Выбрать главу

Адукаваў і выхаваў сябе Адам Ягоравіч сам — і толькі сам. Тут, папраўдзе, было чым ганарыцца, і Адам Ягоравіч, мусіць, ганарыўся, прынамсі, не прапускаў выпадку, каб не падкрэсліць гэта. Ганна Валасовіч-Гразнова, стрыечная сястра Максіма Багдановіча, успамінае: «Адам Ягоравіч ведаў сабе цану. Часта казаў: „Спытайся ў свайго дзядзькі (г. зн. яго), ён скажа табе ўсё“; „у бібліятэку табе не варта хадзіць, усё, што табе трэба, ты знойдзеш у свайго дзядзькі“». Памятаеце словы Адама Ягоравіча пра ягоную бібліятэку, дзе «было ўсё, што было лепшага ў свеце, і нічога пошлага», словы, якія здаліся акадэміку Замоціну трохі залішнімі?

Толькі справядліва і другое: навуковым памкненням Адама Ягоравіча нельга адмовіць у пэўнай ступені энцыклапедычнасці. Паводле характару сваёй навуковай і жыццёвай зацікаўленасці ён быў, несумненна, тым, каго завуць ёмістым і высакародным словам «асветнік». Наколькі быў арыгінальны Адам Ягоравіч пры асэнсаванні таго, што ён так шчодра браў з кніг і з жыцця, — гэта ўжо іншая справа, пра гэта няхай скажуць спецыялісты, толькі відочна, пры ўсім тым, што цэнтры яго навуковай увагі не былі пастаянныя і што гэтай яго дзейнасці не хапала самай звычайнай мэтанакіраванасці — не ў сэнсе разумення і жадання карысці, якая магла б ажыццявіцца праз гэта, а ў сэнсе амаль непазбежнай для сур’ёзнага вучонага лакалізацыі пошуку. Адама Ягоравіча цікавілі сацыяльна-грамадскія тэорыі, педагагічныя сістэмы, літаратура і тэатр, банкаўская і горная справы, надзённая публіцыстыка і магчымасць практычнай рэвалюцыйнай работы, але толькі ў этнаграфіі і ў галінах, сумежных з ёй, ён пакінуў нешта па-навуковаму сапраўды вартае. Сапраўдным ягоным укладам у навуку была і астаецца яго праца «Перажыткі старажытнага светаўспрымання ў беларусаў» — «юнацкая», як кажа Адам Ягоравіч, праца.

Дарэчы, ёсць сэнс паслухаць нам і самога Адама Ягоравіча.

Тое, што ён як бы крыўдаваў на навуку, якая не апраўдала яго спадзяванняў, мы ўжо ведаем. «Абняць неабдымнае, і прытым з непрыдатнымі сродкамі» — памятаеце гэта? Пад канец жыцця Адам Ягоравіч падводзіў вынікі. Пісаў успаміны. Магчыма, як ніколі рашуча, думка яго павярнулася да роднага народа. Гэта не здагадка: можна адпаведна Адама Ягоравіча працытаваць, і калі мы не робім гэтага, дык таму толькі, каб не перагружаць наш расказ цытатамі. Былі трыццатыя гады. Беларусь упэўнена заняла той «пачэсны пасад» між народамі, пра які марылі лепшыя яе сыны, у тым ліку і Максім Багдановіч. Бурна развівалася нацыянальная культура — на роднай мове і на роднай глебе. Здавалася недарэчным, што яшчэ зусім нядаўна, у пачатку дваццатых гадоў, нават такі вучоны, як Карскі, чалавек, які паклаў столькі працы на тое, каб даказаць гістарычную і культурную адметнасць беларусаў сярод іншых славянскіх народаў, мог лічыць яшчэ праблематычным паспяховае развіццё беларускай культуры ў бліжэйшым часе і на нацыянальнай глебе.

О гэтая «аб’ектыўная» навука! Як цяжка ёй быць аб’ектыўнай і як цяжка ўтрывацца ад таго, каб не прарочыць!

Адам Ягоравіч падводзіў вынікі. Як усякі больш-менш рэалістычна настроены чалавек, ён не мог не бачыць плёну ў той справе, да якой далучаны быў у юнацтве і ад якой так ці інакш адышоў у пазнейшыя гады. Што павінен быў адчуваць, што павінен быў думаць цяпер Адам Ягоравіч? Лічыць, што марна пражыў жыццё, што ашукаў сябе ў нечым галоўным, не заўважыўшы, як размінуўся з часам у самы адказны момант супрацьстаяння з ім? Але калі, калі быў гэты найгалоўнейшы, найшчаслівейшы момант? Можа тады, калі ён пісаў сваю першую, «юнацкую» працу?

Так ці інакш думаў Адам Ягоравіч, сказаць пэўна цяжка, але. тое, што ён балюча перажываў свае жыццёвыя падрахункі, не выклікае ніякіх сумненняў — інакш адкуль было б гэтае, трагічнае для вучонага расчараванне ў самім інструменце працы — «непрыдатныя сродкі»! А можа ўсё тую ж «аб’ектыўную» навуку меў на ўвазе пры гэтым Адам Ягоравіч?

Так, ён падводзіў вынікі: «Напісаў я, уласна, шмат, каля ста і нават больш друкаваных аркушаў, лічачы, што ў рукапісах. Гэта надта многа, калі мець на ўвазе, што я ніколі не займаўся адной справай, а дзвюма, трыма паралельнымі (падкрэслена мною. — М. С.), якія, як рэвалюцыйная работа, захаплялі мяне часамі амаль столькі ж, колькі служба, а тузалі нервы яшчэ больш. Напісаў я шмат, але карысці мала: усё гэта абрынулася ў лету правінцыяльных пачасовых выданняў, дзе іх і заўзяты бібліёграф не адшукае. Адны толькі „Перажыткі…“ ды тое, што надрукавана ў зборніках Акадэміі навук, могуць мець дзейснае значэнне».