Выбрать главу

— Я прышчэпак на нагах рабіць не ўмею, хоць вам і трэба было зрабіць, каб на заняткі не спазняліся.

Зараз Славін зразумеў, чаму дзяўчына ведала тады, пры першай сустрэчы, што ён сапраўды спазніўся на заняткі. Яна працавала ў паліклініцы НКУС і добра ведала, калі пачынаюцца заняткі ў афіцэрскай школе. То чырванеючы, то бляднеючы, ён, пасля таго як дзяўчына зрабіла яму прышчэпку, даведаўся, калі яна заканчвае работу, і, вядома, вечарам сустрэў яе. Пазнаёміліся, пасябравалі і, калі лейтэнант міліцыі Славін з’язджаў з Ашхабада, дамовіліся, што, уладкаваўшыся на новым месцы, ён абавязкова выкліча яе і яны пажэняцца.

«Так, але гэта было там, у вялікім горадзе, а як яна паглядзіць на жыццё тут, дзе вакол тайга?» — сумна падумаў Славін.

Ён так задумаўся, што ажно здрыгануўся, калі нечакана пачуў стук у дзверы. Увайшоў Алтынін.

— Ну, як пачуваецца новае папаўненне? — усміхнуўся ён.

— Звычайна, таварыш маёр. Уладкаваўся добра, паглядзеў на пасёлак.

— Ну, ну, давайце абвыкайце. Заўтра раніцай я вас асабоваму складу прадстаўлю.

3 Маёр Мачалаў

Вузкая вулачка, заціснутая па баках дашчаным плотам, змейкай узбіралася на пагорак.

Па прагнілых дошках драўлянага тратуара, уцягнуўшы галаву ў плечы, стараючыся, каб дождж і халодны вецер не траплялі за каўнер пад адзежу, хутка ішоў чалавек.

Дождж быў такімі густым, што дзень здаваўся вечарам, а скрозь заслону буйных кропель, толькі калі ўжо вельмі ўважліва прыгледзецца, можна было пазнаць у прахожым маёра міліцыі.

Зверху па набраклай, няроўнай дарозе, грукаючы і адчайна ляскаючы старымі, патрапанымі бартамі, пранеслася паўтаратонка. Яна абліла маёра граззю. Ён, абураючыся, паглядзеў услед аўтамашыне і, не разглядзеўшы нумара, пачаў стрэсваць прыліплы да шыняля бруд.

Неўзабаве маёр спыніўся каля глухіх высокіх варот, націснуў на металічную ручку, і брамка тут жа бясшумна адчынілася. Двор быў вузкі і здаваўся няўтульным. У вялікіх чорных лужынах плавала жухлае лісце, агідна паскрыпвала вядро, што вісела над зрубам студні. Невялікі чорны сабака, які звычайна весела бег насустрач жыхарам, забіўся ў драўляную будку, дзе згарнуўся абаранкам, і нават не пацікавіўся, хто гэта спрабуе абысці лужыны і падысці да ганка дома.

Маёр гучна тупнуў нагамі і, пацягнуўшы на сябе дзверы, увайшоў у сенцы, дзе адразу ж зняў фуражку, строс яе і адкрыў наступныя. Невялікі пакой, што быў адначасова і прыхожай, і кухняй, сустрэў яго цяплом, а пабеленая руская печ — вясёлым агнём. Жанчына, якая стаяла каля печы, павярнулася і ўсміхнулася:

— Ага, з’явіўся! А я ўжо вырашыла, што мой муж і ў выхадны дзень раней паўночы дахаты не прыйдзе.

Яна прыставіла вілкі да печы, падышла да мужа і дапамагла яму зняць наскрозь змоклы шынель.

— Ідзі ў пакой, пераапраніся ў сухое, а я цябе гарачым баршчом накармлю.

— На вуліцы чорт ведае што робіцца! Дождж — нібы неба прарвала. А тут яшчэ грузавік абліў мяне з галавы да ног.

— Гэта шафёр пазнаў, што начальнік міліцыі ідзе, вось і вырашыў дадаць яму вадзіцы і ад сябе, — пажартавала гаспадыня і лёгенька падпіхнула мужа ў спіну. — Ну, ідзі, пераапранайся.

Муж выйшаў, а яна спрытна замітусілася каля печы. І калі ён вярнуўся, пераапрануўшыся ў стары цывільны гарнітур, на стале дымілася міска з баршчом, побач — чыгунок з гарачай бульбай. Муж падышоў да рукамыйніка. Высокі, чарнавокі, з прыкметнай сівізной, ён выглядаў старэй сваіх сарака гадоў. Падсаджваючыся да стала, спытаў:

— А дзе дзеці?

— Юля ў суседкі, урокі разам з яе дачкой робяць, а Вані я дазволіла з сябрамі ў кіно схадзіць. Хутка прыйдуць. Ты еш, а то астыне.

Яна села побач і, падпёршы падбародак рукамі, глядзела, як ён есць.