Выбрать главу

Але бацькі, што з вялікай пашанай сустрэлі сватоў ад Крыварога, прынялі вялікі сорам: Нялюба разрагаталася, пачуўшы пра замужжа. Яна рагатала доўга, помсліва, а выскачыўшы назад, у сваю святліцу, расплакалася так, што не маглі яе суцешыць ні нянькі, ні карміліца, ні сама спалоханая маці.

З таго часу яна пачала знікаць з дому. Прыходзіла праз некалькі дзён, у бруднай, запэцканай кашулі, з садранымі пазногцямі, выходзіла да стала і прагна ела, не зважаючы на папрокі сям’і. Бацька паспрабаваў пабіць яе і замкнуць у клець — выгнулася, вылезла праз акно, і не было яе ажно дзве седміцы, так што маці з нянькаю тайна ад гаспадара спусцілі ў Палоту свежы бохан хлеба і на ім дзве запаленыя свечкі — калі ўцягнуў дачку Вадзяны, хай будзе ёй, рачніцы, лёгка! Але яна прыйшла — і тут узяўся за адступніцу дзед. Ірвідуб павёў яе да княгіні, і маладая дзяўчына, на зайздрасць усім баярскім сем’ям, стала жыць у княжым двары. Але прайшоў месяц — і ўцякачка зноў не ўтрымалася.

— Забіць яе, ці што? — скардзіўся Ірвідуб, — Але ж ці яна вінавата, ці злая доля яе такая? Помніш, гаспадзіне, у які дзень нарадзілася?

Брачыслаў помніў — у той самы дзень, калі судзілі валхвоў, і падзея гэтая таямніча звязвалася з жыццём унучкі Ірвідуба. Ён падбадзёрыў старога:

— Дай толькі Пярун удачы, і памаліся заўтра ў царкве, каб не было за гэтыя дні дажджу!

Ірвідуб здзіўлена паглядзеў на князя; у ягоных вачах засвяцілася надзея і разам з тым нібыта боязь. Ён павольна выйшаў з-за стала, пакланіўся і знік у дзвярах. Князь, забраўшы лучыну, пайшоў да сябе. Отрак памкнуўся быў за ім, але князь павёў брывом, і той палахліва адступіў.

Прайшоўшы сенцы, Брачыслаў пачуў голас. Ён прыслухаўся: гаварыла карміліца Няжата. Яна, відаць, толькі што паклала спаць ягоных дачок і расказвала ім нешта. Усяслаў нячутна падышоў да дзвярэй. Голас Няжаты, ціхі, глыбокі, дрымотна расцякаўся па апачывальні:

— Дняпро — то брат нашай Дзвіне. І яшчэ адна сястра ёсць у яго — Волгай празываецца. Сіроты яны ўтраіх былі, хадзілі-хадзілі па зямлі і ўсё шукалі, дзе б можна было разліцца вялікімі рэкамі. Што вы думаеце? Знайшлі! Знайшлі і начаваць ляглі ў балотах. Але сястрыцы былі хітрэйшыя за брата: як Дняпро заснуў, яны паціху ўсталі, занялі лепшыя мясціны і пацяклі сабе. Устае раніцай брат, зірнуў навокал — як кінецца наўздагон! Злаваўся-злаваўся, курожыў берагі, а пасля супакоіўся, дайшоў сабе да мора. Праўда, шмат затое ў яго віроў ды вытокаў.

— А як жа сястрыцы? — падала сонны голас адна з князёўнаў.

— А сястрыцы разбегліся ў розныя бакі, ратуючыся ад пагоні, і больш ужо не сустракаюцца, — адказала Няжата і хацела ўскочыць, убачыўшы ў дзвярах Брачыслава, але ён кіўнуў галавой і, перадаўшы ёй лучыну, стаў над шырокай спальнай лаваю, дзе, утуліўшыся ў пярыны, засыналі ягоныя дочкі. Яны расплюшчылі вочы і, пазнаўшы бацьку, пацягнуліся да яго. Брачыслаў абедзвюма рукамі абхапіў дзяўчынак, удыхнуў іх цёплы, духмяны пах і ўсміхнуўся сваёй нечаканай пяшчоце.

— А мы давайце зробім, каб брат і сястра сустрэліся, — паўжартам прапанаваў ён дочкам.

— Давайце! Давайце! — запляскала ў ладкі малодшая.

— А як, татачка?

Але Брачыслаў ужо вярнуўся ў свой заўсёдашні стан занепакою, — потым падумаем! Ціха апусціў дачок, пацалаваўшы іх на развітанне, і, забраўшы лучыну, пайшоў.

Думкі яго вярнуліся да Нялюбы, і ён успомніў, як здзівіла яго ў мінулым годзе адна знаходка. У вярхоўі Палоты, за паўдня хадзьбы ад Полацака, убачыў аднойчы князь дзіўныя яміны, а падышоўшы, пазнаў у ямінах фарбы, якімі малююць іконы — жоўтую вохру, чырванаватую умбру. Гэта не здзівіла б, калі б у маленькім жаночым слядочку, што выразна ўпячатаўся ў гліну, не ўбачыў ён кавалак залатога шнура. Тады ён доўга думаў, што за жанчына была тут, удалечыні ад людзей, і чаму яна займалася такою нежаночай справай, але, калі прыйшла да іх Нялюба, ён аднойчы заўважыў у яе на руцэ нейкую жаўтаватую пляму, падобную да той, якімі пакрыты быў бераг Палоты. І вось сёння, слухаючы жонку, ён імгненна звязаў у адно ўсе гэтыя разрозненыя падзеі.

— Назаўтра конь каб быў, — буркнуў ён халопу, які падскочыў, каб распрануць князя, і, кінуўшыся на цвёрдую сваю лаву, імгненна заснуў.

Назаўтра ён загадаў сыну:

— Возьмеш аружаносца — і ўдвух дзяўчыну каб прывезлі!