Выбрать главу

Усяслаў і цяпер не падышоў да суперніка, але сам азваўся да яго:

— То што, пакатаемся?

— Пашто? — зняважліва адмовіўся Алекса.

— Усё роўна табе не дагнаці. Нос разаб’еш.

— Мне сваю галаву блюсці, а не табе, — усміхнуўся Алекса і дастаў з-пад залатанай сярмягі пару новенькіх канькоў, якія выбліснулі жалезнымі бакамі.

Усе дружна войкнулі. Вядома было, што княжычу прывезлі канькі з далёкай паўночнай краіны, тавар гэты, нябачаны ў Полаччыне, спачатку выклікаў у горадзе здзіўленне, але, убачыўшы, як спрытна коўзаецца па лёдзе княжы сын, шмат хто з вятшых, ды і са старай чадзі заказаў сваім дзецям такія ж, але зрабіць іх браліся толькі з драўніны. Адкуль жа ўзяліся жалезныя канькі ў Алексы?

— Я сам зрабіў, горда заявіў Алекса. — Сам прыдумаў адліўку, крыцу выбіраў. А бацька дапамагаў кляпаць.

Хлопцы абступілі яго, дзіваваліся. Усяслаў адчуў сябе пакрыўджаным.

— Ну, пачнём?

Ён дастаў з кішэняў кажушка, аблямаванага белымі ўзорамі, свае канькі і хутка прывязаў іх да ног. Алекса зрабіў тое ж, і яны разам пачалі спускацца да Палаты.

Сонца села, але наліўся святлом ветах, і Палата была бачна далёка, аж да павароту.

Хлопцы сталі наводдаль, але на адной лініі, праведзенай грыднем. Ён жа ўзмахнуў рукой, і абое яны сарваліся з месца і панесліся па рацэ.

Ж-ж-ж! — у лад шоргалі па лёдзе канькі, і гукі гэтыя цішэлі і цішэлі. Супернікі схаваліся за паваротам. Стала ціха.

Крапчэў мароз. Зоры высыпалі на небе, яны былі ясныя, вялікія, а над чырвонай палоскай зары дрыжала, пералівалася самая большая — зеленаватая Чагір. Падлеткі хукалі на адубелыя рукі, валтузіліся, каб не скарчанець.

Першымі затрывожыліся грыдні. Яны пераглянуліся, і абое, як па камандзе, кінуліся бегчы да павароту. За імі моўчкі затупалі астатнія.

…Усяслаў сутаргава глытаў паветра. Алекса не адставаў ад яго ні на крок, наадварот, ён некалькі разоў апярэджваў княжыча і вось нарэшце-такі вырваўся наперад. Усяслаў зразумеў, што сын каваля перамог яго канчаткова. Можа, таму, як аслеплены бяссільнай злосцю, хлопец не заўважыў на сваім шляху пельку, ледзь зацягнутую свежым лядком. Ён толькі адчуў, як ногі яго з трэскам праваліліся ў бездань, а цела апякло нібы варам, і тут жа нейкая сіла пацягнула яго ўніз, а пасля ўверх. Стукнуўшыся галавой аб лёд, ён не розумам, а нейкім звярыным пачуццём зразумеў, што недзе блізка павінна ж быць выйсце з ледзянога палону, і, ужо задыхаючыся, растапыранымі рукамі мацаў уверсе, а вада цягнула яго далей, далей пад лёд…

Алекса, пачуўшы трэск, азірнуўся — і жах як скаваў яму ногі. Доўгае імгненне ён стаяў нібы скамянелы, а пасля рынуўся да палонкі. Ён падбег у тую хвіліну, калі тонкая хлапечая рука мільганула ў паветры, схапілася за край ледзянога кола, але тут жа слізганула і знікла ў цёмнай вадзе. Алекса не раздумваў: ён кінуўся на лёд, нахіліўся над палонкай. Зноў паказалася рука: Усяслаў адчайна змагаўся са смерцю. Сын каваля паспеў: ён ухапіўся за Усяслававу руку якраз тады, калі яна гэтак жа бездапаможна, як і ў першы раз, слізганула па гладкім лёдзе. Тапелец, адчуўшы дапамогу, адчайна рвануўся, галава яго выскачыла на паверхню, і ён, нарэшце, глытнуў паветра. Але ад гэтага штуршка не ўтрымаўся Алекса: як і Усяслаў, апынуўся ў вадзе.

— Ратуйце! — закрычаў. — Ратуйце!

Адзіны паратунак, на які ён спадзяваўся, былі хлопцы, што павінны чакаць іх. Ён крычаў колькі ставала сіл, таму што адчуваў, іх хопіць ненадоўга: Усяслаў учапіўся ў ягоную руку з дзікай, непрытомнай сілай, а тая, якою сам ён трымаўся за шурпаты аскабалак, што вытыркаўся з гладка вырубленай ледзяной сцяны, нямела ўсё болей.

— Трымайцеся! а-а! — пачулася ў адказ. Грыдні, а за імі хлапчукі беглі да палонкі. Але Алекса ўжо не бачыў іх, не чуў, як аддзіралі ягоную руку ад ледзянога аскабалка, цягнулі абаіх хлопцаў з палонкі, а пасля неслі ў бліжэйшую хату, і гаспадары расціралі іх гусіным тлушчам.

Усяслаў ачуняў раней. Ён здзіўлена ўзіраўся ў людзей, аглядаў незнаёмую хату, смалякі, запытаў слабым голасам: