Бацькаўшчыны, як любіў сваё роднае слова ён, П.Глебка. Бібліятэку П.Глеб­ку захавала жонка. У вайну яна заставалася ў Мінску. I быццам за тое, што яна захавала бібліятэку, П.Глебка дараваў ёй усё.

Аркадзь Чарнышэвіч. У тыя гады, калі я пачынаў пра­цаваць у "Полымі", А.Чарнышэвіч жыў у Радашковічах. У Мінск ён прыязджаў рэдка. I хоць творы яго мы друкавалі, але бачыцца і гаварыць амаль не даводзілася. Свае творы ён пісаў на разлінованых аркушах паперы звычайным пяром, фіялетавым чарнілам. Прывозіў папку нашай машыністцы, тая перадрукоўвала, мы бралі ў яе і вычытвалі. Што лічылі патрэбным — правілі, скарачалі.

А.Клышка загарэўся нешта напісаць пра А.Чарнышэвіча. Паехаў да яго ў Радашковічы. Пераначаваў там. Назаўтра расказваў мне, што А.Чарнышэвіч жыве бедна, што ў хаце многа клапоў, і каб уночы хоць трохі паспаць, давялося ім з А Чарнышэвічам спаць на падлозе, кругом сябе наліўшы цэлыя лужыны вады. А.Чарнышэвіч быццам сказаў, што "клапы праз ваду не пройдуць, а пакуль падымуцца да столі і ўпадуць на іх, можна будзе выспацца"

Потым, калі А.Чарнышэвіч прыехаў у Мінск, ён у рэдакцыю "Полымя" пачаў заходзіць часцей. Асабліва ў наш аддзел. Прыйдзе, сядзе на канапку, распытвае, хто я, дзе жыў, што пішу. А пад канец, калі дадому ісці, папросіць некалькі часопісаў старых, што ў шафе ў нас ляжалі. Ён, аказваецца, вельмі любіў кнігі, хацеў чытаць, а дома ў яго хаце кніг не было.

***

Аднойчы ён расказваў, як даводзілася і яму жыць у высылцы.

— Мы, беларусы, калі прыехалі ў Сібір, то ўсё рабілі лепш за мясцовых людзей. I пісьменныя амаль усе былі. I ўявіце сабе: у нас многаму вучыліся мясцовыя, нават гаварыць па-нашаму. А голад там быў страшны. Дзіўна вось што: трупаў далёка ад дарог амаль не знаходзілі. Звычайна трупы ўсе ляжал! ля дарог ці ля сцежак. Доўга думаў я над гэтым — чаму трупы ля дарог ці сцежак ляжаць. I цяпер ведаю: чалавек заўсёды ў цяжкую хвіліну другога чалавека шукае. Каб памог той яму, і паўзе да дарогі, да сцежкі, дзе могуць людзі быць. I сілы яму хапае дапаўзці, бо надзея ёсць. Дапоўзшы, чакае, што яго падбяруць, і памірае. (...)

***

Неяк я стаю на прыпынку тралейбуса. 3 Янкам Брылём. Падыходзіць А.Чарнышэвіч. I да Брыля.

— Курыць маеш?

— Я ж не куру, — кажа Брыль.

— Ты не курыш, не п’еш, можа і бабы ўжо... — сказаў А.Чарнышэвіч.

А вакол нас — людзі!

Ускочыў я ўслед за Брылём у тралейбус, а той і кажа:

— Ведае ж, што я не куру. А знарок так гаворыць, каб зганьбіць...

***

Я.Скрыгану не спадабаўся нейкі зварот у А.Чарнышэвіча. Здаецца, "падкласці свінню". Па-руску гэта, трэба паправіць. Думалі-думалі мы, а прыдумаць нічога не змаглі.