Выбрать главу

Тады ад злосці пан спаліў усе дакументы па гісторыі Мураванкі. Пасля прымусіў перакапаць зямлю ў лёхах і вакол храма, абстукаць усе сцены, разабраць дах. Золата не знайшлі. Каб хоць як адпомсціць царкве і яе служкам, звар’яцелы пан забраў з храма ўсё дабро, зняў багата аздобленыя вароты і перавесіў на свой хлеў. Шмат благога натварыў пан, каб адвадзіць людзей ад царквы, ад праваслаўнай веры. Ды абарончая і духоўная моц, Божае заступніцтва паспрыялі і на гэты раз. Нездарма, значыць, Мураванка называлася царквой-крэпасцю.

 Па архітэктуры яна нагадвала сярэднявечныя замкі. Сцены ў тэхніцы гатычнай муроўкі былі выкладзены з моцнай, як жалеза, цэглы. У падзямеллях меліся памяшканні для зброі і вайсковага рыштунку, царкоўных рэчаў. Па кутах узвышаліся 4 магутныя круглыя шатровыя вежы, якія разам з абарончым поясам у верхняй частцы храма надавалі яму баявую магутнасць. Трапіць у вежы  можна было толькі знутры царквы па стромых і пакручастых каменных лесвіцах. Меўся таемны ход і гэткія ж выйсці ў сценах.

Царкву-крэпасць ад звычайнага храма адрознівалі байніцы ў сценах і вежах. Яшчэ на пачатку ХІХ стагоддзя ўваход, як і ў Мірскім замку, абаранялі важкія жалезныя дзверы-герса, якія апускаліся на моцных ланцугах са спецыяльнай нішы ўгары. У паддашшы над скляпеннямі мелася баявая галерэя. На жаль, прагавіты час не пашкадаваў гэтых сярэднявечных абарончых прыкмет.

Архітэктурную непаўторнасць царкве надавалі вежы. Яны ўзвышаліся высока над страхой, якая была пакрыта чарапіцай, што нагадвала рыбіну луску. Гладкія чырвоныя сцены ажыўляліся атынкаванымі і пабеленымі нішамі, дэкаратыўным арнаментам. А на галоўным фасадзе, пад самым франтонам, і да гэтага часу цешыць вока, прыязна ззяе на сонцы вялікае акно-ружа.

Цягам усёй сваёй гісторыі Маламажэйкаўская царква служыла то храмам, то крэпасцю, не раз ратавала чалавечае жыццё. Ворагі баяліся яе не толькі таму, што вітаў там святы дух, але і таму, што абаранялася яна адважна і адчайна. Здарылася так, што разгневаныя шведы вырашылі не адступацца, пакуль не паквітаюцца з няскоранай царквой. Ды намеры іхнія не  здзейснліся. Нават шведскі кароль ваяўнічы Карл ХІІ быў здзіўлены гэткім супраціўленнем. Загадаў абстраляць царкву з гармат. Марна патрацілі час, паклалі сваіх вояў, а Мураванку не захапілі. Як напамінак пра той час пад цаглянай падлогай храма знаходзілі шведскія ядры.

Моцна пашкоджаны храм выстаяў. Аднак пазнейшыя спусташэнні і разбурэнні давялі царкву да жабрацкага стану. На самым пачатку ХІХ стагоддзя з Вільні ў Гродна ехаў расійскі імператар Аляксандр І, ён зацікавіўся руінамі Маламажэйкаўскай царквы. Яе велічны нават у развалінах выгляд уразіў цара. Самадзержац загадаў неадкладна адрамантаваць царкву. Але хутка загады аддаюцца, ды не так спраўна выконваюцца. Толькі 21 студзеня 1873 года пасля грунтоўнага рамонту, падчас якога Мураванка многае страціла са свайго першапачатковага вобліку, адбылося  паўторнае асвячэнне святыні. Над вежамі з’явіліся крыжы, у адной з іх зроблена званіца. Устаноўлены новы іканастас.

ПЕРШАНАСЕЛЬНІКІ БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ

Вядома, што першыя людзі на тэрыторыі, якая належыць сёння  Беларусі, з’явіліся каля 100 тысяч гадоў таму. Пра гэта сведчаць даўнія каменныя прылады, знойдзеныя каля вёскі Абідавічы Быхаўскага раёна, ва ўрочышчы Каменная гара побач з вёскай Свяцілавічы Веткаўскага раёна. Паступова асобныя стаянкі чалавека перарасталі ў паселішчы. На гэта спатрэбілася каля 40--70 тысяч гадоў. Поўнасцю ж беларускія землі былі асвоены людзьмі толькі ў 9--5 тысячагоддзях да нашай эры.

Вось такі прыкладны жыццяпіс першанасельнікаў нашай зямлі. Але ж поруч з чалавекам жылі і дагістарычныя жывёлы. Згадаем хоць бы легендарных мамантаў. Пра іх з’яўленне наўрад ці ведае хто дакладна, а вось прычыну знікнення назаве кожны – вінаваты леднікі.

Так, па зямлі, якая з’яўляецца прарадзімай Беларусі, леднікі то рашуча наступалі і заставаліся тут дзесяткамі тысячагоддзяў, то марудна,  быццам нехаця, адступалі: усяго па некалькі дзесяткаў метраў за  год. Як вялізным нажом зразалі яны ўсё, што траплялася на шляху, магутным прасам раўнялі зямлю. А  перад сабой сунулі горы камення, векавечных дрэў, тысячы тон іншага друзу. Усё гэта невымернай тоўшчай накрыла і назаўсёды схавала ад даследчыкаў стаянкі найстаражытнейшых людзей.