Выбрать главу

Ззаду - суцэльны кашмар. Неяк, як гавораць, палюдзку жылi хлебаробамi. Зямлю любiлi. Яна шчодра адплачвала за добрую працу, за цьвёрды мазыль. Навалач пачалася ад часу як трэснула пад нямецкiмi ўдарамi "рэч паспалiтая", а "братнюю руку" падаў маскаль... На сьпiну працавiтага чалавека ўзьлез абiбок-гультай-паразiт. У iхнай вёсцы паўстаў калгас. Бацька стануў на дыбкi. Неяк уночы яго забралi. Быў працавiты, у Бога веруючы, сумленны, беларускi селянiн. Быў!.. ня ведаў-бы ў той час Алесь як пiсаць эпiтафiю на магiле таго, каторы быў... Няведама дзе была ягоная магiла, i цi не ляжалi ягоныя астанкi ў масавай...

Алесева ўвага затрымалася на пiльнасьцi цяперашнiх неадкладных спраў. Ягоныя вочы прабеглi па прыгожа абшаляваных сьценах пакою ды затрымалiся на бронзавай, залатым блескам зьзяючай ручцы дзьвярэй. З-за дзьвярэй даляталi прыглушаныя гукi гандлёвага вэрхалу. Алесява праца - вышукоўваць на шырокiм рынку найбольш выгадныя i ходныя тавары. Алесь Якiмовiч - купляньнiк кампанii Трыфты Тонi. На гэтай пазыцыi трэба было мець добрыя сувязi зь людзьмi, ведаць гандлёвую тэрыторыю ня толькi сваёй краiны, але й суседа-сланя з паўдня, ведаць якасьцi й цэны масы тавараў, значыцца быць неабыякiм пранырам. У рукi спажыўцоў кажны дзень Трыфты Тонi намагаўся даць выгадныя й даступныя па цэнах прадукты. Праца нялёгкая. Частыя падарожжы, агляд i ацэнка тавараў, закупы разьлiчаныя на вялiкi ход. Пакуль што Алесю спадарожнiчалi посьпехi, сам бос Давiд Зэлман прызнаваў ягоныя ўдалыя махiнацыi, сувязi i гешэфты.

Ды пры гэтым босавым экзэкутыўным стале, - Алесь ужо раней пераканаўся, - доўга крэсла на шпянi не пагрэеш. Якiмовiч мог амаль дакладна прадбачыць, што вось гэтта неўзабаве здарыцца. За дзьвярмi, абабiтымi чырвоным калiфарнiйскiм дрэвам, пачуюцца борздыя крокi, некалькi слоў мiж босам i сакратаркай, тады пакруцiцца ў дзьвярох вышлiфаваная да блеску золата ручка i перад iм зьявiцца сярэдняга росту хударлявая, лысагаловая постаць энэргiчнага й заўсёды непаседлiвага ўласьнiка кампанii Трыфты Тонi.

- Галё, мой бой, як маешся! - мэталiчны голас пры стрыманай усьмешцы прывiтае Алеся. Паздароўкаюцца рукамi. - Павязло?

Тут i ня будзе часу адказаць на тое "як маешся?", бо бос ужо хоча ведаць, цi павязло. "На якiм гэта верацяне яму баба-спавiтуха пуп абразала?" - думаў цi раз пра Зэлмана Алесь.

- Крыху, - пачне сваю справаздачу наўмысна сьцiпла Алесь. Можа здарыцца, што задаволены бос i ўласьнiк крамы пасяброўску з адабрэньнем дакранецца лёгкай рукой да Алесявага пляча, пасулiць свае заўвагi адносна гандлёвага гешэфту, магчыма нават, што спытае свайго купляньнiка пра iншыя асабiстыя ўражаньнi. Пасьля Алесь, голасна падсьвiстваючы сабе, пойдзе дамоў, каб адпачыць перад новым падарожжам у нейкую iншую гандлёвую джунглю.

Гэна ўсё, уяўленае Якiмовiчам, здарыцца зараз. Цяпер-жа Давiд недзе заняты. Як пчолка ў летняй квеценi пералятае з аднае кветкi на iншую, гэтак i бос, па дарозе ў сваю кантору, намагаецца зьбiраць плёны папярэдняга дасьветчаньня, бачыць розныя дробязi, трымаць усiх i ўсё на сваiм воку. Тымчасам Алесь мае час падарожнiчаць у згадках i меркаваньнях. Думкi ягоныя пабеглi да дзяўчыны, якую спасьцярог у куце жаночае вопраткi. Яна памагала старшай жанчыне выбраць нешта патрэбнае. Дзяўчына, вiдаць, адно пачала тут працу. Алесь ведаў бальшыню працаўнiкоў, асаблiва жанчын i дзевак. Як-нiяк, Алесь-дзяцюк наглядаў сабе нейкую ўяўленую прыгажуню на будучыню. Не, ён не сумляваўся, памяць меў добрую. Тры днi назад, калi выяжджаў на чарговы рэйд, гэтай лялькi тут на было. А ўчора бос быў недзе заняты, абяцалi што сяньня ранiцай абавязкова знойдзе для яго час. Алесь меў крыху часу папахадзiць па краме, заглянуць у некаторыя куткi, пагутарыць зь людзьмi, зачарпнуць апошнiх мясцовых навiнаў. I вось тады трапiла яму на вока новая дзяўчына.

Трэба было зрабiць разьведку. Хто-ж яна такая i адкуль узялася? Прывабна-прыгожая. Хараство сьцiпласьцi: поўныя вусны без памады, валосы роскаш. Грудзi... Стан... Там сярод радоў жаночага тавару цяжка было блiжэй прыгледзецца. Вочы... У iх, магчыма, разгадка, калi блiзка ў iх заглянуць. Трэба праверыць, пазнаёмiцца безадкладна.

Гэты кут крамы, дзе працавала тая гожая, якую ўбачыў Алесь учора, дзяўчына, трэба было трымаць на воку. Розныя найнавейшыя цудоўныя матар'ялы, прызначаныя для ласканьня жаночага цела, прыцягвалi, быццам магнiт, розных так званых "пэрвэртаў", такiх скажоных абэлтусаў мужчын, што мелi дзiўныя погляды на плоць i самi насiлi жаночую бялiзну. I Алесь, пасьля гутаркi з босам, пайшоў зноў, як казаў сам сабе, у разьведку. Прыглядаўся разьвешаным на стаяках сукенкам, пасьля спынiўся каля рознакаляровых лiфчыкаў, наўмысна сканцэнтраваўся на iх.

Дзяўчына падыйшла да Алеся.

- Магу служыць вам, спадару? - спыталася ў яго.

- Гм, здаецца мне...

Алесь захапiўся дзяцiннай нявiннасьцю на гэтым немаляваным рознымi пудрамi цi памадамi твары, ён прыглядаўся пары блакiтных прамянiстых вачэй, якiм цi льга было знайсьцi параўнаньне. Дзяўчына iз свайго боку добра трымала позiрк. На твары - ласкавая ўсьмешка, а ў вачох - пытальнiк. Ужо пасьля ў будучынi Алесь намагаўся прыгадаць цi ў гэну першую сустрэчу, вочы ў вочы, запалiлася iскра, якая пасьля разгарэлася неабдымным полымем.

- Ёсьць у мяне вялiкая праблема, якую я павiнен неадкладна вырашыць, гаварыў Якiмовiч. - Можа-б вы памаглi?

Ён ледзь-ледзь усьмiхнуўся.

- Калi гэта нейкiм чынам адносiцца да маёй працы, - адказала дзяўчына ўпэўненым i лагодным голасам.