Выбрать главу
А можа не краса была ў дзяўчынцы той, — Дзяўчынцы ўпэцканай, і хілай, і худой, — А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі Стараўся выявіць праз маці божай лікі.

У «дзяўчынкі ўпэцканай, і хілай, і худой» па-зямному няма нічога прыгожага (ды гэта і не краса — так і кажа ці, дакладней, сумняваецца ў такой красе паэт), проста зямной красы няма, зямная краса будзе красою тады, калі яна стане «радзімаю» — г. зн. аплодненай нечым «вышэйшым», красою.

Вядома, Багдановіч думае над тым, што так добра сфармуляваў сучасны рускі паэт Мікалай Забалоцкі:

…что есть красота И почему ее обожествляют люди? Сосуд она, в котором пустота, Или огонь, мерцающий в сосуде?

Дарэчы, верш, з якога ўзяты гэтыя радкі, у Забалоцкага называецца «Непрыгожая дзяўчынка». I ў яе, у гэтай дзяўчынкі, і блізка няма таго, што ў жыццёвай звычайнасці завуць прыгажосцю: «…рот длинен, зубки кривы, черты лица остры и некрасивы». Розніца ў тым, што сучасны паэт усведамляе гэта як трагедыю — і ў дачыненні да яе, «бедной дурнушки» (яна яшчэ не здагадваецца пра гэтую трагедыю, але нам, чытачам, робіцца яшчэ вусцішней і самотней ад таго), і ў дачыненні да самой прыгажосці, бо магчымасць трагедыі «непрыгожай дзяўчынкі» — гэта балючае паражэнне ў чалавечым свеце ўсё той жа красы, вышэйшай, трэба сказаць, красы.

Для Багдановіча ніякай трагедыі тут няма. Не таму, што ён не здагадваецца пра магчымасць яе, а хаця б проста таму, што не гэта трагедыя цікавіць яго. Ён ведае іншыя трагедыі і драмы, іншую меру і іншую трагедыю прыгажосці. Вераніка з аднайменнага вершаванага апавядання і прывабная і маладая, але ж не гэта істотнае для аўтара. Праўда, нейкім чынам (і то на самым пачатку) гэта мае нейкае значэнне для апавядальніка, які закахаўся ў Вераніку і вершам прызнаўся ёй у каханні. З хваляваннем чакае ён і не можа дачакацца адказу. Калі ж надараецца спаткацца з Веранікай і загаварыць, —

Яна зірнула на мяне, I раптам з вусн яе сарваўся Такі бязвінны, чысты смех, Што на яго злавацца — грэх.

Злавацца, вядома, трэба было б, бо смех гэты для нашага героя — па сутнасці, слёзы. Вераніка не абяцае яму ўзаемнасці. Тут не іначай як драма незразуметага, адрынутага пачуцця, але заўважым, што Багдановіч здымае саму магчымасць такой драмы. Чаму?

Накрыла ясны твар дзявочы Задумы сумная імгла, На плечы ручка мне лягла, Спагадліва зірнулі вочы, I даляцеў к маім вушам Ласкавы шэпт: «Мо больна вам?»

Каханне разбурана, затое здабыта права іншых, не менш высакародных адносін. Драма знята чалавечнасцю, тою шчыраю, высакароднаю мераю спагады, якая не абражае, не крыўдзіць, а ўзвышае. I яе, і яго. Усведамленнем гэтай драмы тою, хто несвядома, не па сваёй волі вінаватая ў ёй. Драму адчуваюць абое — так сказаць, і суб’ект і аб’ект, — і вось чаму гэта драма ачышчэння.

I прад высокаю красою, Увесь зачараваны ёй, Скланіўся я душой маёй, Натхнёнай, радаснай такою, А ў сэрцы хораша было, Там запалілася цяпло.

I зноў жа, мы не сцвярджаем, што Багдановіч не ведаў пра звычайную, будзённую драму кахання і драму прыгажосці. Ён яе якраз ведае, і можа таму, што ведае надзвычай добра, пастаянна паўстае перад яго ўнутраным зрокам вобраз «той, што з постаццю дзяўчыны злівала мацеры чарты». Мацярынскае пачуццё, комплекс, як мы можам сёння сказаць, Мадонны — для яго найдаражэйшае ў жанчыне, высокае прызначэнне якой прыміраць, уціхамірваць згублівыя страсці, надаваць ім варты чалавека накірунак і сэнс. «Яна — выдумка маёй галавы» — так перакладаецца італьянскі эпіграф да «Веранікі». Ну і што ж, няхай сабе выдумка, але гэта выдумка і паэтычная, і высокая.

Багдановіч паслядоўны ў сваёй «выдумцы». Цыкл «Мадонны» ён дапаўняе цыклам «Каханне і смерць», дзе зноў жа славіць жанчыну-маці, беручы ўжо яе не ў ідэальна-рамантычным вобразе мадонны, а ў празаічна-жыццёвым, рэалістычна падкрэсленым вобразе «пачуццю цёмнаму падлеглай жанчыны», а потым «вагітнай». Найвышэйшую маральную тактоўнасць выяўляе Багдановіч пры гэтым!

Яго прыклад лішні раз даказвае, што для сапраўднага мастака паэзія разліта ўсюды: ён яе знаходзіць і бачыць ва ўсіх праяўленнях чалавечага жыцця, у тым ліку і ў тых, якія непазбежна паўстануць пошлымі, натуралістычна і хваравіта эратычнымі пад пяром крывадушнага і бяздарнага пісакі. Бо «нравственное отношение к изображаемому предмету», на якім так настойваў вялікі Талстой, — найпершае, мусіць, патрабаванне да мастацкага таленту, і чым больш мастак прасякаецца ім, тым больш каштоўная ў чалавеказнаўчым сэнсе і ва ўсіх іншых сэнсах ягоная творчасць.