Выбрать главу

I «шлюбнае ложа», і першая трывога, і радасць маладой маці, якая адчула пад сваім сэрцам дзіця, і забабонны, амаль містычны страх перад невядомасцю, і нечалавечыя пакуты, у якіх нараджаецца новае жыццё, і… смерць — усё гэта ёсць у Багдановічавым цыкле, поўным пяшчоты, замілавання, болю, поўным сапраўднага драматызму. Драма, як бы хоча сказаць Багдановіч, гэта найперш драма мацярынства. У ёй усё: любоў і пакута, «грэх» і «выкупленне», ахвяра і подзвіг.

Слава тым, хто сілу мае Смерць, не дрогнуўшы, спаткаць, Хто ў мучэннях памірае, Каб жыццё дзіцёнку даць!

Драма мацярынства — драма ахвярнасці. «Мацярынскае» гэта пачуццё Багдановіч хоча бачыць і ў мастацтве. Толькі пра тое пагаворым асобна.

Іскры з халодных каменняў

У слаўнай плеядзе нашых класікаў Багдановіч — фігура самая складаная. I ў той жа час самая простая па закончанасці, пэўнасці сваёй «пісьменніцкай канструкцыі» — хочацца дадаць.

Супярэчнасці тут няма: прастата — адваротны бок складанасці. Няма такой складанасці, якая б не правяралася ці не імкнулася праверыць сябе прастатой.

Справа ў тым, што па складу свайго мыслення, па творчым тэмпераменце, па спосабу трансфармацыі думак і ўражанняў Багдановіч — класік, як ніхто з нашых класікаў. Прыблізна і груба кажучы, разуменне класічнага звязана ў першую чаргу не столькі з прызнаннем нарматыўнасці тых ці іншых эстэтычных з’яў (класічнымі ў гэтым сэнсе могуць быць любыя «ізмы»), а з характарам адносін мастака да рэчаіснасці, з вызначэннем ім ролі мастацтва ў жыцці чалавека і грамадства, са здатнасцю разумець мастацтва як сацыяльную, культурную і нацыянальную з’яву адначасова. Зразумела пасля гэтага, што класічнае ў поўным сэнсе гэтага слова — з’ява рэдкая і патрабуе для свайго ажыццяўлення пэўных як гістарычных, сацыяльных, так і чыста літаратурных умоў.

Мы пісалі ўжо аднойчы, што беларуская літаратура, з выпадку запозненасці свайго развіцця, даволі своеасабліва дэфармавала многія працэсы, уласцівыя станаўленню мастацкай думкі наогул. Не могучы цалкам абмінуць пэўныя раннія градацыі гэтай думкі, яна сінтэзавала іх з пазнейшымі, сінтэзавала адначасова, у кароткі гістарычны прамежак і нават у творчасці аднаго мастака. Мы дагэтуль спрачаемся, спрабуючы вызначыць, скажам, месца Дуніна-Марцінкевіча ў нашай літаратуры, стараючыся аддзяліць у яго творчасці сентыменталізм ад рамантызму, этнаграфізм ад рэалізму — столькі школ, напрамкаў, уплываў сышлося ў адным ім, Потым: суадносіны рамантычнага і рэалістычнага ў Купалавым творчым метадзе. Можна сказаць, што мы не мелі нейкага літаратурнага напрамку, школы ў «чыстым» выглядзе.

Станаўленне рэалістычнага метаду ў рускай літаратуры цалкам і непасрэдна звязваецца з іменем вялікага Пушкіна, які, паводле вядомага азначэння, для рускіх — «пачатак усіх пачаткаў». У нас, у найлепшы момант нашага літаратурнага развіцця, адначасова тварылі тры выдатныя паэты, ажыццявіўшы такім чынам паміж сабой як бы «падзел працы». «У сэнсе ўласна літаратурным гэта быў найвялікшы выйгрыш» — неяк ужо даводзілася пісаць нам пра гэта. (Няхай чытач прабачыць нам самацытату: самаплагіят без указання на яго — рэч таксама не вельмі добрая.) Багдановіч узяў на сябе тое, што не маглі ўзяць Купала і Колас. Яго задачай было ўзвесці дах над пабудованым імі домам літаратуры. I ажыццявіць прывязку гэтага дома на вуліцы літаратуры сусветнай.

Багдановіч здзейсніў гэта.

Багдановіч нёс у сабе і Коласа, і Купалу, гарманічна, класічна спалучаючы іх, і ў той жа час ён быў сам па сабе, ён быў Багдановіч.

А. Лойка ў сваёй кнізе пра паэта справядліва піша пра найгалоўнейшую асаблівасць Багдановіча як лірыка. Ён піша, што паэт як асоба ў лірыцы Багдановіча пачаў праяўляцца значна раней, чым у творчасці Купалы ці Коласа. У Багдановіча выказаны па-іншаму «ўзаемаадносіны народа і асобы паэта». Мы можам зразумець гэта, улічваючы хаця б ранейшае наша сцвярджэнне, што Багдановіч да нацыянальнага, свайго ішоў ад агульначалавечага. Тут выказаўся яго асабісты лёс як беларускага паэта і высокі інтэлектуальны ўзровень яго таленту наогул.

Зразумець трэба і яшчэ адно. Характар выяўлення асобы ў лірыцы Багдановіча пераважна аналітычны. Пры гэтым сацыяльны аналіз спалучаны ў яго з аналізам маральна-эстэтычным. Багдановіч бярэ сучаснага яму чалавека цалкам, ва ўсіх даступных яму вымярэннях. Такім чынам Багдановіч дасягае гарманічнасці ў паказе з’яў жыцця. З гэтай прычыны і ў першую чаргу ў сваёй творчасці ён класік, бо выяўляе класічны тып адносін мастака да рэчаіснасці. Колас пераважна эпік, Купала — лірык. (Цікава, між іншым, што ў лірыцы Колас, як ні дзіўна гэта, быў больш «асабісты», чым Купала, — не ў сэнсе сілы непасрэдна лірычнага пачуцця, а ў значэнні сузіральнага адасаблення ад прадмета выяўлення.) У Багдановіча ніводная са шматлікіх вартасцей ягонага таленту не пераважае над другой, і, нягледзячы на гэта, мы маем па-мастацку закончаную, выразную творчую індывідуальнасць. Многаснае, стракатае Багдановіч сінтэзаваў менавіта класічна.