Выбрать главу

Смерць маці пазбавіла яго радзімы, любоў да памяці маці, любоў да радзімы, якую так часта і справядліва звязваюць з іменем маці, вярнула яго на зямлю продкаў.

Калі і як навучыўся ён беларускай мове, калі ў ягонай свядомасці, сэрцы паўстаў, разрастаючыся і падпарадкоўваючы сабе ўсё, вобраз «краіны-браначкі», вобраз Беларусі? Бацька сведчыць: пісаць вершы па-беларуску пачаў ён рана, у дзесяцігадовым-адзінаццацігадовым узросце. Што падтрымлівала, што жывіла яго ў гэтых памкненнях, хто быў той чалавек, што стаўся добрым геніем такога ранняга парыву таленавітага хлапчука? Бацька? Што бацька нейкім чынам уплываў на абуджэнне ў сына цікавасці да радзімы і роднага слова — гэта справядліва і гэтага нельга адмаўляць. Уплываў хаця б праз тое, што сын мог карыстацца ягонымі этнаграфічнымі працамі і тымі фальклорнымі запісамі, што былі ў ягоным архіве. Але, з другога боку, ці не перабольшваем мы часта ўплыву бацькі? Мы звыкліся з гэтым уплывам, канстатацыя яго стала агульным месцам. Але давайце спакойна паспрабуем паразважаць. Пра першыя вершаваныя спробы Багдановіча мы ведаем са слоў таго ж бацькі: ён памятае, што сын паказваў іх сваёй хроснай Вользе Сёмавай у яе прыезд у Ніжні Ноўгарад. Нам трэба запомніць яе імя. Нам не пашкодзіла б звярнуць увагу і на тое, што вершы сын упершыню паказвае не бацьку, што было б натуральна, а хроснай, якая нават не жыве ў адным з ім горадзе і пра магчымую рэакцыю якой на вершы (беларускія вершы!) ён мог толькі здагадвацца. Скажуць: ён мог паказваць вершы бацьку раней. Дапусцім. Але тады якая патрэба была б бацьку пісаць, што ён запомніў пра першыя спробы сына ў сувязі з тым, што той паказваў іх некаму — у дадзеным выпадку сваёй хроснай. Навошта Адам Ягоравіч стаў бы скажаць ісціну з яўнай невыгодаю для сябе? I наогул: ці не паслухаць нам лепш самога яго? Бацька піша: «Яго (г. зн., сынавы. — М. С.) заняткі беларусікай ішлі абсалютна непрыкметна для мяне і акружаючых; прынамсі, не я падштурхнуў яго на гэту дарогу, але, вядома, і не перашкаджаў». Дакладней дакладнага напісана — пра які ж нейкі асаблівы ўплыў можам мы пасля гэтага гаварыць? «Не перашкаджаць» — было прынцыпам Адама Ягоравіча ў выхаванні дзяцей. «Я не перашкаджаў сваім дзецям быць. кім яны хочуць, але па сутнасці ніколі не быў задаволены тым, чым яны ёсць». Адам Ягоравіч кажа. што бацька дрэнны суддзя сваім дзецям. Не надта хочацца і нам быць суддзёю яго самога, толькі нешта вельмі ўжо супярэчлівай, пры ўсёй сваёй закругленасці, выдае ягоная формула. «Не перашкаджаць і не быць задаволеным». Не перашкаджаць — што гэта значыць? Не браць удзелу, не быць зацікаўленым, дазволіць чалавеку выхоўваць самому сябе. Але навошта тады быць незадаволеным? Якое можна мець на гэта права?

Што наша здзіўленне небеспадстаўнае, пераконваюць успаміны Ганны Валасовіч-Гразновай, на якія мы раней спасылаліся ўжо. І яе не задавальняе калі не сам дзядзькаў прынцып выхавання, дык вынік яго. Прынамсі, у дачыненні да Максіма Багдановіча. Яна піша: «Мне думаецца, што ў той час і Адам Ягоравіч належным чынам не цаніў таленту і значэння Максіма. Інакш, не зважаючы ні на што, ён павінен быў памагчы Максіму паехаць вучыцца ў Пецярбург, дзе пад кіраўніцтвам прафесара Шахматава ён прысвяціў бы сябе любай справе, вывучэнню мовы, этнаграфіі і гісторыі Беларусі. Максім да гэтага імкнуўся ўсёю душою, а яму прыйшлося пяць год траціць на вывучэнне юрыдычных навук, да якіх не гарнулася яго душа. Так яму прыйшлося ахвяраваць сваім прызваннем дзеля брата, бо Адам Ягоравіч лічыў, што Лёву неабходна вучыцца ў Маскоўскім універсітэце — ён жа мае такія матэматычныя здольнасці (у 1911 годзе Лёву было толькі 17 год)… Так Адам Ягоравіч не выканаў свайго дэвізу: „Я не перашкаджаў сваім дзецям быць, кім яны хочуць“».

Не будзем перабольшваць, але мусім сказаць, што з тых, хто акружаў Максіма ў ніжненаўгародскі, а пасля і яраслаўскі перыяд жыцця, мала хто разумеў яго памкненні, у лепшым выпадку глядзелі на іх як на дзівацтва, На берагах Волгі, за тысячу, калі не болей, кіламетраў ад Паўночна-Заходняга краю марыць пра нейкую там «самастойную» Беларусь? Сапраўды, хіба не дзівацтва? Горай за ўсё было тое, што не разумелі ў родным, сямейным асяроддзі. Бацька не разумеў і «не перашкаджаў». Праўда, хросная Вольга Епіфанаўна, тая, якой Максім паказваў свае першыя вершы па-беларуску, хоць і не разумела, не спачувала ў галоўным, але, добрая душа, не адмовіла хросніку ў просьбе выпісаць для яго спачатку «Нашу долю», а потым і «Нашу ніву».

Як мала яшчэ мы ведаем людзей, побач з якімі жыў Максім Багдановіч! Хто такая гэта Вольга Сёмава? Якім чынам звязана была яна з сям’ёй Багдановічаў? Які яе далейшы лёс? Багдановіч пісаў да яе. Дзе іх перапіска? А ведаць пра гэта нам трэба было б хаця б таму, што Сёмава, можа і не разумеючы ўсёй аграмаднасці сваёй паслугі, зрабіла сапраўды паслугу таму Багдановічу, якім цяпер ганарыцца цэлы народ, — і праз гэта так невыказна дарагі нам па-чалавечы высакародны жэст жанчыны, якая так хораша спраўджвала сваё званне «хроснай».