Выбрать главу

— Пашто тут?

Яму расказалі. Калі дайшлі да таго, што ніяк не маглі расшчапіць яго і Алексы рукі, ён з цяжкасцю ўсміхнуўся пабялелымі вуснамі:

— Значыць, быць па таму.

Праз кароткі час хлапчукі ляжалі поруч на лаве, накрытыя цёплымі кажухамі: светла-русы, каржакаваты сын каваля і цёмнавалосы танклявы Усяслаў. Упершыню княжыч не адчуваў да суперніка злосці, наадварот, нейкую палёгку. Ён мякка штурхнуў Алексу:

— Пойдзеш у дружыну да мяне, калі вырасту?

Той уважліва паглядзеў у вочы Усяславу. Вочы глядзелі ўсмешліва, але прыязна, і хлопец зразумеў — не жартуе княжыч. Ён аблізнуў перасохлыя вусны і таксама штурхнуў пад бок Усяслава:

— Згода!

Гаспадар радасна і трохі зайздросна шапнуў жонцы:

— Пашанцавала чорнай косці, стане яна белаю…

На што жонка азвалася, хутаючы Алексу:

— Ой, панская ласка цяжкая!

І дадала:

— Будзь, дзіця, высокі, як дуб, моцны, як зуб!

Усяслаў ляжаў супакоена, сон паволі, як атрутнае зелле, уліваўся ў ягонае цела. Было цёпла і ўтульна, нязвыкла ўтульна сярод незнаёмых людзей, у смердавай хаце, дзе сцены наскрозь прапахлі пахучым бярозавым дымам, як у лазні, бэлькі над галавой былі чорныя, аброслыя, нібы мохам, сажаю, падлогі ж не было зусім. Замест светлых, жоўтых дошак тут гэтак, як і столь, чарнела моцна ўтаптаная зямля. Отрак павярнуўся да сцяны і заснуў. Спакойна спаў і Алекса. А тым часам, пакуль ганцы ехалі за княжычам, і каваль, і жонка яго былі схоплены, прыведзены ў княжацкія харомы, і там гнеўны Брачыслаў загадаў грыдням, каб, зняўшы з віноўных порты і сподняе, далі кожнаму па дваццаць лазін за «дзёрзкасць чада васпітуемага»…

Пайшлі за годам год…

…Вечарам у трапезнай, даядаючы кавалак смажанага шчупака, княгіня сказала як бы мімаходзь, звяртаючыся болей да тысяцкага Ірвідуба:

— Што ж, вернецца — біць яе, баярскую дачку?

Усе прымоўклі. Старэйшы сын, Давыд, глянуў на бацьку, меншыя княжычы навастрылі вушы: было цікава, што станецца з Нялюбай, унучкай паважанага Ірвідуба, якую той нядаўна прывёў да княгіні і якая ўцякла з княжага двара гэтак жа, як запар тры гады ўцякае з бацькоўскага.

Ірвідуб заільсніўся потам, пачырванелыя абвіслыя шчокі яго задрыжалі, ссунуліся рэдкія пасівелыя бровы.

— Самога епіскапа прасіў выгнаць з яе беса, але, яко крэпасць, моцная нячыстая сіла — самой княгіні не ўбаялася! Сорамна мне, валадарка такі гонар нам аказала, да сябе нечасцівую наблізіла, а яна… авохці мне!

Малыя грызлі пернікі і з асалодай назіралі за Ірвідубам. Брачыслаў заўважыў іх вострыя цікаўныя вочы і глянуў на баярына-агнішчаніна. Той падняўся і з паклонам звярнуўся да княжычаў:

— Час у апачывальню…

— Табе таксама час, — рэзка сказаў Брачыслаў жонцы, і тая, апусціўшы вочы, тут жа ўзнялася з-за стала і выйшла, як выплыла, услед за дзецьмі.

— Маёй бы так упраўляць, — пра сябе ўздыхнуў Ірвідуб, праводзіўшы поглядам яе тонкую, высокую постаць, услед якой усе, хто быў у трапезнай, схіліліся ў паклоне.

— Пытаўся я ў валхвоў — ці не на іхнія капішчы бегае, — з адчаем сказаў Ірвідуб.

— Не, няма яе там. Дзе беса цешыць, няславіць мяне і род наш?

Брачыслаў слухаў яго, запіваючы шчупака вострым кіслым, квасам. Яшчэ раніцай, калі даведаўся пра ўцёкі Нялюбы, мільганула ў яго думка-здагадка.

Па ўсім Полацаку ішлі перасуды, як унучка Ірвідуба насмяялася над сватамі. Сватаўся да Нялюбы не абы-хто: малады Васілёк вёў свой род ад тых, хто прыйшоў у Полацак з-за мора яшчэ з Рагвалодам, бацькам Рагнеды, і ўсе ведалі, што будзе ён з часам ледзь не самым багатым у горадзе. Праўда, адно не давалася Васільку — навука, і чарнарызец Міхаіл з манастыра пры кафедральнай царкве на Верхнім замку сыходзіў стогнамі, вяртаючыся з агромністых харомін валачаніна Крыварога, бацькі Васілька. Аднойчы, калі ён, вохкаючы, спускаўся па вузкай сцяжынцы, на яе, як мячык, з кустоў дзікай шыпшыны ўпала сямігадовая дачка баярына Рэдзькі. Бойкая дзяўчынка ў дарагой вышыванай кашульцы, падранай на баках, была без памяці: яна сарвалася з камянёў старога замчышча, куды ўскараскалася без нічыёй дапамогі. Міхаіл прынёс дзяўчо ў манастыр, абмыў яе і напаіў зёлкамі, і з таго часу прыдбаў сабе новую вучаніцу. Нялюба прыносіла яму радасць у той жа ступені, у якой прыносіў прыкрасць Васілёк, і, каб прыахвоціць хлопца да навукі, не раз ён паказваў таму роўненькія шнурочкі святарных тэкстаў, што без адной памылкі выводзіла на васковых дошчачках Нялюба.

Васілёк упершыню ўбачыў унучку полацкага ваяводы ў царкве. Малітоўна склаўшы рукі, чорнавалосая, чырванашчокая дзяўчына шаптала ўслед за епіскапам псалом Давіда, але і ў руках яе, і ў жвавых вачах было нешта вольнае, дзікаватае, і аблічча яе кідалася ў вочы, абуджаючы зусім не малітоўныя думкі. «Сатанінскае нешта ў ёй», — гледзячы на чырвоныя, як вішні, вусны, падумаў хлопец — і выйшаў з царквы, не бачачы вакол свету.