Выбрать главу

- А хто ж мяне так? - збянтэжана спытаўся Генадзь.

- Болей адзiн боўтайся, дык яшчэ не гэтак схопiш па нюхаўцы, - зноў адказаў сусед па лаўцы. - Ты, я бачу i чую па гаворцы, - вясковец?!.

Вось гэткiм незвычайным чынам Генадзь пазнаёмiўся з Вiталiкам i яго сябрамi. Яны i расказалi пра тое, як яго збiлi з ног i пачалi качаць нагамi па танцпляцоўцы тыя чатыры хлапцы i як яны, Генадзевы абаронцы, не ўтрымалiся i з крыкам "ляжачага не бiць" разагналi тую хеўру, атрымаўшы пры гэтым кожны па ўласнаму "лiхтару" пад вокам.

* * *

Дзiўна, але Вiталiк i Генадзь пасябравалi. Дзiўна таму, што Вiталiк гарадскi элiтарны хлопец, а Генадзь - сцiплы i просты вясковец. Дзiўна i таму, што Вiталiк вучыўся ў дзесятым класе, з маленства карыстаўся бацькавай бiблiятэкай, часцяком наведваў з бацькамi i тэатры, i кiно, а Генадзь скончыў усяго сем класаў i "прыхрамваў" на неабсяжных прасторах класiчнай лiтаратуры, блытаўся ў прозвiшчах артыстаў i спевакоў. Магчыма, Генадзева шчырасць i наiўнасць падабалiся Вiталiку больш за ўсё, i ён з лёгкасцю мог казыраць перад новым сябрам уласным "я".

- Я ўсё магу! Усё! - часцяком чуў Генадзь ад сябра. Чуў i верыў гэтаму, бо Вiталiкаў бацька па просьбе сына ўладкаваў Генадзя ў "абшчак" - будынак, якi быў пабудаваны цагельным заводам для бескватэрнай моладзi.

Але не толькi сынава просьба станоўча паўплывала на Алега Сцяпанавiча, а i знаёмства з самiм Генадзем. Вiталiкаў бацька вопытным вокам ацанiў Генадзя: хлопец вясковы, неразбэшчаны, старэйшы за сына. Што яшчэ трэба? Чым не падпора сыну ў мутным i непрадказальным гарадскiм тлуме?

I Генадзь, якi быў старэйшы на чатыры гады за Вiталiка i якi меў "воўчы" бiлет, вызваляючы яго па стану здароўя ад войска, зрабiўся частым госцем у Вiталiка.

У сваю чаргу Вiталiк, асаблiва летам, пачаў бываць i ў Генадзевай вёсцы, начаваў i сталаваўся ў Генадзевых бацькоў. Яго вельмi здзiўляла вясковае харчаванне - сала, бульба, яйкi, малако. Ды i малако з яйкамi не заўсёды былi - то карова перад ацёлам не даiлася, то куры лiнялi i не неслiся.

Здзiўлялi i вясковыя вечарынкi - усю ноч, да ранiцы. Здзiвiла i самагонка - мутнаватая, смярдзючая, але п'ецца, як вада, не пячэ, не гарчыць.

Тут, у вясковым асяроддзi, ужо сам Вiталiк пачаў "прыхрамваць" - усё яму было нова, дзiўна i цiкава. Генадзь гэта заўважыў i, пры выпадку, паджартоўваў над сябрам. Падводзiў яго да слiвы i пытаўся:

- Што гэта, пане, бяроза цi лаза?..

На слiве не было пладоў, i Вiталiку цяжка было разабрацца, што гэта за дрэва, але ён хутка знаходзiў адказ:

- Ведаю дакладна, што гэта не елка...

А ўжо зiмой, iдучы з Вiталiкам па лесе, Генадзь адчуваў сябе перад сябрам, як прафесар перад першакурснiкам. Слядоў было столькi, што Вiталiк ледзь паспяваў пытацца:

- А гэта хто прабег? А там чые загагулiнкi? А вунь - быццам хто вяровачку паклаў на снезе! А вось тут!

Баль быў на Генадзевай вулiцы.

- Гэта табе не ў бiблiятэцы капацца ды чужыя думкi чытаць! Тут свая граматыка i арыфметыка!

* * *

Выпускныя экзамены Вiталiк вытрымаў паспяхова - сказалася яго агульная падрыхтоўка, разумна спланаваная бацькамi.

I хоць вучоба не вымагала вялiкай напругi, Вiталiк, пасля атрымання атэстата, псiхалагiчна адчуў палёгку на душы. У свае семнаццаць год ён не надта думаў пра перспектыву, пра тое, што наперадзе цэлае жыццё. Як i кожны ў яго ўзросце, ён жыў адным днём, радаваўся таму, што наперадзе лета, адпачынак, забавы. А там - будзе бачна, тым больш што даўно вырашана яго блiжэйшая будучыня - юрыдычны факультэт унiверсiтэта. Вiталiк i сам хацеў пайсцi па бацькавай дарозе - стаць прававедам.

Усё складвалася выдатна, давалася лёгка, як кажуць, надвор'е абяцала быць цёплым i бязвоблачным.

Вiталiкавы бацькi далi згоду на тое, каб сын у цесным сяброўскiм коле адзначыў дома заканчэнне школы, хаця Вiталiк настойваў на рэстаране.

Мацi, каб пераканаць сына, хiтрыла:

- Гэта ж i наша з бацькам свята! I для нас радасная падзея! У рэстаран мы з вамi не пацягнемся, а тут усе разам.

Вiталiк хацеў супярэчыць, але мацi запэўнiла яго:

- Не бойся, замiнаць не будзем! Павiншуем, пабудзем крыху i пакiнем вас адных...

Вiталiк сабраў самых блiзкiх сваiх сяброў - дзяўчат i хлопцаў, сярод якiх быў i Генадзь. Тут мацi ўпершыню ўбачыла, як сын залiхвацкi кульнуў чарку гарэлкi ў рот, i таўханула локцем мужа:

- Алег! Глянь, што ён робiць! Як ваду!

Вiталiк перахапiў бацькоўскi погляд i заспакоiў iх:

- Не бойцеся, я не п'янею! Ды i дзень сёння такi...

I сапраўды, Вiталiка гарэлка не дужа "брала". Яго высокi рост, крэпкi склад цела, добрае харчаванне былi як той моцны падмурак, на якiм можна смела ўзводзiць шматпавярховы будынак. Ды i нельга было сказаць, што Вiталiк шукаў сустрэчы з гарэлкай, захапляўся ёю. Не! Здаралася - выпiваў, не задумваючыся, добра гэта цi блага.

Таму ён гэтак шчыра i бясхiтрасна сказаў бацькам:

- Я не п'янею!

Пасля таго як моладзь разышлася i застаўся толькi Генадзь, Вiталiк падышоў да бацькоў:

- Вы не супраць, калi я на некалькi дзён матану з Генадзем у яго вёску?

Мацi, заўсёды спакойная i разважлiвая, на гэты раз неяк нервова схамянулася, быццам спужалася пытання.

- Ой, сынок, можа б, ты пабыў з намi! Адаспiся, аддыхайся...

Бацька падтрымаў сына:

- Самы раз ехаць! I надвор'е, i час спрыяюць гэтаму. Унiверсiтэцкiя экзамены не за гарамi, зноў падрыхтоўка, мiтусня. Едзь, сын, адпачнi!