Выбрать главу

* * *

Напэўна, i кампутарныя магчымасцi адстануць ад вясковага "лапцевага" тэлефона, якi iмгненна разносiць па навакольных вёсках любую навiну.

Таму пра Вiталiкавы наведваннi Генадзевай вёскi ведалi не толькi мясцовыя жыхары, а i ўся навакольная моладзь. Хлопец ён быў прыкметны, прыгожы, любiў выставiць сваё "я", але ж i былi для таго падставы.

Дзяўчаты, пачуўшы, што прыехаў гарадскi кавалер, больш старанна чапурылiся, апраналi лепшае. Хлопцы ў душы злавалiся, кулялi лiшнюю чарку для смеласцi i, пры выпадку, задзiралiся з няпрошаным сапернiкам, чапiлiся да яго, але да бойкi нi разу не дайшло - паяршацца хлопцы, панадзiмаюцца ды i сядуць на "адно" месца.

I гэты паслявыпускны прыезд Вiталiка ў вёску не застаўся без увагi.

- Ажаню я цябе тут! - жартаваў Генадзь. - Во будзе здорава: я - у горад на булкi, ты - у вёску каровам хвасты накручваць!..

Вечарынка пачыналася, як заўсёды, - пацiху, паволi збiралася моладзь, раскачвалася, прыглядвалася да чужых абновак, вытыркала наперад свае.

Хлопцы - i гэта, як закон, разыходзiлiся кучкамi па хатах, дварах, пiлi самагонку i ўжо пасля "ўлiвання", пачырванелыя, сунулiся ў драўляны клуб, якi ад астатнiх хат адрознiваўся толькi назвай.

Вiталiка вельмi здзiўляла не тое, што п'юць, - выпiваў i ён, а тое, што закусваюць цыбуляй. П'юць, ядуць сала з цыбуляй, накурацца, а потым лезуць да дзявочага носа з размовамi. Дзiва!

Да цыбулi ён перад вечарынкай не дакранаўся, а палiць - не палiў зроду.

Вечарынка раскручвалася нетаропка, затое як раскруцiцца - не спынiш. А калi яшчэ трапiць гарманiст, як той агонь, - танцоры не адчуваюць пад сабой падлогi, выкладваюцца ў кожным танцы да апошняга поту.

Памiж танцамi хлопцы дабаўлялi "гаручага" - паднiмалi градус у целе, i рабiлi гэта за ноч не адзiн раз.

Быў у гэтым i свой маленькi плюс, бо як рэнтген высвечвае хваробу, так i гарэлка высвечвае характар чалавека. Разумны - ён i п'яны разумны, а схаваная ў цвярозым чалавеку дурнота пасля першай жа шклянкi вылазiць наверх. Праз гэты "рэнтген" дзяўчаты даўно ведалi, хто чаго варты, i, думаючы пра будучыню, старалiся абыходзiць за вярсту занадта дурных. Але жыццё ёсць жыццё, i не дзяўчаты выбiраюць, а iх...

У адзiн з такiх дабавачных перапынкаў Генадзь пайшоў са сваёй дзяўчынай, а Вiталiка хлопцы зацягнулi ў суседнюю хату, дзе на стале з'явiлiся i самагонка, i сала. Хлопцы былi амаль усе знаёмыя i як адзiн падпiтыя.

Вiталiк знешне выглядаў цвяроза, але мутарнасць ад выпiтай самагонкi адчувалася. Пiць не вельмi хацелася, ды, як кажуць, цыган за кампанiю вешаецца.

Пачалi разлiваць па шклянках, выпiлi. Выпiў i Вiталiк. Сала не прывабiла укусiў скарыначку хлеба. Пасля выпiтага крыху павесялеў, але болей пiць не хацелася, i ён устаў, каб выйсцi на двор.

- Ты куды?! - загаманiлi хлопцы. - З намi дык з намi! Не дык не! Не горшыя за цябе!..

Вiталiк, каб не крыўдзiць астатнiх, бадзёра адказаў:

- З вамi! - i сеў на лаву.

- Налiць яму! Налiвай усiм! Банкуй!..

Вiталiк закрыў рукой шклянку:

- Мне хопiць гэтага... Хопiць, хлопцы... Не хачу!

- Што, прывык у бацькоў да сiтра?! Слабак! - пачулiся п'яныя галасы. Можа, соску прынесцi?

Вiталiк ускiпеў:

- Ды я болей за вас усiх вып'ю! Ды я не п'янею зусiм!

- Ха-ха-ха! - пачулася ў адказ.

- Ах, так! - i Вiталiк, устаючы, паказаў на крыху адпiты трохлiтровы слоiк самагонкi, якi стаяў "у рэзерве", памiж пустых i паўпустых пляшак. - Бачыце трохлiтровiк?! Я не адрываючыся апаражню гэты слоiк! Ну што, спорым?!

Усе загаманiлi, узрушылiся. Хто крычаў: "Куды табе!", хто: "Падумаеш, здзiвiў!"

- Глядзiце! - i Вiталiк, абхапiўшы далонямi слоiк, нахiлiў яго да рота i пачаў пiць.

Усе сцiхлi, акамянелi. Няўжо вып'е?

Спачатку глыткi былi вялiкiя, мутнаватая вадкасць жвава пералiвалася з пасудзiны ў Вiталiкаў рот, потым, калi паказаўся крайчык дна (значыць, палова адпiта), глыткi паменшалi i парадзелi, слоiк амаль перастаў нахiляцца. Вiталiк з цяжкасцю прымушаў сябе рабiць кожны глыток, але самалюбства не дазваляла спынiцца - прайграць спрэчку.

Вiталiк ужо не пiў, а цадзiў праз зубы самагонку, не адчуваючы нi яе паху, нi смаку. Цадзiў i думаў: "Я вам пакажу сiтро..."

Здавалася, што яшчэ крыху намаганняў i Вiталiк дацiсне да канца трохлiтровiк, але раптоўна рукi яго здрыганулiся i самагонка, запоўнiўшы поўнае горла, пацякла на грудзi. Вiталiк хiснуўся, неяк нязграбна i з цяжкасцю грукнуў слоiк аб стол, нiбы гэта была шматпудовая гiра, i памутнелымi, як гэта сiвуха, вачыма паглядзеў некуды скрозь хлопцаў.

- Нiчога, - ледзь дыхаючы, выцiснуў ён, - я зараз, я дап'ю... я яшчэ... i гэтак жа цяжка i гулка, як слоiк аб стол, бразнуўся на падлогу.

Усе ўскочылi з месцаў, нахiлiлiся над iм i спужалiся, працверазелi. Вiталiк выглядаў як нябожчык - белы, без крывiнкi твар, шырока адкрыты рот, вочы неяк страшна закацiлiся пад лоб.

Нехта крыкнуў:

- Вады!..

- Што вада? Малака! Кiслага малака!

Але малако вылiвалася з рота на падлогу...

У хату, смеючыся, увайшоў Генадзь.

- Што за шум без бойкi? Дзе мае сто грам?

Убачыў на падлозе свайго сябра i ледзь не самлеў.

- Што з iм?! Што?!

Пачуўшы пра дурны заклад, кiнуўся да Вiталiка, схiлiўся над iм, мацаў пульс.

- Жывы! Чую - пульсуе! Хоць слаба, але пульсуе! Хутчэй доктара! - закрычаў Генадзь i асекся...

Дзе той доктар?.. Блiжэйшы фельчар - ажно за сем вёрстаў, ды i ў таго, акрамя ваты, нiчога няма... Але што рабiць? Трэба ж шукаць ратаванне!