Выбрать главу

Але Чырвоная Армія галадае, Ленін галадае… Я быў хлапчуком…

Атрад паехаў, і бацька выгнаў мяне з хаты:

— Сыдзі! Каб я цябе ніколі не бачыў. Знікні з нашай вёскі. А то заб'юць! І нас усіх праз цябе заб'юць.

Я пакідаў вёску міма могілак, дзе ляжаў дзядзька Сымон… Сваю першую ахвяру, якую я прынёс у імя рэвалюцыі, я аплакваў дзіцячымі слязамі. Але мая мама апране шаўковую сукенку… Мая сястра будзе хадзіць у туфліках на абцасах… Не толькі яны, усе будуць шчаслівыя…

Пстрыкае…Пстрыкае… Часам мне здаецца, што мае мазгі лопаюцца. Ці там стужка парвалася. Раптам нічога не памятаю. Або пачынаю ўспамінаць тое, чаго ніколі не ўспамінаў. Не памятаў. Тады кадры круцяцца-круцяцца, як на старой стужцы. Нямы кінематограф. Безгалосы. Адны чалавечыя вочы і твары. Часцей за ўсё коні імчацца… Калі памерла мая другая жонка, я зразумеў, што ў мяне нікога не засталося, акрамя мяне самога. Я сам сабе сябра, я сам сабе суддзя, я сам сабе вораг.

Ну, верыў я! Верыў! Паверыў! Мы былі фанатыкамі рэвалюцыі — маё пакаленне. Маё слаўнае пакаленне! Толькі вось бяссонне начамі… Не, я захапляюся сваім пакаленнем, захапляюся яго фанатызмам. Хто можа памерці? Толькі той, хто гатовы памерці. І калі б не было нашага фанатызму, ці вытрымалі б мы? Стоп! Зрэдзь часу я лаўлю сябе на думцы, што не размаўляю з самім сабой, а пастаянна перад кімсьці выступаю, тады ціха сабе шапчу: «А ну, злезь з трыбуны!» Пэўна, мне цяпер таксама трэба злезці з трыбуны? Трэба?!

Не вымагайце ад мяне логікі. Я любіў рэвалюцыю. Якая захапляльная ідэя: усе будуць браты, усе будуць роўныя. Будзем разам працаваць, усё пароўну падзелім. Вечная ідэя! Несмяротная! Лепшага нічога ў свеце не прыдумана, як чалавек вылез са шкуры. Тое, што цяпер бэсцяць як сацыялізм, ніякіх адносін да сацыялістычнай ідэі не мае. Але людзі да яе не гатовы, яны яшчэ не дасягнулі дасканаласці. А мы былі ідэалістамі. Маё бяссонне… Задрамаў пад раніцу… Сон… Дзіця ўжо вялікае, цяжкае… Я нясу яго на руках… І мне добра… Гляджу яму ў твар блізка-блізка, як багародзіцы глядзяць на абразах у вочы сваім дзецям: я дзядзьку Сымона нясу… Здаецца, закрычаў… У сне заўсёды крычыш нема, як у баі… Перад боем… Сам сябе не чуеш… Я яшчэ шабляй ваяваў, у казака мёртвага забраў. А сёння — касмічны век, пра «зоркавыя войны» пішуць. І вы хочаце мяне зразумець? Калісьці Леў Мікалаевіч Талстой задумаў напісаць раман пра эпоху Пятра I. Але кінуў. І вытлумачыў гэта тым, што не можа зразумець душы людзей таго часу.

Можа, маё жыццё набудзе сэнс пасля смерці? Калі партрэт будзе закончаны?!

Вы думаеце, што я вось так адразу — рамень на шыю… У пятлю… Не, я спрабаваў жыць. Я падаваўся ў Дом ветэранаў партыі, як кажуць, уцякаў у свой час. Там і праўда час спыніўся, там усе жывуць мінулым, нічога іншага ні ў кога няма. У мяне выраслі ўнукі, а ў многіх там іх няма. Асабліва шмат там жанчын. Мяне ажаніць хацелі… (Смяецца.) Калі б у кватэры зноў запахла пірагамі, хтосьці сядзеў бы ля тэлевізара і вязаў, я мог бы ажаніцца. Але там (гэта тужліва) няма ніводнай жанчыны, якая б любіла пячы пірагі. Яны служылі рэвалюцыі, краіне, ім не было калі раджаць дзяцей, варыць капусту, пячы пірагі. Чаму мне смешна? Я і сам такі. Мне цяжка быць старым, я нічога не люблю, нічым не захапляюся. Схадзіў разы са два на рыбалку — кінуў. Шахматы з юнацтва люблю, бо Ленін любіў гуляць у шахматы. Мне няма з кім гуляць у шахматы. Можа, трэба было б застацца там — там усе гулялі ў шахматы. Я ўцёк… Хацеў памерці дома… Магу я сабе дазволіць за ўсё жыцце адну-адзіную раскошу — памерці дома?!

— Спачатку я быў ленінцам, пасля сталінцам. Да трыццаць сёмага года я быў сталінцам. Я Сталіну верыў, верыў усяму, што гаварыў і рабіў Сталін. Так, найвялікшы, геніяльны… Правадыр усіх часоў і народаў… Цяпер і сам не разумею — чаму я ў гэта верыў? Сталін — невытлумачальная з'ява, яшчэ ніхто яго не зразумеў. Ні вы, ні мы. Сталін загадаў бы: ідзі, страляй! І я пайшоў бы. Сказаў: ідзі, арыштоўвай! І я пайшоў бы. Тады, у той час, я зрабіў бы ўсё, што б ён ні сказаў. Катаваў, забіваў, даносіў… Гэта невытлумачальная з'ява — Сталін. Шаман! Вядзьмак! Я і сам цяпер у недаўменні: няўжо б арыштоўваў, даносіў?! Выходзіць, што каты і ахвяры атрымліваліся з адных і тых жа людзей. Хтосьці нас выбіраў, тасаваў… Недзе там, наверсе…

Я перастаў верыць Сталіну, калі ворагамі народа аб'явілі Тухачэўскага і Бухарына. Я гэтых людзей бачыў. І запомніў іх твары. У ворагаў такіх твараў не магло быць. Так я думаў тады. Гэта былі твары людзей, якіх не трэба было сартаваць, паляпшаць, ад якіх не трэба было пазбаўляцца, каб застаўся чысты чалавечы матэрыял, як адборнае зерне для дзівосна чароўнай будучыні. Уначы, калі мы заставаліся адны, жонка мая, яна была інжынерам, гаварыла: «Штосьці незразумелае творыцца. У нас на заводзе не засталося нікога са старых спецаў. Усіх пасадзілі. Гэта нейкая здрада». «Вось мы з табой не вінаватыя, і нас не бяруць», — адказваў я.