Выбрать главу

Цвёрда памятаючы пра тыя акалічнасці, на якія я звярнуў тваю ўвагу: своеасаблівы голас, надзвычайную спрытнасць і незразумелую адсутнасць матыву ў такім неверагодна жорсткім забойстве, — зноў звернемся да жудаснай карціны злачынства. Вось ахвяра, якую задушылі голымі рукамі і запхнулі ў дымаход уніз галавой. Звычайныя злачынцы так не забіваюць. І ва ўсякім разе не хаваюць трупаў забітых. Пагадзіся, у тым, што труп заціснулі ў дымаход, ёсць нешта больш чым ненатуральнае — гэта ніякім чынам не адпавядае нашым уяўленням пра чалавечыя ўчынкі, калі нават і ўявіць, што дзейнічалі канчаткова дэградыраваныя тыпы. Уяві сабе, якую трэба мець сілу, каб запхнуць труп у дымаход — знізу ўверх, што некалькі мужчын агульнымі намаганнямі ледзь выцягнулі яго адтуль — зверху ўніз.

Звярні ўвагу і на іншыя праявы гэтай неверагоднай сілы. На каміне знайшлі тоўстыя пасмы — вельмі тоўстыя — сівых чалавечых валасоў. Іх павыдзіралі з каранямі. Ты ўяўляеш, колькі трэба сілы, каб вырваць вось так з галавы адразу дваццаць або трыццаць валасоў! Ты ж, як і я, бачыў тыя пасмы. На каранях — жудаснае відовішча! — запякліся кавалкі скуры, паздзіранай з галавы — доказ той неймавернай сілы, з якой адным махам вырвалі з каранямі, відаць, паўмільёна валасоў. Горла старой не проста перарэзалі — адсеклі галаву, а ў руках забойцы была звычайная брытва. Звярні таксама ўвагу на звярыную жорсткасць злачынства. Я не гавару ўжо пра сінякі на целе мадам Л'Эспанэ. Месье Дзюма і яго шаноўны калега месье Эцьен лічаць іх вынікам удараў нейкай тупой зброяй, і трэба сказаць, панове маюць рацыю. Тупой зброяй, цяпер гэта ўжо відавочна, быў брук, на якім аказалася мадам Л'Эспанэ, калі вывалілася з акна, застаўленага ложкам. Аднак гэта ідэя, якая, хоць і здаецца цяпер вельмі простай, не прыйшла ў галаву паліцэйскім, яны не звярнулі ўвагі на шырыню аканіц — і гэта таму, што праз тыя самыя цвікі канчаткова атрафіраваліся ўсе іх здольнасці думаць і такім чынам пагадзіцца з магчымасцю таго, што вокны ўсё ж маглі адчыняцца.

Калі цяпер яшчэ і ўважліва паразважаць наконт незразумелага беспарадку ў спальні, застаецца толькі супаставіць неймаверны спрыт, нечалавечую сілу, звярыную жорсткасць, беспадстаўнасць крывавага забойства, неверагодную жахлівасць зусім не ўласцівых чалавеку паводзін і незразумеласць інтанацыі голасу людзям самых розных нацыянальнасцей, якія не змаглі разабраць не тое што ніводнага слова, але нават складу. Што ж вынікае з усяго гэтага? Які вобраз я стварыў у тваім уяўленні?

У мяне ад гэтага пытання па целе папаўзлі мурашкі.