Выбрать главу

Слезацечны газ неблагі сродак прачысткі мазгоў, але часам ня дзейнічаюць і больш моцныя сродкі. У жніўні 1991-га, пад час путчу мы з калегам, мастаком Генам Мацурам, напісалі зварот да камуністаў-супрацоўнікаў выдавецтва, дзе я тады працаваў, у якім заявілі, што ня можам больш цярпець партарганізацыю ў калектыве. Адразу падпісалі зварот чалавек дзесяць, потым лічба павялічылася. А на агульным сходзе праз пару дзён пачалося нешта няўцямнае: ня варта сьпяшацца, трэба разабрацца… Мастак Коля Шалюта ускочыў тады і зьвінячым ад напружаньня голасам закрычаў: «Што вам яшчэ трэба? Вам путчу мала?! Што вам трэба, каб зразумець?!!»

— І што ж трэба?

— Час, што мінуў пасьля путчу, выразна засведчыў існаваньне дзьвюх супрацьлеглых псыхалёгіяў або грамадзкіх лагераў: тых, хто хоча і можа зразумець урокі мінулага, і тых, хто разумець ня хоча і, думаю, ня можа. Ёсьць яшчэ адна катэгорыя, менш выразная, але намнога большая, чым першыя дзьве разам узятыя: тыя, каму ўсё роўна. Унутры плыняў ідуць свае працэсы, у выніку якіх адбываецца ўзаемаабмен паміж імі, што розныя людзі называюць па-рознаму: здрадзіць прынцыпам, перафарбавацца, выздаравець.

— Чаму ж ты адмаўляеш Барысенку ў праве на выздараўленне?

— Ёсьць розьніца паміж маўчаньнем і непасрэдным удзелам у зьнішчэньні людзей. Рознае павінна быць і ўшанаваньне. У выпадку Барысенкі не хапае некалькіх зьвёнаў, якія дазволілі б пагадзіцца з тым, што пасьля XX зьезду ён стаў іншым чалавекам. Ён па-ранейшаму ўдзельнічаў у афіцыйных кампаніях ідэалягічнага цкаваньня іншадумцаў і нічога не рабіў для вяртаньня зацкаваных у 30-я гады.

Адсутнічае і яшчэ адно зьвяно. Надзейным сьведчаньнем унутранага вызваленьня ад рабства зьяўляецца гатоўнасьць адмовіцца ад таго, што дасягнуў у мінулым рабскім жыцьці. Не зважаць на свой сацыяльны статус, плюнуць на прывілеі, паставіць пад пагрозу бесклапотную будучыню сям'і, адчуць радасьць пакутаў за праўду. Ёсьць і апошяя мяжа. Мы здымалі фільм пра Курапаты пад час археалагічных раскопак, і Зянон Пазьняк, стоячы ў раскопе над рэшткамі ахвяраў, сказаў, што калі б у яго быў выбар — страляць альбо легчы ў гэтую яміну, ён ляжаў бы там.

— Што выбраў бы ты?

— Я ведаю свой сёньняшні адказ. Ёсьць нейкая паласа, на якой колькасьць ведаў, пачуцьцяў, назіраньняў пераходзіць у якасьць. Чалавек зь пераважна раба робіцца пераважна свабодным. І з гэтага моманту пазбаўляецца выбару, бо ўжо ня можа рабіць ці не рабіць пэўны крок. Драматург Аляксей Дудараў расказаў, як пазванілі яму 19 жніўня, пад час путчу, і спыталіся пра яго стаўленьне. Ён кажа: я баяўся. У мяне малая дачка. Але яшчэ больш я баяўся не сказаць, што гэта банда і я яе не баюся.

— А ты што рабіў тады, як модна пытацца?

— Якраз ня модна, па-мойму. А шкада. У адрозьненьне ад 30-х, у 91-м пад іх танкі было каму кінуцца. І гэта лепшае, што мы маглі зрабіць для памяці ахвяраў рэжыму. А горшым, на маю думку, стала тое, што мы, дакладней, маскоўскія дэмакраты ўпусьцілі шанц суду над камуністычнай ідэалёгіяй і правядзеньня люстрацыяў. У выніку — калатнеча рэстаўрацыі, местачковы таталітарызм…

— О, вось мы дабраліся да сутнасьці: ты за паляваньне на ведзьмаў, за помсту!.. А як жа дэмакратычнае чалавекалюбства, як жа «милость к падшим», як жа біблейскі запавет не судзіць?

— Паўтаруся: я за тое, каб судзілі. Не судзіць у хрысціянскім сэнсе, г. зн. дараваць — і то толькі ў маральным плане — мае права выключна ахвяра. Грамадзтва, дзяржава ня маюць і ня могуць мець такога права. Папа Рымскі дараваў турку Агджу, які рабіў на яго замах, і маліўся за яго. Што не перашкодзіла ўладам Італіі адправіць злачынцу ў турму.

Дэмакратычнае грамадзтва праз сістэму законаў, судоў і турмаў павінна жорстка абараняць сябе і свабоду сваіх грамадзянаў. З камуністычным вядзьмарствам, зь іншымі чалавеканенавісніцкімі ідэалёгіямі і арганізацыямі трэба змагацца як змагаліся з чумой і халерай. Магчыма, у будучым будзе дастаткова проста адукацыйнай прышчэпкі, сёньня ж патрэбны каранцін і санацыя. У гэтым і ёсьць чалавекалюбства.

— Многія ахвяры самі стваралі мэханізм рэпрэсіяў — ідэалягічна, арганізацыйна, юрыдычна. Многія каты станавіліся потым ахвярамі. Ты ўпэўнены, што заўсёды можна адрозьніць правага ад вінаватага, пазьбегнуць новай несправядлівасьці?

— Каб адрозьніць, трэба ведаць. Няма аднаго адказу для ўсіх. Але гэта ня значыць, што няма такога адказу ўвогуле. Трэба шукаць, вывучаць, прыводзіць факты. А меркаваньні будуць розьніцца, некаму і цяпер Ленін, Гітлер, Пол Пот куміры.

Што ж да новай несправядлівасьці… Хіба пасьля маіх публікацыяў прыяжджаў «чорны воран», людзей кідалі ў «амэрыканку», везьлі ў Курапаты? Хіба я заклікаю ставіць былых катаў, як некалі яны ахвяраў, на «канвэер», зашчымляць пальцы дзьвярыма, спаражняцца ў твар, на вачах бацькоў гвалціць дочак, жонак кідаць на пацеху ў камэру крымінальнікам? Хіба я пасылаю іх дзяўбсьці запалярны вугаль, патрабую марыць іх смагай і голадам, цкаваць сабакамі? Хіба — ды задоўга перачліваць усё, што каты тварылі над ахвярамі. Я хачу толькі аднаго: назваць іх імёны і іх учынкі.

— Але дзеля чаго? Катаў ўжо амаль не засталося. На развалінах Савецкага Саюзу ўзьніклі рэжымы з «культам асобы» ня горшымі за сталінскі. Ці мала правільных словаў было гаворана ў гісторыі, але ці пачутыя яны?

— Некаторыя словы трэба паўтараць, каб не забыцца на іх увогуле. Хто ведае, што было б, калі б час ад часу іх не паўтаралі зноў і зноў… Калі пад час вучобы ў інстытуце, а потым і пасьля заканчэння я змог сказаць «не» афіцэру КГБ, які вэрбаваў мяне на ролю няштатнага «памочніка» органаў, дык не паддацца на пасулы і пагрозы дапамог страх будучага сораму. Я ўявіў, што будзе, калі такое супрацоўніцтва адкрыецца — нават праз сто гадоў… Але яшчэ большы, чым перад будучым, ёсьць абавязак перад мінулым, перад адным яго фрагмэнтам…

— Якім?

— Апошнія сэкунды перад стрэлам… Я бачу расстрэл у Курапатах, калі ўсе просьбы аб дапамозе выплаканыя, надзеі растаптаныя, спадзяванні адкінутыя, ратунку няма й ня будзе, і каты выцягваюць свае рэвальвэры. І мне здаецца, што адзін з тых, хто ўпадзе зараз у яму, пачынае здагадвацца і раптам верыць, што праклятыя імёны назавуць хоць празь пяцьдзесят гадоў, што хоць так яны будуць адпомшчаныя, і тады на зьмярцьвелым твары зьяўляецца нешта, нешта падобнае на апошнюю ўсьмешку…

6. КУРАПАТЧЫКІ

Сьпіс супрацоўнікаў НКВД БССР па стану на 1937 год.[3]

Абрамаў — намесьнік начальніка Магілёўскай аблуправы

Абрамчук — опэрупаўнаважаны, Магілёў

Аверын Міхаіл Ігнатавіч — 1912, 1937, опэрупаўнаважаны

Альтшулер Леанід Яўсеевіч — 1913, 1937, опэрупаўнаважаны

Антонаў Пётр Сяргеевіч — 1902, 1919, опэрупаўнаважаны

Арагіковіч Пахом Пахомавіч — 1910, 1937, курсант

Артамонаў — начальнік аддзяленьня меншавікоў і эсэраў НКВД

Архангельскі — начальнік аддзялення трацкістаў і правых НКВД

Архіпаў — памочнік начальніка аддзелу месцаў зьняволеньня НКВД

Ашышкевіч — начальнік аддзялення трацкістаў і правых НКВД

Багданаў І. А. — начальнік баявой падрыхтоўкі НКВД

Балоцін — опэрупаўнаважаны, Ворша

Бандарэнка Дзмітры Сьцяпанавіч — памочнік опэрупаўнаважанага, Старыя Дарогі

Бачкоў Міхаіл Паўлавіч — 1899, 1920, адказны дзяжурны НКВД

Барысаў Сямён Рыгоравіч — 1900, 1926, начальнік аддзелу НКВД

Беззабезнаў Дзьмітры Карлавіч — 1908, 1934, опэрупаўнаважаны

Берман Барыс Давыдавіч — 1901, 1920, наркам

Бібікаў Георгі Паўлавіч — 1914, 1937, курсант

Блох Соф'я Ісакаўна — 1898, 1925

Булатнікаў Пётр Паўлавіч — 1913, 1937, опэру паўнаважаны

вернуться

3

Па парадку ідуць наступныя зьвесткі (калі вядомыя): прозьвішча, імя, імя па-бацьку, год нараджэння, год паступлення ў органы ЧК-ОГПУ-НКВД, пасада, месца службы (калі не пазначана — Менск). Ва ўмовах закрытасьці архіваў зьвесткі носяць вымушана фрагмэнтарны характар. Да прыкладу, у сьпісе фігуруюць толькі 8 з 54 супрацоўнікаў 4-га сакрэтна-палітычнага аддзелу наркамату, 17 з 90 начальнікаў райаддзелаў НКВД, малая толіка опэрупаўнаважаных, якія непасрэдна арыштоўвалі, дапытвалі і катавалі.