Выбрать главу

Аднак аналіз высокадакладных замалёвак Барысаглебскага храма, створаных у сярэдзіне XIX стагоддзя, паказвае, што, судзячы па дэталях лапатак і парожка, шырокая лапатка задумвалася дойлідам менавіта як вонкавы, несіметрычны элемент кампазіцыі. Ды і малалічныя, але ўсё ж скарыстаныя ў дэкоры лапаткі, камяні, ужываліся ў гродзенскай школе менавіта для вонкавага аздаблення фасадаў. Акрамя таго, апсіда Каложы, якая знаходзілася з боку Нёмана, таксама дэкарыравана бядней, чым супрацьлеглая ёй паўночная апсіда, а фасад з боку Нёмана відавочна саступае паўночнаму фасаду ў пышнасці аздаблення. Усё гэта наводзіць на думку, што архітэктар XII стагоддзя вылучыў для сябе сваеасаблівую «мёртвую зону», у паўднёвай палове царквы, і падчас яе аздаблення эканоміў камяні і маёліку.

Царква XII ст. у Ваўкавыску. Аўтарская, гіпатэтычная рэканструкцыя архітэктрунай ідэі.

Можна асцярожна казаць аб тым, што шырокая лапатка Каложы задумвалася бачнай часткай фасада, а не з'яўлялася ўнутранай сценкай, як меркаваў Андрэй Вашкевіч.

Звяртае на сябе ўвагу і невялікае акенца шырокай лапаткi Каложы. Падобныя праёмы знаходзіліся ў тых месцах, дзе ўсярэдзіне будынкаў змяшчаліся нейкія вітыя сходы на верхнія ярусы.

Такім чынам, шырокая лапатка можа быць вонкавым абазначэннем унутранага аб'ёму лесвічнай клеткі, якая вядзе ў верхні ярус царквы, напрыклад, у нейкі, накрыты купалком, барабан з арачнымі праёмамі, дзе, тэарэтычна, мог змяшчацца звон.

Вяртаючыся да храма Ваўкавыска, варта заўважыць, што яго будаўніцтва нярэдка адносяць да гістарычнага адрэзка пасля будаўніцтва гродзенскіх Ніжняй і Каложскай цэркваў. Падобны падыход выглядае лагічным. Нейкі член гродзенскага княжацкага роду Усеваладковічаў атрымаў ва ўдзел Ваўкавыск і вырашыў пабудаваць галоўны храм на яго дзядзінцы, на ўзор галоўнага храма гродзенскага дзяцінца. Пры гэтым улічваўся і вопыт будаўніцтва Каложскай царквы, якая мела ўнутраную лесвічную клетку, схаваную за той самай шырокай лапаткай. Дойлід вырашыў палепшыць праект, зэканоміўшы месца ўнутры храма, і вынес лесвіцу вонкі: з гэтай мэтай у праект і быў унесены вежападобны аб'ём, фундамент якога адкрыты археолагамі ў Ваўкавыску.

Дзве вежы з лесвіцамі ўпісаны ў кампазіцыю царквы Св. Васілія ў Оўручы, якая лічыцца найбліжэйшым аналагам гродзенскіх храмаў.

Казаць тут, зразумела, варта толькі аб гіпотэзах, але, як думаецца аўтару, даволі займальных.

Фрагмент 7. Пінчукі і стварэнне Вялікага княства Літоўскага

Фарміраванне Вялікага княства Літоўскага ў якасці своеасаблівага сімбіёзу балцкіх і славянскіх земляў ішло ў XIII стагоддзі, на тэрыторыі княстваў Панямоння і ўласна самой Літвы Міндоўга. Часта менавіта дзяржаваўтваральным працэсам, якія ішлi на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці, надаюць асаблівую ўвагу даследчыкі. Між тым, вельмі цікавую ролю адыгрывалі ў гэтай гісторыі князі Пінска. Звернемся да Галіцка-валынскага летапісу (ГВЛ), які лічыцца найважнейшай крыніцай інфармацыі аб раннім ВКЛ.

У гэтым гістарычным дакуменце чытачы могуць заўважыць апісанне дзіўных паводзін пінскіх ўладцаў, якія нібы праяўляюць некаторую сімпатыю да літоўцаў.

«У год 6755 (1247). Літоўцы з Лугвенам ваявалі каля Мельнiка і ўзялі шмат палонных. Данііл і Васілька гналіся за імі да Пінска. Міхась Пінскі папярэдзіў літоўцаў. Яны сядзелі ў лесе за агароджай, а Міхаіл паслаў ім вестку з Пінска. А Данііл і Васілька праследавалі іх, і дворскі Якаў са сваімі ваярамі. Літоўцы ж не паверылі Міхаілу і выйшлі са станаў сваіх».

Такім чынам пінскі Рурыкавіч Міхаіл чамусьці дапамагае літоўцам супраць іншых Рурыкавічаў, галіцка-валынскіх валадароў Данііла і Васількі. Пры гэтым і самі літоўцы як быццам не чакаюць такой дапамогі і не вераць Міхалу.

Тут бы і меркаваць, што пінчукі гатовы актыўна падтрымаць літоўскія атрады, але далей летапісец дадае:

«Па літасці Божай пабеглі літоўцы і былі перабітыя, і палонныя былі адбітыя, а сам Лугвен збег, паранены. Прыйшла гэтая вестка Даніілу і Васільку, і была вялікая радасць у Пінску».

Нягледзячы на жаданне Міхаіла дапамагчы літоўцам, у Пінску чамусьці радуюцца іх разгрому, хаця тэкст нібы паказвае, што радаваліся ў Пінску менавіта Васілька і Данііл.

Гэты фрагмент наводзіць на думку пра «гнуткую пазіцыю» уладароў Пінскага княства, якія фармальна застаючыся саюзнікамі валынскіх ўладцаў, схіляліся да саюзу з літоўцамі і не жадалі з імі ваяваць.