Выбрать главу

Але чалавеку, каб жыць, трэба, каб была мэта. А дзеля чаго яму жыць, гэтаму старому, адзінокаму чалавеку? Сям'і ў яго няма — жонка памерла перад самым тым, як яго ўзялі. Другі раз ажаніцца не паспеў — пасадзілі. Астаўся, праўда, сын. Яму тады было нешта каля трох год — сам працаваў, глядзела бабка.

Успомніць — як прыходзіў, як гарнулася дзіця, як пачынала гаварыць "шакаладка — кашаладка", часікі (пяцьдзесят часоў — время сем мінут палавіна другога), ножку падымае, тады сапка, а тады і бабка... I чакае мамы — мама лячылася, ляжала ў бальніцы, і яе прыйшлося чакаць. Чакае і цяпер — і радасць, і сум... 19 год нічога не ведае пра яго лёс. 3 турмы не пісаў — не хацелася вярэдзіць сэрца сабе, дый успамінаў, як чакаў сынок маці (а мама не прыйшла — не хацеў турбаваць малога — хай лічыць, што яго няма зусім). Ды каму пісаць?

Сын, мне трэба знайсці сына. I ён едзе дадому, правільней, у той горад, дзе ён жыў. Няма бабкі, няма тых людзей, дзе ён жыў на кватэры, няма нават таго дома... (Перад гэтым — у гарсавеце хутка і без валакіты далі яму аднапакаёвую кватэру.)

Горад новы, новыя людзі — вялікая побач будоўля. Але стары шукае, нястомна шукае — месяц, другі... Урэшце знаходзіць нейкія сляды — у размове з суседкай даведваецца, што тая жыла побач.

"Сына?" Так, яна чула. Сынок жыў з бабкаю, пакуль тая не памерла. Тады яго нехта ўсынавіў.

Шукае ўсіх усыноўленых і — знаходзіць. Сына яго ўсынавілі заможныя людзі (ледзь не старшыня гарсавета — дырэктар, можа, загса ці нешта падобнае). Ён носіць прозвішча новых бацькоў, скончыў інстытут, камуніст, цяпер — архітэктар ці нешта такое — горада. У яго новых бацькоў не было дзяцей, яны і ўсынавілі яго.

Ідзе да сына — на рабоце не знаходзіць (лепей бы спачатку сам, сам), але ад радасці, што знайшоў, не можа стрымацца — едзе на кватэру. Звоніць (сцэна, як чакае, — як тахкае сэрца, якія думкі — на лесвічнай пляцоўцы). Выходзіць — стройны хлопец, мужчына — няўжо гэта мой сын?

— Мне Апанаса Рыгоравіча.

— Я. Што вы хацелі?

Думкі, думкі, думкі.

— Па асабістай справе, я хацеў бы проста пагаварыць з вамі.

Не хоча пускаць у хату, — убогі патрапаны стары, апрануты абы-як, на нагах — кірзавыя боты ў гразі. Глядзіць на боты, на ўсё — адгаворваецца, але стары настойвае. Заходзяць, зачыняюцца ў асобным пакоі, — пад дзвярамі слухаюць. Простая цікавасць дый нейкая нецярплівасць — яны чулі размову на лесвічнай клетцы, а таму і зацікавіліся, — дый трывога нейкая пасялілася.

— Вы (гаворыць бацька на сына на вы) — знаеце, што вы не родны сын. — Так, я знаю гэта. А навошта пытаеце?

— Я знаў вашага бацьку.

— Ну і што? — як бы абыякава. — Дзе ён, што з ім? Загінуў?

— Не, жыве.

— Дзе?

— Тут жа, у гэтым горадзе.

— Праўда?

— Так. Вы хацелі б калі з ім сустрэцца?

— Але, пры выпадку.

— Я і ёсць...

Разгубленасць, бянтэжыцца. А стары плача і тым самым выказвае нейкую боязнасць. Размова...

— Ну дык можа пойдзем да мяне?

— Не позволяет партийная совесть оставлять стариков (яны зараз на пенсіі).

Ідзе дадому. Ідзе і не бачыць дарогі. А мне, што мне "позволяет совесть моя, не партийная..."

Думкі, думкі, думкі. Згадкі і пра яго дзяцінства зноў, і пра маці яго, і пра ўсё-ўсё. Жыць? На чорта яно, на чорта ўсё гэтае жыццё. Развагі яго аб жыцці — кляне, што радзіўся на свет...

I астаецца адзін сын — калі выходзіць бацька, новая маці і бацька, як каты, ходзяць кругом, шэпчуцца з сабою... што будзе!..

Ляжыць — і абавязаны перад гэтымі, і ўспамінае таго... старога. Што ён вінаваты? Хіба б не быў бы такім бацькам, як гэтыя? Гэтыя з роскашы, як сабаку ці кацяня, узялі. Для балаўства. Таму ж я трэба — як чэрствы кавалак хлеба... Жаль да таго. "Лепей бы я ў дзіцячым доме вырас, як тут..."

Рашае ісці да таго. Аб'яўляе ўранні. 3 новай маці прыпадак, прыступ... Прыязджае "хуткая дапамога", нашатыр панюхаць.

"Можа, і нарэшце. А не — не..."

Ідзе да таго, — стары сабіраецца вешацца, з вяроўкай ужо.

— Сынок мой, ты вярнуўся?

Лашчацца, цалуюцца, суцяшаюць адзін аднаго.

У акно заглянула сонца — узышло — нешта такое, нейкі адзін аптымістычны сказ. I ўсё.

***

Іван ПТАШНІКАЎ. Лонва.

Аповесць Іван занёс у "Маладосць". Прачыталі М.Стральцоў, А.Асіпенка. Узяў П.Панчанка. Гаворка была (расказваў М.Стральцоў) нядоўгая і вельмі тактоўная. Але І.Пташнікаву нешта не спадабалася — "вы чалавек таленавіты, але сёе-тое трэба дарабіць". І.Пташнікаў узбунтаваўся, перадаў аповесць мне (я чытаў яе адначасова з "Маладосцю"), каб я даў прачытаць яе А.Бачылу, ведаючы, што аповесць чыталася ў "Маладосці", зрабіў вельмі многа заўваг — па сюжэце асабліва. Гаворка яго звялася да таго, што аповесць трэба перапісваць, фактычна пісаць новую. Іван хварэў, гаворка ішла са мной. Я аддаў аповесць чытаць далей — Я.Скрыгану. Перад гэтым Я.Скрыган ставіў пытанне аб замене І.Пташнікава як рэдактара аддзела на больш старэйшага па ўзросту і вопыту чалавека. Але нешта не выйшла — таму аповесць Я.Скрыган прачытаў з вялікаю ахвотаю і ўхваліў усё, без усялякіх агаворак. Танк прачытаў аповесць ужо ў часопісе і таксама вельмі хваліў — як нікога яшчэ. (...)