Выбрать главу

Слова не памірае, але не памірае і душа. Залатая іскрынка, яна выпырхне з цела і паімчыцца туды, да свайго Творцы, каб зліцца з ім у зіхоткім, асляпляльным ззянні.

Толькі трэба быць спакойнай і верыць у гэта.

Але як жа трымціць і курчыцца ў пякельным страху цела, якое жыве сваім жыццём і не хоча знікаць! І яна заплюшчыла вочы, з апошніх сіл стрымліваючы свой жах, сваё маладое жаданне жыць, нарадзіць дзіця, кахаць, і ў гэтым адчайным намаганні захлынулася даўкім, як камяк поўсці, дымам…

Кружылася неба. Яно пачынала кружыцца адразу, як толькі расплюшчвала вочы, і было дзіўна, што зоркі тут, у выраі, такія шалёна-нястрымныя. Над ёю нагінаўся адзін з Ашвінаў — сінія, як асенняя вада, вочы глядзелі трывожна, і яна прасіла:

— Трымай мяне!

Спрабавала ўхапіцца за яго, але нешта больш магутнае, чым яе і ягоныя намаганні, вырывала з рук крысо адзежыны, і зноў шалёна, да непрытомнасці, шпурляла ў бездань…

Але неяк яна ачнулася і зразумела, што ляжыць у небагатай святліцы на шырокай лаве, засланай мядзведжымі шкурамі. Ля паліцы ціха корпаецца са шклянкамі немаладая жанчына ў доўгай сукні і чорнай, з кутасамі, камізэльцы. Прыгледзеўшыся, пазнала яе — служанка суседзяў, часта сустракала яе на вуліцы то з кошыкам, то з берасцянкай. Напружыла памяць — і, успомніўшы, усклікнула. Ад таго, што зразумела, — гэта дом суседа Жадана.

— Ачомалася! — радасна ўсклікнула жанчына. — Ляжы, не рухайся, а то скура твая яшчэ толькі пачала зажываць!

Тады і адчула Жывена боль — такі жахліва-пранізлівы, такі раптоўны, як быццам ён толькі і чакаў, каб наваліцца і скруціць яе. Жанчына хуценька напаіла, прыўзняўшы галаву, адварам, у якім дзяўчына пазнала смак маку, і боль паступова, неахвотна пачаў аддаляцца.

Праз некалькі дзён даведалася яна, што ў тую ноч сусед Жадан спачатку кінуўся ратаваць ад агню не свой дом, а суседні. І нават не дом — уварваўшыся ўсярэдзіну, паўсюдна шукаў там Жывену. І вынес яе, ужо непрытомную. Толькі адышоўся на колькі крокаў ад ганка, як грымнуліся ўніз вогненна-зыркія, у дыме і полымі, кроквы, абарваўшы крыкі ці то Відэвута, ці то ягонай маці. Пачуўшы тое, здрыганулася дзяўчына — зразумела яна, што ў апошнюю хвіліну адрынуў былы каханы матчыну злую волю, захацеў жыць, хай сабе і калекам. Але было позна… Мураванку Жадана ратавала ўжо ўся вуліца, і ў рэшце рэшт удалося збіць ненажэрнага чырвонага пеўня, што ўжо дзёўб дах: задыхнуўся ён ад вады, што лілі на яго ледзь не цэлую ноч.

— А дзе твой гаспадар? — запыталася яна ў служанкі Вярбы.

— На паляванні. Збіраўся пазней, але ж давялося трохі ўсё зыначыць.

Жывена зразумела — гэта з-за яе. Хацеў, каб яна асвойталася ў ягоным доме.

За дзвярыма чуваць было нейкае драпанне. Праз адчыненыя дзверы ўбачыла яна сястру Жадана, якая сядзела на жоўтай падлозе і, высунуўшы ад стараннасці язык, нешта драпала на дошчачцы.

— Наша гаспадынька стараецца, у школку ходзіць, — злавіла яе позірк служанка.

Жывена ўспомніла, як некалі сама гэтак жа крэмзала цвёрдым жалезным свярдзёлкам па бяросце, а Святазар, яшчэ не такі згорблены і станчэлы, папраўляў ейную руку. Запыталася пра яго.

— Ён часта прыходзіць. Гэта ад яго напой. Упершыню бачу, каб так суцішаў боль, — патлумачыла Вярба, зноў даючы Жывене заспакаяльнага пітва. А пасля, калі яна абмазала спаленую на спіне і плячах скуру дзяўчыны мёдам і абкруціла белым прахалодным палатном, сказала, што гаспадар павінен прыйсці з пушчы толькі праз дзве сядміцы.

— А пакуль ты ў мяне будзеш гаспадыняй, так што загадвай, мая галубка, — дадала жанчына, і ў выцвілых вачах яе мільгануў гарэзлівы агеньчык.

Шмат пра што хацела ў яе запытацца Жывена, асабліва ж пра тое, чаму прынеслі яе ў гэты дом, ды запнулася. Успомніла позіркі Жадана, нясмелую ўсмешку на вуснах, якая так не пасавала да яго смелай, гордай постаці. Як увачавідкі ўбачыла паклоны, якімі вітаў пры сустрэчах, і румянак на шчоках, раптоўны і неадольны, якога відавочна саромеўся, — успомніла і падзівілася сама са сваёй безуважнасці і пэўнай слепаты.

— Ты не думай, галубка, што ён бедны і з простай чадзі. Не, ягоны дзед увесь гандаль новагародскі ў руках трымаў. Але аднойчы ўклаў усё багацце ў мяккую рухлядзь і хацеў, прадаўшы, мець добры прыбытак, ды абрабавалі на дняпроўскіх парогах-камянях ягоныя стругі. Дзед з гора і памёр, а за ім і бацька з маткай трапілі ў засаду, што таці падчас завалокаў* паміж князямі ўсчынялі. Добра, што хаця дом Жадану і яго сястры застаўся… — апавядала служанка.