Выбрать главу
Калі ты ня будзеш час марнаваць у ‘нэце, Зможаш кнігу пачытаць, і ня толькі Джэці. А калі ня будзеш ты кніг чытаць, нябожа, Нават Інтэрнэт табе ўжо не дапаможа. Вось.
Васіль Фірхольд

РАЗМОВА ЗЬ ФІНІНСПЭКТАРАМ ПРА ПАЭЗІЮ

Дзейныя асобы:

Паэт

Фінінспэктар

Дзеяньне адбываецца ў шпіталі.

Паэт (седзячы на ложку сьмяротна хворага Фінінспэктара, задаволена)

Ў краіне сьветлай, дзе ты ўміраеш,

Я кнігу маю, а ты ня маеш.

Фініспэктар (паміраючы ад хваробы, сумна)

Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю,

Ты кнігу маеш, а я ня маю.

Фінінспэктар памірае.

Паэт мае кнігу.

Заслона.

  СВАБОДУ ГРАФАМАНАМ!
Далоў эстэтыкаў! Свабоду графаманам! Яны адзіныя, хто духам шчэ ня сьпіць. Яны адзіныя, хто верыць у падманы Тупога пёрка, што па аркушы рыпіць. Яны адзіныя з Эўтэрпай круглы год Вадзіць гатовыя сьвяточны карагод. Яны адзіныя, хто захаваў імпэт. Яны ня грэбуюць ні вершам, ні раманам. Далоў эстэтыкаў! Свабоду графаманам!— І вы пабачыце: яны ўратуюць сьвет!
  ТРУСІКІ
Ай вы трусікі-трусёнкі, Ай вы новыя мае, Ай ядвабны выраб тонкі Ай найлепшых куцюр’е! Не з чырвонымі вачыма, З вушкамі, як ветракі, — Вы дзівоснае начыньне Пад маднюшчанскі прыкід. Танчу з вамі па пакоі, Шчасьце зорамі іскрыць. Што б мне вырабіць такое Ад няма чаго рабіць? Вось на злосьць ільду і сьнегу Па сьцяжынках ільдзяных Я ўсю зімку буду бегаць У тых трусіках адных. Праз віхуру і завею, Праз паўночны зарапад, І зусім не захварэю, І зусім ня зьмерзну на’т! А калі зазьзяе сонка, Скінуць футры ўсе ў пару, Я чароўныя трусёнкі Фэтышыстам падару.
  З СУСЬВЕТУ ІДЭЯЎ
Я Плятон. З сусьвету ідэяў Назіраю за змаганьнем людзей. Тайсан забівае Сарданапала. Заўзятарам мала. Тайсан зноў забівае Сарданапала. Зноў заўзятарам мала. Тайсан ажыўляе Сарданапала і забівае нанова. Дастаткова. Забойца Ленана забівае Грэбеншчыкова. Памылкова. Забойца Ленана не забівае Грэбеншчыкова. Забойца Ленана забівае Леніна. Зноў памылкова. Забойца Ленана не забівае Леніна. Забойца Ленана не забівае нікога. Атрута забівае Сакрата На злосьць змагарам за шчасьце пралетарыяту. Кат адзін, а асуджаных багата. Асуджаныя змагары забіваюць ката. Вынаходнік Эдысан Сканструяваў у двары Бэдлэма канструкцыю. Сядзіць у ёй і піша інструкцыю: “Людзі! Гаргона забівае вачыма. Трымайцеся ў яе за плячыма. Стрэльба забівае патронамі. Сачэце за ёй вачыма”. А ў сьвеце ідэяў людзей не бывае. Таму там ніхто нікога не забівае. Хіба што закарціць ну проста празь меру. Тады можна ўзяць сякеру.
  ПРА РАЗУМЕНЬНЕ
Я разумею вершы пра вайну, Пра земляробства і пра паляваньне, Пра лета-восень, пра зіму-вясну, Пра ноч і дзень, пра ранак і зьмярканьне, Пра родны кут, пра новы курс рубля, Пра вынікі сялянскага паўстаньня, Пра сьмех і сьлёзы, пра палёт чмяля Альбо пра ўзьнёсласьць п’янага хістаньня, Пра будаўніцтва і пра руйнаваньне, Пра гатаваньне страў, тручэньне стравамі, І нават вершы пра вершаскладаньне Я разумею і лічу цікавымі. Пра захапленьне і пра баляваньне, Пра пагадненьне і пра гадаваньне, Пра гвалтаваньне і пра катаваньне, Пра спаражненьне і ванітаваньне... Не разумею толькі пра каханьне. Аб ім чытаю я апавяданьні.